*§ 3-1. Сацыяльныя статусы, ролі і мабільнасць

Сацыяльная мабільнасць. Сацыяльная структура грамадства не з’яўляецца застылай, у ёй пастаянна адбываюцца хістанні і перамяшчэнні, а значыць, ёй уласціва сацыяльная мабільнасць. Сацыяльная мабільнасць – гэта змяненне сацыяльнай групай або індывідам сваёй сацыяльнай пазіцыі. Тэрмін «сацыяльная мабільнасць» быў уведзены ў сацыялогію П. А. Сарокіным, які разглядаў сацыяльную мабільнасць як перамяшчэнне па сацыяльнай лесвіцы ў двух напрамках: вертыкальным – рух уверх і ўніз, гарызантальным – перамяшчэнне на адным і тым жа сацыяльным узроўні. У перыяды сацыяльных змен назіраецца масавая групавая мабільнасць. У стабільныя перыяды сацыяльная мабільнасць узрастае ў момант структурнай перабудовы эканомікі. У гэтым выпадку важным «сацыяльным ліфтам», які забяспечвае вертыкальную мабільнасць узыходзячага віду, выступае адукацыя. Сацыяльная мабільнасць уяўляе сабой даволі дакладны паказчык узроўню адкрытасці ці закрытасці грамадства. У сучасным грамадстве сацыяльная мабільнасць спараджае з’яву сацыяльнай маргінальнасці.

icon-discussions
Пры якіх дзвюх грамадскіх умовах, на думку аўтараў, адукацыя выступае важным «сацыяльным ліфтам»? Растлумачце любую з гэтых умоў.

Шляхі, па якіх адбываецца перамяшчэнне людзей з адных сацыяльных груп у другія, называюць каналамі сацыяльнай мабільнасці. Гэтыя каналы людзі імкнуцца выкарыстоўваць для ўзыходжання па ступенях сацыяльнай стратыфікацыі. Сярод асноўных каналаў можна вылучыць: эканоміку (можна прыкласці намаганні і стаць мільянерам); палітыку (стаць дзяржаўным лідарам); навуку (стаць доктарам навук); адукацыю (стаць прафесарам); армію (стаць генералам); рэлігію (стаць царкоўным іерархам); мастацтва (стаць вядомым мастаком); сродкі масавай інфармацыі (стаць уплывовым журналістам); сям’ю («выйсці замуж за прынца»).

Наяўнасць і характар сацыяльнай мабільнасці дазваляюць ацаніць грамадства як закрытыя і адкрытыя. Першыя – гэта грамадскія сістэмы, у якіх мабільнасць абцяжараная, а некаторыя яе віды забаронены (каставае і саслоўнае грамадства). Другія ўхваляюць і заахвочваюць сацыяльную мабільнасць, ствараюць умовы для руху суб’екта па сацыяльнай лесвіцы.

img

Няма ліфта да поспеху, вы павінны ўзняцца па лесвіцы.

icon-discussions
Пракаменціруйце наступнае выказванне з сацыяльных сетак, праілюстраванае дадзеным малюнкам: «Калі б я мог адпраўляць лісты ў мінулае, я напісаў бы Піцірыму Сарокіну і папрасіў бы яго назваць сацыяльны ліфт, напрыклад, лесвіцай».