*§ 2-1. Сацыяльная структура грамадства

Маргіналы, люмпены. У любым грамадстве ёсць людзі, якія займаюць ва ўсталяванай сацыяльнай структуры спецыфічнае становішча.

Маргіналы (ад лац. marginalis – які знаходзіцца на краі) – гэта людзі з груп, што займаюць прамежкавае становішча паміж устойлівымі супольнасцямі. Маргіналізацыя як сацыялагічная з’ява азначае прамежкавасць, пагранічнасць становішча чалавека паміж якімі-небудзь сацыяльнымі групамі. Дадзенае паняцце з’явілася ў амерыканскай сацыялогіі ў 1920-я гады для абазначэння праблем адаптацыі імігрантаў да новых сацыяльных умоў. Маргіналы могуць як апускацца на дно грамадскага жыцця, так і паўторна ўкараняцца ў сацыяльную сістэму.

«Маргінальнасць – паняцце, якое характарызуе пагранічныя, прамежкавыя з’явы, сацыяльныя суб’екты і статусы, якія стаяць на мяжы культур. Маргіналізацыя мае на ўвазе разрыў, страту аб’ектыўнай прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай супольнасці без наступнага ўваходу ў іншую супольнасць або без поўнай адаптацыі ў ёй. Маргінал – гэта чалавек, які мае адносіны да дзвюх розных груп, пры гэтым не належыць ні да адной з іх цалкам… Суб’ектыўнае ўяўленне маргінала пра сябе і сваё аб’ектыўнае становішча супярэчлівае: ён пастаўлены ў сітуацыю барацьбы за выжыванне. Таму маргінальная асоба валодае шэрагам характэрных рыс: неспакоем, агрэсіяй, неапраўданым славалюбствам. Сацыяльныя паводзіны маргінала ствараюць складанасці як самому чалавеку, так і тым людзям, хто мае з ім зносіны. Доўгі час у сацыялогіі маргінальнасць ацэньвалася негатыўна. Апошнім часам сацыёлагі змянілі свае адносіны да яе, бо ўбачылі ў гэтай сацыяльнай з’яве станоўчы бок» (В. У. Мінаеў і інш.).

icon-discussions
Выкажыце здагадку, які бок маргінальнасці як сацыяльнай з’явы атрымаў станоўчую ацэнку сацыёлагаў. Прывядзіце прыклады станоўчага ўплыву маргіналаў на грамадства.

Да люмпенаў (ад ням. Lumpen – зношанае адзенне) адносяць людзей, якія апусціліся на дно грамадскага жыцця: валацуг, жабракоў, бяздомных.

icon-persona
Тэрмін быў уведзены нямецкім філосафам XIX ст. Карлам Марксам для абазначэння дэкласаваных пластоў насельніцтва (валацугі, жабракі, крымінальныя элементы і іншыя асацыяльныя асобы).

Сёння пад люмпенамі разумеюць асоб, якія не маюць уласнасці, жывуць выпадковымі заробкамі або не працуюць і жывуць на дзяржаўныя сацыяльныя дапамогі. Як правіла, гэта выхадцы з розных сацыяльных пластоў і класаў. Працэс павелічэння колькасці гэтай групы атрымаў назву люмпенізацыі насельніцтва.

icon-search
Азнаёмцеся з трыма гісторыямі бяздомных людзей на сайце праекта.
icon-task

Сфармулюйце прычыны, з-за якіх людзі пазбавіліся дома. Ці ёсць агульныя рысы, у чым заключаюцца адрозненні?

Вывучыце інтэрактыўную карту, дзе адзначаны дзяржаўныя і недзяржаўныя арганізацыі, якія дапамагаюць бяздомным людзям у Беларусі.

Знайдзіце ўстановы і ініцыятывы, якія дапамагаюць бяздомным у вашым рэгіёне. Даведайцеся, чым яшчэ можна дапамагчы.

У сучасным грамадстве з’яўляюцца таксама новыя азначэнні для людзей, не ўключаных ва ўстойлівыя групы. Брытанскі эканаміст і аналітык Гай Стэндынг у працы «Прэкарыят: новы небяспечны клас» (2011) апісвае новую пагрозу-выклік для свету, якая заключаецца ў хуткім фарміраванні і росце новага класа. Ён ужо атрымаў уласную назву – прэкарыят. Паходзіць яна ад англійскага слова precarious, што азначае «няўстойлівы», «нестабільны», і proletariat – пралетарыят.

На думку Г. Стэндынга, для людзей прэкарыяту асабліва характэрныя чатыры асноўныя адчуванні: пастаянная незадаволенасць сваім становішчам і жыццём наогул; анамія (страта арыенціраў у паўсядзённым існаванні); занепакоенасць і адчужэнне ад соцыуму. Галоўная характарыстыка прадстаўнікоў названага класа – статус «пастаянна» часова занятых. Гэтыя людзі могуць у любы момант стаць беспрацоўнымі.

Адсутнасць пастаяннага даходу або стабільнага заробку робіць іх становішча хранічна хісткім. На Захадзе для такога тыпу занятасці насельніцтва нават узнік спецыяльны тэрмін – McJobs (праца ў Макдональдсе). У сістэме сацыяльнай стратыфікацыі аўтар паставіў прэкарыят на перадапошнюю пазіцыю перад галечай, прадстаўнікі якой жывуць і паміраюць на вуліцах.

img
icon-task
Дапрацуйце схему. Апішыце сацыяльныя з’явы і рухі, базай для якіх могуць стаць маргіналы і люмпены.