§ 1. Грамадства як сістэма

Паняцце грамадства. Ужо мысліцелі старажытнасці зрабілі грамадства аб’ектам сваіх разваг, спрабуючы ўстанавіць законы і прынцыпы яго арганізацыі, растлумачыць характар і прыроду сумеснай жыццядзейнасці людзей. Такія развагі ажыццяўляліся ў межах міфалогіі, багаслоўя, філасофіі, але толькі ў XIX ст. сфарміравалася асобная самастойная навука пра грамадства — сацыялогія. Менавіта яна пачала фарміраваць разнастайныя тэорыі грамадства, распрацоўваць навуковыя метады яго вывучэння. Сацыялогія — гэта навука аб структуры, функцыях, формах і прынцыпах арганізацыі і развіцця грамадства як сацыяльнай сістэмы.

icon-persona
Упершыню слова «сацыялогія» (ад лац. societas — грамадства і грэч. λóγος — слова) было ўведзена ў навуковы ўжытак французскім мысліцелем XIX ст. Агюстам Контам. Вучоны меркаваў, што гэтая навука стане адзінай сапраўднай рацыянальнай нагодай для пераўтварэння грамадства ў бок гуманізму, справядлівасці і прагрэсу.

Грамадства — гэта ўстойлівая сістэма адносін паміж людзьмі, якая гістарычна склалася ў працэсе сумеснай жыццядзейнасці.

Асноўным паняццем сацыялогіі з’яўляецца «сацыяльнае» (інакш кажучы, міжчалавечае, сумеснае, агульнае). Адсюль і логіка сацыялагічнага разумення сутнасці грамадства як сацыяльнага прадукту, як выніку сумесных дзеянняў. Паколькі людзі ўзаемадзейнічаюць адзін з адным, большасць гэтых дзеянняў можна разглядаць як сацыяльныя.

Сацыяльнае дзеянне — гэта дзеянне, якое ўсведамляецца самім чалавекам, арыентавана на паводзіны іншых людзей і зразумела навакольным.

icon-persona
Нямецкі сацыёлаг Макс Вебер у 1890-я гады стварыў тэорыю сацыяльнага дзеяння. Ён вылучаў дзве ключавыя прыметы, паводле якіх дзеянне чалавека або групы людзей можна вызначыць як сацыяльнае. Па-першае, дзеянне павінна быць дастаткова ўсвядомленым, іншымі словамі, мець суб’ектыўны сэнс. Па-другое, яно па сэнсе, які надаюць яму дзеючыя асобы або асоба, павінна суадносіцца з дзеяннем іншых людзей і арыентавацца на яго.

Напрыклад, мужчына прытрымаў дзверы і прапусціў перад сабой жанчыну; дзяўчына саступіла пажылой жанчыне месца ў грамадскім транспарце; маладыя людзі дапамаглі жанчыне з малым дзіцем у дзіцячай калясцы падняцца па лесвіцы. Усё гэта сацыяльныя дзеянні, бо яны носяць усвядомлены ўдзельнікамі і зразумелы для ўсіх характар. Пры гэтым матывы адных і тых жа дзеянняў у розных людзей могуць адрознівацца. Безумоўным з’яўляецца і тое, што падобныя матывы могуць спарадзіць розныя сацыяльныя дзеянні. Таму адна з асноўных задач сацыялогіі, на думку М. Вебера, — разуменне сацыяльнага дзеяння з мэтай тлумачэння яго прычын, працэсу ажыццяўлення і меркаванага выніку.

Абмен дзеяннямі паміж двума або больш удзельнікамі азначае, што адбываецца сацыяльнае ўзаемадзеянне. Калі ўзаемадзеянні паўтараюцца, то яны набываюць характар сацыяльных адносін.