§ 4. Сацыяльная камунікацыя

Паняцце сацыяльнай камунікацыі. Тэрмін «камунікацыя» (лац. сommunicatio — паведамленне, перадача) даўно ўвайшоў у паўсядзённы ўжытак і шырока прымяняецца ў розных сферах жыцця. Напрыклад, калі гавораць пра сістэму транспартных зносін, выкарыстоўваюць словазлучэнне «транспартная камунікацыя»; калі гаворка ідзе пра сістэму вода- і цеплазабеспячэння — словазлучэнне «інжынерныя камунікацыі». Такіх прыкладаў можна прывесці вельмі многа, але ва ўсіх выпадках агульнай прыметай выступае пэўная сістэма зносін (транспартная, камунальная) або перадача (распаўсюджанне) чаго-небудзь (вады, цяпла, электрычнасці і да т. п.).

Асаблівае значэнне ў грамадскім жыцці мае паняцце сацыяльнай камунікацыі, якая часцей за ўсё трактуецца як працэс узаемадзеяння паміж суб’ектамі (індывідамі, групамі, арганізацыямі і да т. п.) з мэтай перадачы ці абмену інфармацыяй. Такім чынам, можна вылучыць галоўныя асаблівасці сацыяльнай камунікацыі. Па-першае, гэта яе ўдзельнікі, якімі выступаюць сацыяльныя суб’екты. Па-другое, гэта сам змест камунікацыі, у якасці якой выступае інфармацыя.

Лічыцца, што самае галоўнае ў сацыяльнай камунікацыі — гэта перадача інфармацыі. Аднак часта сапраўдная мэта камунікацыі заключаецца не ў тым, каб падзяліцца якімі-небудзь звесткамі, а ў тым, каб пераканаць іншага чалавека ў справядлівасці сваёй пазіцыі і (або) заахвоціць яго да пэўнага ўчынку. На гэта, напрыклад, накіравана сучасная рэклама. З фармальнага боку, рэклама неабходна для таго, каб праінфармаваць спажыўца аб выпуску новай прадукцыі. Аднак у рэальнасці змест большасці рэкламных ролікаў мала падобны на простае інфармаванне спажыўцоў. Спецыялісты ў галіне рэкламы выкарыстоўваюць разнастайныя прыёмы, каб выклікаць у мэтавай аўдыторыі жаданне набыць тавар пэўнай маркі. Пры гэтым далёка не заўсёды асноўны змест рэкламы наогул звязаны з якімі-небудзь аб’ектыўнымі перавагамі прадукцыі.

У залежнасці ад мэты вылучаюць рэкламу, якая:

● інфармуе;

● пераконвае;

● нагадвае.

icon-task
Вызначце, да якога віду рэкламы можна аднесці прапанаваны малюнак. Сфармулюйце, чаму ў вучэбным дапаможніку ў якасці прыкладу размешчана сацыяльная рэклама, а не камерцыйная. Знайдзіце прыклады камерцыйнай рэкламы розных відаў.