Печатать книгуПечатать книгу

§ 20-1. Памылкі, выкліканыя парушэннем арфаграфічных норм

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 20-1. Памылкі, выкліканыя парушэннем арфаграфічных норм
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 29 Апрель 2024, 00:29

Практыкаванне 162-2

Прачытайце тэкст. Па якіх прычынах узнікаюць арфаграфічныя памылкі?

Ёсць правілы, на якія дапусціць памылкі ў напісанні можна толькі з-за няўважлівасці. Напрыклад, правапіс галосных о, э, а ў спрадвечнабеларускіх словах заснаваны на жывой фанетычнай заканамернасці нашай мовы — аканні: го́лас — галасы́, шэ́ры — шарава́ты. Ненаціскны [э] ў беларускім літаратурным вымаўленні захоўваецца ў іншамоўных неславянскіх словах у націскных складах. І гэта фанетычная заканамернасць, замацаваная правіламі правапісу, перадаецца на пісьме: рэфо́рма, о́рдэн. Аднак у гутарковай народна-дыялектнай мове паслядоўна дзейнічае фанетычны закон акання. Ён падпарадкоўвае свайму ўплыву ўсе словы, у тым ліку запазычаныя, і абумоўлівае памылкі ў напісанні: таорыя, атажэрка замест тэорыя, этажэрка.

Правілы напісання е, ё, я ў беларускай арфаграфіі сапраўды ўніверсальныя і лёгкія для засваення: у першым складзе перад націскам замест е, ё пішацца літара я, а ў астатніх ненаціскных складах захоўваецца е (лес — лясы́, вёска — вяско́вы). Але памылкі ўзнікаюць у напісанні слоў іншамоўнага паходжання: сякунда, мятро замест секунда, метро.

Лёгка дапусціць памылку ў напісанні каранёвага я не пад націскам. Вучні пішуць: светкаваць, заец (трэба: святкаваць, заяц).

Пры напісанні ў (нескладовага) паводле вымаўлення памылкі звычайна робяць ва ўласных назвах і імёнах: на Ўкраіне, Галіна Ўланава (правільна: на Украіне, Галіна Уланава).

Правапіс спалучэнняў галосных у сярэдзіне запазычаных слоў грунтуецца на наступнай фанетычнай заканамернасці: калі ў спалучэнні першым галосным з’яўляецца і або ы, то паміж ім і наступным галосным узнікае зычны [й], што перадаецца на пісьме (біёграф, варыянт). Але здараецца, што «інерцыя» гэтага правіла пачынае дзейнічаць пры напісанні слоў іншамоўнага паходжання са спалучэннямі, якія пачынаюцца не з і, ы, а з іншых галосных. У выніку дапускаюцца памылковыя напісанні: акардэён, фразеялогія замест акардэон, фразеалогія.

Пры недастаткова глыбокім засваенні правіл і адсутнасці ўстойлівага навыку напісання памылкі становяцца непазбежнымі (Паводле В. Бекіша).

Прааналізуйце прычыны ўласных арфаграфічных памылак, дапушчаных пры напісанні кантрольнага дыктанта ці пераказу.

Практыкаванне № 162-3

Выпішыце словы, напісанне якіх адпавядае арфаграфічным нормам.

Габелен — габялен, аллергія — алергія, буцерброд — бутэрброд, бухгалтэр — бухгалтар, вучылішча — учылішча, страўс — страус, афіцыант — афіцыянт, наводаль — наводдаль, роўнядзь — роўняць, сальфеджыо — сальфеджыа, пяшчынка — пясчынка, кар’ера — карьера, шэдэўр — шэдэвр, карысны — карыстны, дзверы — дверы, раменчык — раменьчык, опера — вопера, хрэсьбіны — хрэзьбіны.

Сфармулюйце арфаграфічныя правілы, якім падпарадкоўваецца правапіс выпісаных слоў.

Практыкаванне № 162-4

Складзіце слоўнікавы дыктант (35-40 слоў), уключыўшы ў яго словы з вывучанымі арфаграмамі.
Прадыктуйце словы вашаму аднакласніку.
Запішыце слоўнікавы дыктант, складзены ім.
Выканайце ўзаемаправерку.

КАНТРОЛЬНЫЯ ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Як перадаюцца на пісьме канцавыя ненаціскныя -эль, -эр у запазычаных словах?

2. У якіх словах літара я захоўваецца на пісьме незалежна ад націску?

3.У якім становішчы ў запазычаных словах пішуцца спалучэнні галосных іо, іа?

4. У якіх выпадках перад спалучэннямі зычных з першымі літарамі р, л пішацца прыстаўная галосная?

5. Як праверыць правільнасць напісання звонкіх і глухіх, шыпячых і свісцячых зычных?

6. У якіх словах пішацца ўстаўная літара в?

7. У якіх выпадках у запазычаных словах пішацца літара у?

8. Перад якімі суфіксамі і спалучэннямі суфіксальнага паходжання адбываюцца дзеканне і цеканне?

9. У якіх запазычаных словах адбываецца падаўжэнне зычных?

10. Як перадаецца спалучэнне зычных дт на канцы слоў іншамоўнага паходжання?

11. Калі ў прыметніках перад суфіксам -ск- пішацца мяккі знак?

12. У якіх выпадках словы Дом, Палац пішуцца з вялікай літары?

13. Як пішуцца словы са скарочанай пачатковай часткай поў- (паў-)?