ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Верлібр і вольны верш

Верлібр і вольны верш

Верлібр і вольны верш

Верлібр узнік у ХІХ стагоддзі ў амерыканскай і еўрапейскай літаратурах. Шырокае распаўсюджанне атрымаў у паэзіі ХХ стагоддзя. Самы вядомы з пачынальнікаў гэтага жанру ў беларускай літаратуры — Максім Багдановіч («Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...», «Ты доўга сядзела за сталом...», «Халодная, ясная ноч...» і інш.). Традыцыі Максіма Багдановіча па стварэнні верлібраў былі пераняты сучаснымі аўтарамі. Верлібр часцей за ўсё выкарыстоўваецца ў творах філасофскай і інтымнай лірыкі.

Верлібр, або свабодны верш (ад фр. vers libre — ‘свабодны верш’), —  верш, у якім адсутнічаюць рыфма і чаргаванне націскных і ненаціскных складоў.

У верлібры кожны вершаваны радок можа ўтрымліваць розны парадак чаргавання націскных і ненаціскных складоў і розную іх колькасць, часам адсутнічае і рыфма. Тым не менш гэта сістэма характарызуецца рытмічнасцю, толькі рытмы змяняюцца і змешваюцца ў творы. Інтанацыяй, інтанацыйнымі і сэнсавымі паўторамі забяспечваецца аднароднасць рытмічнай арганізацыі верша.

Часам верлібр адносяць да празаічных твораў, але гэта не зусім дакладна, бо графічны падзел аўтарам на радкі, рытмічная арганізацыя даюць устаноўку на ўспрыманне твора як вершаванага. Таксама для верлібра характэрна багацце і гнуткасць паэтычнага сінтаксісу — адмысловых рытарычных фігур (сінтаксічны перыяд, а таксама пералічэнне, супастаўленне, супрацьпастаўленне).

Верлібр яшчэ называюць свабодным вершам — і з гэтай прычыны яго часта атаясамліваюць з вольным вершам. Вольны верш мае пэўныя адрозненні ад свабоднага.

Вольны верш — від рыфмаванага сілаба-танічнага верша з няроўнай колькасцю стоп у радку.

Такая форма не прадугледжвае захаванне страфічнай будовы (слупкоў) і перадае размоўную інтанацыю, дыялагічнасць. Часта вольным вершам пішуцца байкі, таму яго яшчэ называюць баечным вершам.

Вольны верш атрымаў распаўсюджанне ў ХVІІІ стагоддзі ў рускай паэзіі (Міхаіла Ламаносава, Міхаіла Хераскава і інш.). У беларускай літаратуры вольны верш выкарыстоўвалі Максім Танк, Кандрат Крапіва, Эдуард Валасевіч, Уладзімір Корбан і іншыя паэты.