§ 1. Грамадства як сістэма

Сацыяльныя групы. Непазбежныя ў грамадстве ўзаемадзеянні людзей спараджаюць канкрэтныя аб’яднанні людзей — непасрэднае сацыяльнае асяроддзе. Для абазначэння дадзенага асяроддзя выкарыстоўваюць паняцце сацыяльнай супольнасці. Сацыяльная супольнасць — гэта сукупнасць аб’яднаных па пэўнай прымеце людзей, якая выступае суб’ектам сацыяльнага ўзаемадзеяння.

Сацыяльныя супольнасці вылучаюцца вялікай разнастайнасцю відаў і форм. Напрыклад, калі браць у якасці крытэрыю працягласць існавання супольнасці, то можна пачынаць ад некалькіх хвілін і гадзін (пасажыры аўтобуса, тэатральная публіка) і заканчваць стагоддзямі і нават тысячагоддзямі (этнасы). Паводле якаснага складу вылучаюць як супольнасці, што складаюцца з некалькіх асоб, так і шматлікія масы. Па ступені сувязі паміж індывідамі параўнальна ўстойлівыя аб’яднанні (сем’і, нацыі) адрозніваюцца ад сітуацыйных, выпадковых, кароткачасовых утварэнняў (натоўп у метро, балельшчыкі на стадыёне, публіка на канцэрце).

Сацыяльныя супольнасці ўяўляюць сабой зоны рэальных сацыяльных узаемадзеянняў і даюць неабходны матэрыял для вывучэння канкрэтных грамадстваў. Найбольшую цікавасць для сацыялогіі ўяўляе сацыяльная група — устойлівая супольнасць людзей з наступнымі прыметамі: два і больш чалавек, агульныя інтарэсы і каштоўнасці, наяўнасць рэгулярнага ўзаемадзеяння членаў групы, чаканні адносна адзін аднаго, якія падзяляюцца кожным членам групы, адасобленасць ад іншых груп і аб’яднанняў.

Існаванне групы непарыўна звязана з выкананнем ёю сваіх сацыяльных функцый, да якіх належаць: мэтавызначэнне (група вызначае мэту для сваіх членаў); кантроль (у групе адсочваюцца прынятыя ў ёй паводзіны і мысленне ўдзельнікаў); сацыялізацыя (членаў групы навучаюць пэўным правілам паводзінаў, адпаведным яе мэтам і задачам).

icon-remember
Успомніце, што такое малая сацыяльная група. Чым адрозніваецца фармальная група ад нефармальнай?
icon-task
Вызначце, да якіх сацыяльных супольнасцей належаць людзі, адлюстраваныя на фотаздымках. У чым іх падабенства і адрозненне?

Вялікай сацыяльнай групай называецца шматлікая сукупнасць людзей, якія не маюць паміж сабой непасрэдных кантактаў, але аб’яднаны ўсведамленнем прыналежнасці да дадзенай групы, ладам жыцця, агульнай псіхалогіяй, звычаямі і традыцыямі: нацыя, сацыяльны клас, саслоўе. У якасці вялікай сацыяльнай групы можна таксама разглядаць моладзь.

Моладзь уяўляе сабой асаблівую сацыяльную групу, што вылучаецца ўзроставымі рамкамі і становішчам у грамадстве, якое прадугледжвае пераход ад дзяцінства і юнацтва да даросласці. Узроставыя межы маладосці не з’яўляюцца адназначнымі і вызначаюцца ў разнастайных даследаваннях ад 14–16 да 25–30 гадоў (а часам нават пазней). Згодна з беларускім заканадаўствам, моладзь — гэта сацыяльна-дэмаграфічная група (асобы ва ўзросце ад 14 да 31 года), якая валодае сукупнымі полаўзроставымі і сацыяльна-псіхалагічнымі асаблівасцямі і праходзіць стадыю сацыялізацыі ў канкрэтных умовах жыццядзейнасці грамадства.

img
icon-discussions
Якія асаблівасці маладога пакалення могуць быць праілюстраваны выказваннем, што прыпісваюць пісьменніку Марку Твену: «Калі мне было 14 гадоў, мой бацька быў настолькі дурны, што я з цяжкасцю вытрымліваў яго, але калі мне споўніўся 21 год, я быў здзіўлены, наколькі гэты стары чалавек за мінулыя сем гадоў паразумнеў»?

Колькасць сацыяльных груп, характар іх функцыянавання, развітасць міжгрупавых сувязей, важнасць і эфектыўнасць функцый, якія выконваюцца, — усё гэта можа сведчыць пра характарыстыкі таго або іншага грамадства.