§ 1. Грамадства як сістэма
Site: | Профильное обучение |
Course: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Book: | § 1. Грамадства як сістэма |
Printed by: | Guest user |
Date: | Friday, 13 September 2024, 5:28 AM |
Паняцце грамадства. Ужо мысліцелі старажытнасці зрабілі грамадства аб’ектам сваіх разваг, спрабуючы ўстанавіць законы і прынцыпы яго арганізацыі, растлумачыць характар і прыроду сумеснай жыццядзейнасці людзей. Такія развагі ажыццяўляліся ў межах міфалогіі, багаслоўя, філасофіі, але толькі ў XIX ст. сфарміравалася асобная самастойная навука пра грамадства — сацыялогія. Менавіта яна пачала фарміраваць разнастайныя тэорыі грамадства, распрацоўваць навуковыя метады яго вывучэння. Сацыялогія — гэта навука аб структуры, функцыях, формах і прынцыпах арганізацыі і развіцця грамадства як сацыяльнай сістэмы.
Грамадства — гэта ўстойлівая сістэма адносін паміж людзьмі, якая гістарычна склалася ў працэсе сумеснай жыццядзейнасці.
Асноўным паняццем сацыялогіі з’яўляецца «сацыяльнае» (інакш кажучы, міжчалавечае, сумеснае, агульнае). Адсюль і логіка сацыялагічнага разумення сутнасці грамадства як сацыяльнага прадукту, як выніку сумесных дзеянняў. Паколькі людзі ўзаемадзейнічаюць адзін з адным, большасць гэтых дзеянняў можна разглядаць як сацыяльныя.
Сацыяльнае дзеянне — гэта дзеянне, якое ўсведамляецца самім чалавекам, арыентавана на паводзіны іншых людзей і зразумела навакольным.
Напрыклад, мужчына прытрымаў дзверы і прапусціў перад сабой жанчыну; дзяўчына саступіла пажылой жанчыне месца ў грамадскім транспарце; маладыя людзі дапамаглі жанчыне з малым дзіцем у дзіцячай калясцы падняцца па лесвіцы. Усё гэта сацыяльныя дзеянні, бо яны носяць усвядомлены ўдзельнікамі і зразумелы для ўсіх характар. Пры гэтым матывы адных і тых жа дзеянняў у розных людзей могуць адрознівацца. Безумоўным з’яўляецца і тое, што падобныя матывы могуць спарадзіць розныя сацыяльныя дзеянні. Таму адна з асноўных задач сацыялогіі, на думку М. Вебера, — разуменне сацыяльнага дзеяння з мэтай тлумачэння яго прычын, працэсу ажыццяўлення і меркаванага выніку.
Абмен дзеяннямі паміж двума або больш удзельнікамі азначае, што адбываецца сацыяльнае ўзаемадзеянне. Калі ўзаемадзеянні паўтараюцца, то яны набываюць характар сацыяльных адносін.
Сферы жыцця грамадства і сацыяльныя інстытуты. Грамадства як устойлівая сістэма адносін паміж людзьмі складаецца з падсістэм, якія называюць сферамі грамадскага жыцця. Звычайна вылучаюць чатыры сферы: сацыяльную, эканамічную, палітычную, духоўную. Сферы жыцця грамадства — гэта не замкнёныя сістэмы, якія насяляюць розныя людзі, а адносіны адных і тых жа людзей у сувязі з рознымі бакамі іх жыцця. У кожнай са сфер грамадскага жыцця фарміруюцца спецыфічныя сацыяльныя інстытуты, з дапамогай якіх адносіны ў грамадстве набываюць устойлівы характар, упарадкоўваюцца і сістэматызуюцца. У дадзеным сэнсе сацыяльны інстытут падобны да паняцця «правілы гульні».
У сучаснай сацыялогіі пад сацыяльным інстытутам разумеюць форму арганізацыі сумеснай жыццядзейнасці людзей. Яе існаванне выклікана неабходнасцю задавальнення сацыяльных, эканамічных, палітычных, культурных ці іншых патрэб грамадства. Сацыяльныя інстытуты могуць уплываць на паводзіны людзей з дапамогай устаноўленых правіл, норм, санкцый.
Сям’я, вытворчасць, рэлігія, адукацыя, уласнасць, войска, дзяржава — гэта фундаментальныя сацыяльныя інстытуты, якія ўзніклі ў глыбокай старажытнасці і якія існуюць у цяперашні час. Кожны інстытут выконвае строга прадпісаную функцыю: абараняе, вырабляе, навучае і г. д.
Для выканання сваіх функцый сацыяльны інстытут стварае неабходныя ўстановы, у рамках якіх арганізуецца яго дзейнасць. Акрамя таго, кожны інстытут павінен валодаць неабходнымі сродкамі і рэсурсамі. Напрыклад, для функцыянавання інстытута медыцыны ствараюцца такія ўстановы, як бальніцы, навукова–даследчыя інстытуты і лабараторыі, узводзяцца будынкі, выдаткоўваюцца грашовыя сродкі і іншыя рэсурсы. Адзін інстытут можа ўдзельнічаць у выкананні некалькіх функцый у розных сферах грамадства. Напрыклад, інстытут шлюбу рэгулюе шлюбныя адносіны, удзельнічае ў рэгуляванні сямейных адносін і адначасова спрыяе рэгуляванню адносін уласнасці і інш.
Функцыі сацыяльных інстытутаў могуць змяняцца, знікаць і трансфармавацца ў новыя. Стан сацыяльных інстытутаў — паказчык устойлівасці сацыяльнай сістэмы. Калі сістэма стабільная, сацыяльныя інстытуты маюць зразумелыя і неабходныя функцыі. Напрыклад, сям’я як сацыяльны інстытут — гэта не канкрэтныя бацькі, дзеці і іншыя члены сям’і, а пэўная сістэма фармальных і нефармальных норм і правіл, на аснове якіх будуюцца сямейныя адносіны. Інстытут сям’і выконвае функцыі ўзнаўлення чалавечага роду і сацыялізацыі членаў грамадста.
Сацыяльныя групы. Непазбежныя ў грамадстве ўзаемадзеянні людзей спараджаюць канкрэтныя аб’яднанні людзей — непасрэднае сацыяльнае асяроддзе. Для абазначэння дадзенага асяроддзя выкарыстоўваюць паняцце сацыяльнай супольнасці. Сацыяльная супольнасць — гэта сукупнасць аб’яднаных па пэўнай прымеце людзей, якая выступае суб’ектам сацыяльнага ўзаемадзеяння.
Сацыяльныя супольнасці вылучаюцца вялікай разнастайнасцю відаў і форм. Напрыклад, калі браць у якасці крытэрыю працягласць існавання супольнасці, то можна пачынаць ад некалькіх хвілін і гадзін (пасажыры аўтобуса, тэатральная публіка) і заканчваць стагоддзямі і нават тысячагоддзямі (этнасы). Паводле якаснага складу вылучаюць як супольнасці, што складаюцца з некалькіх асоб, так і шматлікія масы. Па ступені сувязі паміж індывідамі параўнальна ўстойлівыя аб’яднанні (сем’і, нацыі) адрозніваюцца ад сітуацыйных, выпадковых, кароткачасовых утварэнняў (натоўп у метро, балельшчыкі на стадыёне, публіка на канцэрце).
Сацыяльныя супольнасці ўяўляюць сабой зоны рэальных сацыяльных узаемадзеянняў і даюць неабходны матэрыял для вывучэння канкрэтных грамадстваў. Найбольшую цікавасць для сацыялогіі ўяўляе сацыяльная група — устойлівая супольнасць людзей з наступнымі прыметамі: два і больш чалавек, агульныя інтарэсы і каштоўнасці, наяўнасць рэгулярнага ўзаемадзеяння членаў групы, чаканні адносна адзін аднаго, якія падзяляюцца кожным членам групы, адасобленасць ад іншых груп і аб’яднанняў.
Існаванне групы непарыўна звязана з выкананнем ёю сваіх сацыяльных функцый, да якіх належаць: мэтавызначэнне (група вызначае мэту для сваіх членаў); кантроль (у групе адсочваюцца прынятыя ў ёй паводзіны і мысленне ўдзельнікаў); сацыялізацыя (членаў групы навучаюць пэўным правілам паводзінаў, адпаведным яе мэтам і задачам).
Вялікай сацыяльнай групай называецца шматлікая сукупнасць людзей, якія не маюць паміж сабой непасрэдных кантактаў, але аб’яднаны ўсведамленнем прыналежнасці да дадзенай групы, ладам жыцця, агульнай псіхалогіяй, звычаямі і традыцыямі: нацыя, сацыяльны клас, саслоўе. У якасці вялікай сацыяльнай групы можна таксама разглядаць моладзь.
Моладзь уяўляе сабой асаблівую сацыяльную групу, што вылучаецца ўзроставымі рамкамі і становішчам у грамадстве, якое прадугледжвае пераход ад дзяцінства і юнацтва да даросласці. Узроставыя межы маладосці не з’яўляюцца адназначнымі і вызначаюцца ў разнастайных даследаваннях ад 14–16 да 25–30 гадоў (а часам нават пазней). Згодна з беларускім заканадаўствам, моладзь — гэта сацыяльна-дэмаграфічная група (асобы ва ўзросце ад 14 да 31 года), якая валодае сукупнымі полаўзроставымі і сацыяльна-псіхалагічнымі асаблівасцямі і праходзіць стадыю сацыялізацыі ў канкрэтных умовах жыццядзейнасці грамадства.
Колькасць сацыяльных груп, характар іх функцыянавання, развітасць міжгрупавых сувязей, важнасць і эфектыўнасць функцый, якія выконваюцца, — усё гэта можа сведчыць пра характарыстыкі таго або іншага грамадства.
1. На сваім прыкладзе канкрэтызуйце, членам якіх сацыяльных супольнасцей можа з’яўляцца чалавек.
2. Апішыце мастацтва як сацыяльны інстытут (з характарыстыкай яго элементаў: сфера дзейнасці, суб’екты, сродкі).
3. Прасачыце ўзаемасувязь розных сфер грамадскага жыцця ў наступнай сітуацыі: дзяржава выдаткавала фінансаванне на рэстаўрацыю сярэднявечнага замка.
Выканайце міні-праект «Ці лёгка быць маладым?». На якія пытанні і тэмы, што хвалююць маладых людзей, вы знялі б сёння фільм (запісалі падкаст, відэа) пад назвай «Ці лёгка быць маладым?»? Параўнайце свой выбар з тэмамі, якія падымаліся ў дакументальным фільме «Ці лёгка быць маладым?» (1986 г.). Якімі сродкамі на постары фільма перадаецца яго галоўная ідэя, мэсэдж?