§ 20-1. Памылкі, выкліканыя парушэннем арфаграфічных норм
Практыкаванне 162-2
Прачытайце тэкст. Па якіх прычынах узнікаюць арфаграфічныя памылкі?
Ёсць правілы, на якія дапусціць памылкі ў напісанні можна толькі з-за няўважлівасці. Напрыклад, правапіс галосных о, э, а ў спрадвечнабеларускіх словах заснаваны на жывой фанетычнай заканамернасці нашай мовы — аканні: го́лас — галасы́, шэ́ры — шарава́ты. Ненаціскны [э] ў беларускім літаратурным вымаўленні захоўваецца ў іншамоўных неславянскіх словах у націскных складах. І гэта фанетычная заканамернасць, замацаваная правіламі правапісу, перадаецца на пісьме: рэфо́рма, о́рдэн. Аднак у гутарковай народна-дыялектнай мове паслядоўна дзейнічае фанетычны закон акання. Ён падпарадкоўвае свайму ўплыву ўсе словы, у тым ліку запазычаныя, і абумоўлівае памылкі ў напісанні: таорыя, атажэрка замест тэорыя, этажэрка.
Правілы напісання е, ё, я ў беларускай арфаграфіі сапраўды ўніверсальныя і лёгкія для засваення: у першым складзе перад націскам замест е, ё пішацца літара я, а ў астатніх ненаціскных складах захоўваецца е (лес — лясы́, вёска — вяско́вы). Але памылкі ўзнікаюць у напісанні слоў іншамоўнага паходжання: сякунда, мятро замест секунда, метро.
Лёгка дапусціць памылку ў напісанні каранёвага я не пад націскам. Вучні пішуць: светкаваць, заец (трэба: святкаваць, заяц).
Пры напісанні ў (нескладовага) паводле вымаўлення памылкі звычайна робяць ва ўласных назвах і імёнах: на Ўкраіне, Галіна Ўланава (правільна: на Украіне, Галіна Уланава).
Правапіс спалучэнняў галосных у сярэдзіне запазычаных слоў грунтуецца на наступнай фанетычнай заканамернасці: калі ў спалучэнні першым галосным з’яўляецца і або ы, то паміж ім і наступным галосным узнікае зычны [й], што перадаецца на пісьме (біёграф, варыянт). Але здараецца, што «інерцыя» гэтага правіла пачынае дзейнічаць пры напісанні слоў іншамоўнага паходжання са спалучэннямі, якія пачынаюцца не з і, ы, а з іншых галосных. У выніку дапускаюцца памылковыя напісанні: акардэён, фразеялогія замест акардэон, фразеалогія.
Пры недастаткова глыбокім засваенні правіл і адсутнасці ўстойлівага навыку напісання памылкі становяцца непазбежнымі (Паводле В. Бекіша).
Прааналізуйце прычыны ўласных арфаграфічных памылак, дапушчаных пры напісанні кантрольнага дыктанта ці пераказу.