§ 7. Асабістая інфармацыйная прастора і ахова інфармацыі

7.3. Персанальныя даныя

Актуальным з’яўляецца пытанне аховы персанальных даных (прыклад 7.2).

Да асноўных персанальных даных належаць: прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, пол, дзень, месяц, год нараджэння, месца нараджэння, даныя пра грамадзянства (падданства), лічбавы фотапартрэт, даныя пра рэгістрацыю па месцы жыхарства і (ці) месца знаходжання, даныя пра смерць ці абвяшчэнне фізічнай асобы памерлай, прызнанне невядома адсутнай, недзеяздольнай, абмежавана дзеяздольнай.

Дадатковыя персанальныя даныя — даныя пра бацькоў, апекуноў, сямейнае становішча, жонку, дзіця (дзяцей) фізічнай асобы, пра вышэйшую адукацыю, навуковую ступені, навукова званне, пра род заняткаў, падатковыя абавязкі.

Да асабістай тайны могуць быць залічаны звесткі, выкарыстанне якіх без згоды зацікаўленых асоб можа прынесці шкоду маральным і маёмасным інтарэсам грамадзян, у іх ліку: звесткі пра здароўе, сямейныя адносіны; пра акалічнасці нараджэння, усынаўлення, разводу; звесткі пра асабістыя прывычкі і схільнасці; асабістая перапіска і карэспандэнцыя, дзённікавыя, тэлефонныя, тэлеграфныя, відэа, аўдыё і іншыя віды захавання інфармацыі; звесткі пра маёмаснае становішча, крыніцы даходаў; пра дзейнасць, якая змяшчае камерцыйную тайну; пра інтэлектуальную ўласнасць (аўтарскае права, вынаходніцкае і патэнтавае права, права на навуковыя адкрыцці); звесткі, разгалашэнне якіх стварае пагрозу асабістай бяспецы грамадзян, бяспецы членаў іх сем’яў і маёмасці; пра ўдзел грамадзян у дзеяннях судова-следчых органаў у якасці сведкаў і г. д., а таксама пра абвінавачванне ў злоўжываннях уладай ці службовым становішчам і інш.

Асновы прававой аховы асабістай інфармацыі закладзены ў артыкуле 28 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якой кожны мае права на ахову ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на гонар і годнасць1.

Паводле артыкула 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, ніхто не павінен прымушацца да дачы сведчанняў і тлумачэнняў супраць самога сябе, членаў сям’і ці блізкіх сваякоў. Доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы.

_______________

1 Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь // https//www.pravo.by/pravovaya-informasiya/normativnye-documenty/konstitutsiya-respubliki-belarus (дата доступу: 10.03.2020).

Прыклад 7.2. Персанальныя даныя, якія праходзяць аўтаматычную апрацоўку, павінны быць:

•  атрыманы і апрацаваны добрасумленным і законным чынам;
•  захаваны для дакладна вызначаных і законных мэт і не могуць выкарыстоўвацца ў супярэчнасці з гэтымі мэтамі;
•  адэкватнымі і не залішнімі ў дачыненні да мэт, для якіх яны назапашваюцца, павінны датычыцца справы;
•  дакладнымі і ў выпадку неабходнасці абнаўляцца;
•  захаванымі ў такой форме, якая дазваляе ідэнтыфікаваць суб’ектаў даных не даўжэй, чым гэтага патрабуе мэта, для якой адпаведныя даныя запасяцца.

Персанальныя даныя пра нацыянальную прыналежнасць, рэлігійныя ці іншыя перакананні, а роўна персанальныя даныя, якія датычацца здароўя і інш., могуць быць аўтаматычна апрацаваныя толькі ў тых выпадках, калі нацыянальнае права прадугледжвае належныя гарантыі.

Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях(ПВКоАП)2 не змяшчае агульных норм пра адказнасць за разгалашэнне персанальных даных ці звестак пра прыватнае ці асабістае жыццё асобы.

Разам з тым артыкул 22.13

ПВКоАП прадугледжвае адказнасць за наўмыснае разгалашэнне камерцыйнай ці іншай ахоўваемай законам тайны без згоды яе ўладальніка асобай, якой такая камерцыйная ці іншая тайна вядома ў сувязі з яе прафесійнай ці службовай дзейнасцю, калі гэта дзеянне не выклікае крымінальнай адказнасці.

Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь (КК) у артыкуле 179 прадугледжвае адказнасць за незаконнае збіранне або распаўсюджванне звестак пра прыватнае жыццё, што складаюць асабістую і сямейную тайну іншай асобы, без яе згоды, якія пацягнулі прычыненне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелага. КК змяшчае шэраг норм пра адказнасць за разгалашэнне пэўных прафесійных тайн (разгалашэнне тайны ўсынаўлення, удачарэння) — арт. 177, разгалашэнне медыцынскай тайны — арт. 178 і інш.)3.

Чалавек мае права адмовіцца ад дачы сведчанняў супраць сябе, членаў сям’і ці блізкіх сваякоў. Калі ён усё ж пажадае даць сведчанні, то павінен ведаць пра адказнасць за дачу загадзя непраўдзівых сведчанняў (арт. 401 КК РБ).

_______________

2  Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях www.pravo.by/document/?quid=3871&p0=HK0600194 (дата доступу: 10.03.2020).

3  Інфармацыйны партал «Ваша права» — https://vashepravo.by/chelovek-i-zakon/razglashenie-dannyix.html (дата доступу: 25.01.2020).