Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

*§ 3-1. Сацыяльныя статусы, ролі і мабільнасць

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 10 клас
Падручнік: *§ 3-1. Сацыяльныя статусы, ролі і мабільнасць
Надрукаваны: Guest user
Дата: Пятніца 17 Травень 2024 5:39

Сацыяльны статус і статусны набор. Сацыяльныя дзеянні, якія здзяйсняе чалавек, у значнай ступені залежаць ад яго сацыяльнага статусу – месца, якое чалавек займае ў грамадстве і з якім звязаны пэўны набор правоў і абавязкаў. Статусны набор – гэта ўся сукупнасць статусаў, якія характарызуюць дадзеную асобу ва ўсёй разнастайнасці яе ўзаемадзеяння з іншымі людзьмі з пункту гледжання выканання ёю сваіх правоў і абавязкаў. У гэтым наборы вылучаюць прыроджаны статус – тое становішча, якое біялагічна належыць асобе ад нараджэння (пол, нацыянальнасць, раса), і прадпісаны статус – становішча, якое будзе прызнана грамадствам або групай. Прадпісаны статус з’яўляецца сацыяльна набытым, а дасягнуты статус – гэта становішча, якое чалавек атрымлівае дзякуючы сваім намаганням і свабоднаму выбару, а таксама дзякуючы выпадку або шанцаванню (напрыклад, выйгрыш у латарэю).

Змешаныя сацыяльныя статусы валодаюць прыметамі прадпісаных і набытых, але яны дасягаюцца не па жаданні чалавека. Напрыклад, у выніку эканамічнага крызісу чалавек робіцца беспрацоўным. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. многія дваране вымушаны былі выехаць з краіны або стаць чыноўнікамі, настаўнікамі.

Відавочна, што людзі валодаюць мноствам статусаў, бо належаць да мноства сацыяльных груп, прэстыж якіх у грамадстве неаднолькавы. Таксама можна сказаць, што чалавек глядзіць на свет і адносіцца да іншых людзей у адпаведнасці са сваім статусам. Галоўны статус чалавека вызначае яго пераважнае становішча – у адпаведнасці са статусам. Галоўны статус чалавека ў сучасным грамадстве – гэта, як правіла, прафесійны статус. У малой сацыяльнай групе асабістыя якасці і рысы характару, аўтарытэт, якім карыстаецца чалавек, вызначае яго асабісты статус. Прыналежнасць да вялікай сацыяльнай групы ў якасці прадстаўніка нацыі, канфесіі, узроставай, палавой групы характарызуе групавы статус.

Можна сцвярджаць, што асабістыя статусы звязаны з міжасобаснымі адносінамі, а сацыяльныя статусы звязаны з сацыяльнымі стасункамі. Асабістыя адносіны начальніка і падначаленага могуць быць выдатнымі, заснаванымі на ўзаемнай сімпатыі. Але калі падначалены дрэнна спраўляецца са сваёй прафесійнай роляй, не адпавядае статусу, яго звольняць. Начальнік і падначалены – сацыяльныя ролі.

Сацыяльная роля. Кожны чалавек звычайна мае шырокі набор статусаў, таму і роляў у яго таксама многа. Сукупнасць роляў, якія належаць канкрэтнаму чалавеку, называюць ролевым наборам.

icon-persona
Паводле Т. Парсанса, любая сацыяльная роля апісваецца наступнымі характарыстыкамі: эмацыйным бокам (адны ролі патрабуюць эмацыйнай стрыманасці, другія – раскаванасці), спосабам атрымання ролі (адны ролі прадпісваюцца, іншыя – заваёўваюцца), маштабам (ролі строга абмежаваны або размыты), ступенню фармалізацыі ролі (дзеянне па строга вызначаных правілах або адвольна), матывацыяй (арыентацыя на асабістую выгаду, на агульную карысць, на інтарэсы групы), структурай, якая ўключае апісанне тыпу паводзінаў, правілы паводзінаў, ацэнку выканання ролі, сістэму санкцый за парушэнне правілаў.
img
icon-task
Па аналогіі складзіце схему статуснага і ролевага набору канкрэтнага мужчыны.

Пры выкананні сацыяльных роляў, у якія ўкладваецца сістэма сацыяльных стасункаў і ўзаемадзеянняў дадзенага грамадства, могуць узнікаць такія сітуацыі, як ролевы канфлікт і дыстанцыраванне ад ролі. Ролевы канфлікт (у адносінах да аднаго суб’екта) узнікае ў сітуацыі несупадзення роляў пры наяўнасці некалькіх статусаў адначасова (напрыклад, сітуацыя Тараса Бульбы, калі ён забіў свайго сына Андрыя: у асобе Бульбы адначасова сышліся статусы бацькі і ваеннага праціўніка). Дыстанцыраванне ад ролі ўяўляе сабой свядомае парушэнне стратэгіі прадпісаных ролевых паводзінаў. Гэта сітуацыя трапляе пад азначэнне дэвіяцыі. Масавае дыстанцыраванне ад ролі можа служыць прыметай сацыяльнай напружанасці, патрабаваннем змяніць існуючыя правілы статусна-ролевай сістэмы.

Сацыяльная роля
Ролевае чаканне
(нормы, патрабаванні, правілы паводзінаў)
Ролевае выкананне
рэальныя паводзіны (выкананне або невыкананне правілаў, норм)
Ролевае напружанне
(цяжкасць, звязаная з няўдалым выкананнем ролі)

Ролевы канфлікт, віды ролевых канфліктаў

Канфлікт Характарыстыка
Унутрыролевы Канфлікт, пры якім патрабаванні адной і той жа ролі супярэчаць адно аднаму
Міжролевы Канфлікт, які ўзнік у сітуацыях, калі патрабаванні адной ролі супярэчаць патрабаванням другой
Асабіста-ролевы Патрабаванні сацыяльнай ролі супярэчаць інтарэсам і жыццёвым памкненням асобы
img
icon-task
Прааналізуйце комікс. Які ролевы канфлікт паказаны аўтарамі комікса? Якімі сродкамі?

Сацыяльная мабільнасць. Сацыяльная структура грамадства не з’яўляецца застылай, у ёй пастаянна адбываюцца хістанні і перамяшчэнні, а значыць, ёй уласціва сацыяльная мабільнасць. Сацыяльная мабільнасць – гэта змяненне сацыяльнай групай або індывідам сваёй сацыяльнай пазіцыі. Тэрмін «сацыяльная мабільнасць» быў уведзены ў сацыялогію П. А. Сарокіным, які разглядаў сацыяльную мабільнасць як перамяшчэнне па сацыяльнай лесвіцы ў двух напрамках: вертыкальным – рух уверх і ўніз, гарызантальным – перамяшчэнне на адным і тым жа сацыяльным узроўні. У перыяды сацыяльных змен назіраецца масавая групавая мабільнасць. У стабільныя перыяды сацыяльная мабільнасць узрастае ў момант структурнай перабудовы эканомікі. У гэтым выпадку важным «сацыяльным ліфтам», які забяспечвае вертыкальную мабільнасць узыходзячага віду, выступае адукацыя. Сацыяльная мабільнасць уяўляе сабой даволі дакладны паказчык узроўню адкрытасці ці закрытасці грамадства. У сучасным грамадстве сацыяльная мабільнасць спараджае з’яву сацыяльнай маргінальнасці.

icon-discussions
Пры якіх дзвюх грамадскіх умовах, на думку аўтараў, адукацыя выступае важным «сацыяльным ліфтам»? Растлумачце любую з гэтых умоў.

Шляхі, па якіх адбываецца перамяшчэнне людзей з адных сацыяльных груп у другія, называюць каналамі сацыяльнай мабільнасці. Гэтыя каналы людзі імкнуцца выкарыстоўваць для ўзыходжання па ступенях сацыяльнай стратыфікацыі. Сярод асноўных каналаў можна вылучыць: эканоміку (можна прыкласці намаганні і стаць мільянерам); палітыку (стаць дзяржаўным лідарам); навуку (стаць доктарам навук); адукацыю (стаць прафесарам); армію (стаць генералам); рэлігію (стаць царкоўным іерархам); мастацтва (стаць вядомым мастаком); сродкі масавай інфармацыі (стаць уплывовым журналістам); сям’ю («выйсці замуж за прынца»).

Наяўнасць і характар сацыяльнай мабільнасці дазваляюць ацаніць грамадства як закрытыя і адкрытыя. Першыя – гэта грамадскія сістэмы, у якіх мабільнасць абцяжараная, а некаторыя яе віды забаронены (каставае і саслоўнае грамадства). Другія ўхваляюць і заахвочваюць сацыяльную мабільнасць, ствараюць умовы для руху суб’екта па сацыяльнай лесвіцы.

img

Няма ліфта да поспеху, вы павінны ўзняцца па лесвіцы.

icon-discussions
Пракаменціруйце наступнае выказванне з сацыяльных сетак, праілюстраванае дадзеным малюнкам: «Калі б я мог адпраўляць лісты ў мінулае, я напісаў бы Піцірыму Сарокіну і папрасіў бы яго назваць сацыяльны ліфт, напрыклад, лесвіцай».

Жыццёвая стратэгія. Жыццёвая стратэгія – гэта асноўная лінія жыцця, абраная індывідам свядома, зыходзячы з яго ўяўленняў пра сэнс жыцця, каштоўнасці і вобраз будучага, а таксама з ацэнкі сваіх рэсурсаў і патэнцыялу. Гэта ўменне выкарыстоўваць свой час, энергію і рэсурсы дзеля дасягнення пастаўленай мэты. І нават у выпадку поспеху трэба будзе пастаянна карэкціраваць абраны курс.

Напрыкад, у сучасным грамадстве найбольшай мабільнасцю валодае моладзь, жыццёвыя стратэгіі якой маюць пэўныя асаблівасці. Яны фарміруюцца пад уплывам:

1) змены патэрналісцкай устаноўкі (дзяржаўнай апекі) на прыярытэтнасць асабістых намаганняў у сваім поспеху;

2) рацыяналізацыі дынамікі каштоўнасцей, зніжэння ўплыву ідэалагічных мэт і сродкаў, далёкіх ад уласных патрэб індывідаў;

3) пераходу да пераважна рыначных стасункаў, развіцця прыватнага прадпрымальніцтва;

4) масавай вышэйшай адукацыі, калі практычна ўвесь перыяд сацыялізацыі прыпадае на час навучання.

img
icon-task
Вызначце, праяву якой з пералічаных тэндэнцый у змяненні жыццёвых стратэгій пацвярджаюць даныя сацыялагічнага апытання. 

Сярод жыццёвых стратэгій сучаснай моладзі вучоныя вылучаюць дзве базавыя формы: канфармізм і нонканфармізм.

Па ступені і формах актыўнасці адносна сацыяльнага асяроддзя можна вылучыць: прыстасаванства, ізаляцыянізм (аўтанамізм), актывізм (можа быць накіраваны на развіццё сістэмы ці яе злом, радыкальную перабудову).