Паэзія Алеся Гаруна
* Паэзія Алеся Гаруна
Як сталы пісьменнік Алесь Гарун сфарміраваўся далёка за межамі Беларусі — у Сібіры. Самым значным яго здабыткам з’яўляецца адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў «Матчын дар», які мае падзагаловак «Думы і песні» і прысвечаны маці паэта. Гэта кніга
павінна была ўбачыць свет яшчэ ў 1914 годзе, але Першая сусветная вайна затрымала выданне на чатыры гады.
«Матчын дар» з’яўляецца амаль поўным зборам твораў паэта нашаніўскага перыяду і адначасова пачаткам новага этапу развіцця беларускай літаратуры — паслянашаніўскага адраджэння. Зборнік вызначаецца разнастайнасцю інтанацый, шчодрасцю вобразнага свету, выяўленчых сродкаў і багаццем рытмічных форм.
|
Некаторыя вершы для зборніка «Матчын дар» дапрацоўваліся аўтарам. І адзін з іх — «Ты, мой брат, каго зваць Беларусам...» — напісаны яшчэ ў 1910 годзе. Першапачаткова верш называўся «Беларусам у чатырохлецце “Нашай нівы”».
Ужо з самага пачатку праз сяброўскі, свойскі зварот («Ты, мой брат, каго зваць Беларусам...») лірычны герой не імкнуўся ўзвысіцца, а размаўляў са сваім чытачом — простым беларусам — на роўных:
Ты, мой брат, каго зваць Беларусам, |
Твор закранае шмат тэм і праблем грамадска-палітычнага характару. Асноўны матыў верша — вызваленча-патрыятычны; паэт асэнсоўваў праблемы нацыянальнага самавызначэння і барацьбы з прыгнётам. Прычыны беднасці і сацыяльнай неўладкаванасці аўтар бачыў у тым, што «госцікі-герцы1» бессаромна разрабавалі Беларусь. Тым не менш лірычны герой верыць у магчымасць адраджэння, бо народ, які змог захаваць самае дарагое — родную мову, — не зможа загінуць.
Менавіта захаванне гэтай спадчыны, гэтага нацыянальнага кода павінна прывесці да адраджэння Беларусі і дапамагчы заслужыць пашану сярод іншых народаў.
|
Узор філасофскай лірыкі ў творчасці Алеся Гаруна — верш «Ідуць гады», які ўяўляе сабой своеасаблівы дыялог паміж дзвюма асобамі пра сэнс жыцця. Гэта вечнае пытанне, адказ на якое шукае кожны чалавек. Верш мае ярка выражаны элегічны характар і пабудаваны на траістасці, як і шмат іншых тэкстаў Алеся Гаруна, твораў вуснай народнай творчасці.
Ідэя верша ў тым, каб паказаць, што жыццё — няспынны працэс («Ідуць гады, ідуць гады, // І з імі ўсё на свеце. // Сягоння ты, а йшлі дзяды, // А заўтра пойдуць дзеці»), які заключаецца ў гармоніі з навакольным светам і атрыманні асалоды для сябе і іншых. Філасафічнасць паэтычнага слова мастака натуральна спалучалася з высокім гуманізмам яго твораў.
Будзе праціўнік пабіты ляжаць, — |
Алесь Гарун быў таксама выдатным празаікам і драматургам. Яго проза абапіралася на нацыянальныя традыцыі і ўзбагачала скарбніцу беларускага прыгожага пісьменства новымі формамі і тэмамі.
У сваіх апавяданнях («Першы снег», «Пан Шабуневіч», «Маладое», «Чалавек без крыві», «Свята», «П’ера і Каламбіна» і інш.) закранаў філасофскія пытанні выжывання асобы ва ўмовах сацыяльнага ўціску, нацыянальнага бяспраўя. Часта пісьменнік узнімаўся над часам і канкрэтным месцам, разважаючы над агульначалавечымі праблемамі.
|
Для дзяцей быў напісаны зборнік п’ес «Жывыя казкі», куды ўвайшлі «Хлопчык у лесе», «Шчаслівы чырвонец» і «Дзіўны лапаць, або Не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць». У драматычных творах аўтар змог спалучыць народныя казачныя набыткі з уласнымі літаратурнымі знаходкамі. Алесь Гарун стварыў вобразы, якія адпавядаюць беларускім ідэалам справядлівасці і прыгажосці.
Паэт пражыў складанае, поўнае трагедый жыццё. Яго творчасць вызначалася шматпланавасцю. Максім Гарэцкі ў «Гісторыі беларускае літаратуры» адзначаў: «Яго (Алеся Гаруна. — Аўт.) паэзію спарадзілі мукі душы...; гэта — не пісанне для другіх, не творчасць для чужога вока і для свае прыемнасці, а гэта — балючыя развагі паэта з самім сабою, жаданне ўцішыць боль, запісанае на паперу для самога сябе».
Аналізуючы рытміка-інтанацыйную і моўна-стылёвую характарыстыку верша «У прыпар», Максім Гарэцкі зрабіў заўвагі, якія ў поўнай меры можна аднесці да ўсёй творчасці паэта: «Спачатку кароткія... аднаслоўна-трывожныя, як перад гразою, радкі, якія спараджаюць гром».
Наш сучаснік Пятро Васючэнка заўважыў яшчэ адну цікавую рысу паэзіі Алеся Гаруна: «Ноч — улюбёны час медытуючага лірычнага героя Алеся Гаруна, у адрозненне ад “вечаровага” настрою лірыкі Максіма Багдановіча».
Значнасць творчасці Алеся Гаруна для беларускай пазіі яшчэ ў 1920-я гады акрэсліў Адам Бабарэка ў працы «Да “Думак і нататак аб беларускай літаратуры”»: «Багушэвіч адкрыў нам, што мы гаворым не проста, а беларускай мовай і што яна мае правы, як іншыя мовы, на развіццё.
Неслухоўскі (Янка Лучына. — Аўт.) адкрыў, што праз паэта гаворыць народ, што праз яго ён выказвае свету свае гора і радасць і свае думкі.
Я. Купала адкрыў, што мы беларусы і што мы знаходзімся ў немагчымых умовах жыцця, што мы людзі, хоць і мужыкі, і маем права як такія на лепшае жыццё.
Я. Колас адкрыў нам, што наш край прыгожы і што ў ім ёсць сілы, свежыя крыніцы для таго, каб уладзіць, збудаваць жыццё прыгажэй і лепей.
М. Багдановіч адкрыў нам прыгожасць нашай песні, а таксама пазнаёміў нас з культурнымі формамі і мыслямі аб свеце і жыцці.
А. Гарун адкрыў, што прырода — найлепшы настаўнік у жыцці і што жыццё — у працы і змаганні».
Літаратурная спадчына Алеся Гаруна, у якой шмат увагі надавалася асэнсаванню гісторыі, агульначалавечым праблемам (свабодзе, справядлівасці, месцу чалавека ў свеце, міласэрнасці), актуальная і да нашага часу. Паэт дае ўзоры мужнасці, самаахвярнасці і годнасці.
|
___________________________________
1 Ге´рцы — махляры, марнатраўцы.