Печатать книгуПечатать книгу

§ 7. Асабістая інфармацыйная прастора і ахова інфармацыі

Сайт: Профильное обучение
Курс: Інфармацыйныя тэхналогіі. 10 клас (Базавы ўзровень)
Книга: § 7. Асабістая інфармацыйная прастора і ахова інфармацыі
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 2 Май 2024, 14:57

7.1. Арганізацыя асабістай інфармацыйнай прасторы

Адна з асноўных кампетэнцый сучаснага грамадства — уменне працаваць з інфармацыяй.

Інфармацыйныя рэсурсы з’яўляюцца найважнейшым складальнікам інфармацыйнай прасторы кожнай асобы, а таксама фактарам, які вызначае развіццё грамадства ў цэлым. Сучасная рэчаіснасць прад’яўляе павышаныя патрабаванні да своечасовасці, дакладнасці і паўнаты інфармацыі, без якой немагчымая эфектыўная дзейнасць.

Інфармацыйныя рэсурсы, даступныя карыстальніку пры рабоце на камп’ютарных інструментах, называюць асабістай інфармацыйнай прасторай карыстальніка.

Асабістая інфармацыйная прастора з’яўляецца абавязковым атрыбутам сучаснага чалавека, а навыкі па яе фарміраванні можна разглядаць як важныя інфармацыйныя кампетэнцыі.

У выпадку калі камп’ютарнае ўстройства не падключана да Інтэрнэту, асабістая інфармацыйная прастора абмежавана толькі тымі праграмамі і данымі, якія змешчаны на гэтым камп’ютары. Калі ж маецца магчымасць падключэння да Інтэрнэту, інфармацыйная прастора карыстальніка становіцца практычна бязмежнай.

Для эфектыўнага ўжывання камп’ютарных устройстваў важна правільна сфарміраваць індывідуальную інфармацыйную прастору, г. зн:

•  устанавіць праграмнае забеспячэнне;
•  забяспечыць падключэнне да Інтэрнэту;
•  наладзіць індывідуальны інтэрфейс;
•  забяспечыць доступ да воблачных сховішчаў і вэб-сэрвісаў;
•  стварыць і захаваць неабходныя дакументы;
•  прадумаць структуру каталогаў для захоўвання файлаў з дакументамі.

Пры арганізацыі індывідуальнага інтэрфейсу важна наладзіць:

•  хуткасць доступу да інфармацыйных рэсурсаў;
• карыстальніцкі інтэрфейс перыферыйных устройстваў і праграмнага забеспячэння;
• хуткасць работы камп’ютарнага ўстройства.

Акрамя інфармацыйных рэсурсаў, кампанентамі інфармацыйнай прасторы з’яўляюцца:

•  сродкі інфармацыйнага ўзаемадзеяння — сродкі тэлекамунікацый на ўзроўні аб’яднання камп’ютарных сетак і сродкаў рознага віду сувязі (тэлефоннай, тэлевізійнай, спадарожнікавай);
•  комплексы, якія выкарыстоўваюць гэтыя сродкі, могуць аб’ядноўвацца ў сістэмы перадачы/прыёму для інфармацыйнага забеспячэння грамадства;
•  інфармацыйная інфраструктура — сістэма арганізацыйных структур, падсістэм, якія забяспечваюць функцыянаванне і развіццё інфармацыйнай прасторы краіны і сродкаў інфармацыйнага ўзаемадзеяння.

Асноўныя функцыі інфармацыйнай прасторы:

1.  Інтэгрыруючая. Прастора інфармацыі аб’ядноўвае ў адзінае сацыякультурнае і прасторава-камунікатыўнае асяроддзе разнастайныя віды дзейнасці чалавека.

2.  Камунікатыўная. Інфармацы-йная прастора ўтварае асяроддзе інтэрактыўнай, мабільнай камунікацыі розных суб’ектаў дзейнасці для інфармацыйнага абмену.

3.  Геапалітычная. Прастора інфармацыі стварае ўласныя рэсурсы, істотна змяняе значнасць традыцыйных рэсурсаў, што спрыяе стварэнню новага асяроддзя канкурэнцыі і геапалітычных адносін.

4. Актуалізуючая. У інфармацыйнай прасторы ажыццяўляецца актуалізацыя інтарэсаў розных суб’ектаў дзейнасці з дапамогай рэалізацыі імі інфармацыйнай палітыкі.

7.2. Інфармацыйная бяспека асобы

У цяперашні час адбываецца не толькі значны рост колькасці і якасці інфармацыйных рэсурсаў, але і выкід у інфармацыйную прастору залішняй, шмат у чым скажонай і недакладнай інфармацыі.

Усё гэта абвастрае праблему забеспячэння інфармацыйнай бяспекі асобы і робіць яе выключна надзённай і актуальнай.

Бяспека асобы — стан абароненасці яе жыццёва важных інтарэсаў (сукупнасць патрэбнасцей, задавальненне якіх забяспечвае існаванне і магчымасць прагрэсіўнага развіцця асобы) ад унутраных і знешніх пагроз.

Прынцыпы інфармацыйнай бяспекі (прыклад 7.1) закліканы забяспечыць задавальненне інфармацыйных патрэбнасцей чалавека і яго бяспечнае існаванне ў інфармацыйным асяроддзі.

Небяспечнай крыніцай пагроз інтарэсам асобы з’яўляецца выкарыстанне на шкоду яе персанальных даных, якія запасяцца рознымі структурамі, а таксама пашырэнне магчымасці бяспекі, прадухілення іх рэалізацыі, спынення і ліквідацыі наступстваў рэалізацыі такіх пагроз.

Адным са складальнікаў жыццёва важных інтарэсаў чалавека ў інфармацыйнай прасторы з’яўляецца патрэбнасць быць агароджаным ад непраўдзівай, дэфектнай, фальсіфікаванай і іншай шкоднай інфармацыі, якая ўяўляе пагрозу для яго існавання і прагрэсіўнага развіцця. Задавальненне гэтых патрэбнасцей з’яўляецца канстытуцыйным правам кожнага чалавека і грамадзяніна пры ўмове, што гэта права ажыццяўляецца законным спосабам.

Перашкаджэнне задавальненню законных інфармацыйных інтарэсаў чалавека ўяўляе сабой пагрозу яго інфармацыйнай бяспецы. У сувязі з гэтым асаблівае значэнне набываюць адказныя паводзіны ўсіх удзельнікаў інфармацыйных працэсаў, а таксама выпрацоўка агульных правіл камунікацыі ў інфармацыйнай прасторы, заснаваных на прызнанні ідэнтычнасці правоў і абавязкаў у існай рэальнасці (фізічным свеце) і віртуальнай прасторы.

У нашай краіне распрацавана «Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь», якая забяспечвае комплексны падыход да праблемы інфармацыйнай бяспекі.

У канцэпцыі пытанне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі разглядаецца як сістэма мер прававога, арганізацыйна-тэхнічнага і арга-нізацына-эканамічнага характару па выяўленні пагроз інфармацыйнай бяспекі, прадухіленні іх рэалізацыі, спыненні і ліквідацыі наступстваў рэалізацыі такіх пагроз.

Асноўнай мэтай дзяржаўнай палітыкі ў галіне забеспячэння бяспекі інфармацыйных рэсурсаў з’яўляецца захаванне іх даступнасці, цэласнасці і прыватнасці.

Прыклад 7.1. Прынцыпы інфармацыйнай бяспекі.

1.  Цэласнасць інфармацыйных даных. Азначае здольнасць інфармацыі захоўваць першапачатковы выгляд і структуру як у працэсе захоўвання, так і пасля неаднаразовай перадачы. Уносіць змяненні, выдаляць ці дапаўняць інфармацыю мае права толькі ўладальнік ці карыстальнік з легальным доступам да даных.

2.  Канфідэнцыяльнасць. Характарыстыка, якая паказвае на неабходнасць абмежаваць доступ да інфармацыйных рэсурсаў для пэўнага круга асоб. У працэсе дзеянняў і аперацый інфармацыя становіцца даступнай толькі карыстальнікам, якія паспяхова прайшлі ідэнтыфікацыю.

3.  Даступнасць. Азначае, што інфармацыя, якая знаходзіцца ў свабодным доступе, павінна падавацца паўнапраўным карыстальнікам рэсурсаў своечасова і бесперашкодна.

4.  Дакладнасць. Паказвае на прыналежнасць інфармацыі даверанай асобе ці ўладальніку, які адначасова выступае ў ролі крыніцы інфармацыі.

Савет ААН па правах чалавека апублікаваў даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. У дакладзе былі прааналізаваны агульнасусветныя праблемы, звязаныя з замахам на недатыкальнасць прыватнага жыцця.

Савет па правах чалавека і Генеральная Асамблея ААН, ацэньваючы тэмпы развіцця тэхналогій, мяркуюць, што ў хуткім часе дзяржавы і камерцыйныя прадпрыемствы змогуць ажыццяўляць сачэнне ў вялікіх маштабах, аналізаваць і прагназаваць паводзіны людзей.

У дакладзе ААН адзначана, што адным з галоўных элементаў дзяржаўнай сістэмы аховы недатыкальнасці прыватнага жыцця павінны стаць законы, якія ўстанаўліваюць стандарты апрацоўкі асабістай інфармацыі. Апрацоўка асабістых даных павінна быць справядлівай, законнай і праводзіцца на падставе згоды асоб, чые даныя апрацоўваюцца. Дзяржавы павінны стварыць незалежныя наглядныя органы ў сферы апрацоўкі асабістых даных.

Міжнародныя дакументы абавязваюць краіны прымаць належныя меры для аховы персанальных даных, назапашаных у аўтаматызаваных базах даных, ад выпадковага ці несанкцыянаванага разбурэння ці выпадковай страты, ад несанкцыянаванага доступу, змянення ці распаўсюджвання.

Кампаніі і дзяржавы ўвесь час абменьваюцца асабістымі данымі, і практычна немагчыма адсачыць, хто і якой інфармацыяй пра людзей валодае.

Укараняюцца сістэмы для збору і выкарыстання біяметрычных даных — ДНК, геаметрыі твару, голасу, адпячаткаў пальцаў, узору сятчаткі і радужнай абалонкі вока. Камеры відэаназірання з сістэмай аўтаматычнага распазнання твараў для пошуку і маркіроўкі асобных людзей устанаўліваюцца ва ўсім свеце. Шмат якія дзяржавы ажыццяўляюць збор, захоўванне і аналіз даных пра карыстальнікаў праз электронную пошту, тэлефонныя і відэазванкі, тэкставыя паведамленні і вэб-сайты, якія наведвае чалавек.

Пастаўшчыкоў камунікацыйных паслуг абавязваюць захоўваць даныя на працягу працяглага перыяду часу і забяспечыць доступ да іх.

Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь была зацверджана ў сакавіку 2019 г. Дадзеная канцэпцыя арыентавана на ўцягванне ў забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі ўсіх дзяржаўных органаў і арганізацый, грамадства, бізнесу, прадстаўнікоў навуковага, адукацыйнага і культурнага згуртавання.

7.3. Персанальныя даныя

Актуальным з’яўляецца пытанне аховы персанальных даных (прыклад 7.2).

Да асноўных персанальных даных належаць: прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, пол, дзень, месяц, год нараджэння, месца нараджэння, даныя пра грамадзянства (падданства), лічбавы фотапартрэт, даныя пра рэгістрацыю па месцы жыхарства і (ці) месца знаходжання, даныя пра смерць ці абвяшчэнне фізічнай асобы памерлай, прызнанне невядома адсутнай, недзеяздольнай, абмежавана дзеяздольнай.

Дадатковыя персанальныя даныя — даныя пра бацькоў, апекуноў, сямейнае становішча, жонку, дзіця (дзяцей) фізічнай асобы, пра вышэйшую адукацыю, навуковую ступені, навукова званне, пра род заняткаў, падатковыя абавязкі.

Да асабістай тайны могуць быць залічаны звесткі, выкарыстанне якіх без згоды зацікаўленых асоб можа прынесці шкоду маральным і маёмасным інтарэсам грамадзян, у іх ліку: звесткі пра здароўе, сямейныя адносіны; пра акалічнасці нараджэння, усынаўлення, разводу; звесткі пра асабістыя прывычкі і схільнасці; асабістая перапіска і карэспандэнцыя, дзённікавыя, тэлефонныя, тэлеграфныя, відэа, аўдыё і іншыя віды захавання інфармацыі; звесткі пра маёмаснае становішча, крыніцы даходаў; пра дзейнасць, якая змяшчае камерцыйную тайну; пра інтэлектуальную ўласнасць (аўтарскае права, вынаходніцкае і патэнтавае права, права на навуковыя адкрыцці); звесткі, разгалашэнне якіх стварае пагрозу асабістай бяспецы грамадзян, бяспецы членаў іх сем’яў і маёмасці; пра ўдзел грамадзян у дзеяннях судова-следчых органаў у якасці сведкаў і г. д., а таксама пра абвінавачванне ў злоўжываннях уладай ці службовым становішчам і інш.

Асновы прававой аховы асабістай інфармацыі закладзены ў артыкуле 28 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якой кожны мае права на ахову ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на гонар і годнасць1.

Паводле артыкула 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, ніхто не павінен прымушацца да дачы сведчанняў і тлумачэнняў супраць самога сябе, членаў сям’і ці блізкіх сваякоў. Доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы.

_______________

1 Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь // https//www.pravo.by/pravovaya-informasiya/normativnye-documenty/konstitutsiya-respubliki-belarus (дата доступу: 10.03.2020).

Прыклад 7.2. Персанальныя даныя, якія праходзяць аўтаматычную апрацоўку, павінны быць:

•  атрыманы і апрацаваны добрасумленным і законным чынам;
•  захаваны для дакладна вызначаных і законных мэт і не могуць выкарыстоўвацца ў супярэчнасці з гэтымі мэтамі;
•  адэкватнымі і не залішнімі ў дачыненні да мэт, для якіх яны назапашваюцца, павінны датычыцца справы;
•  дакладнымі і ў выпадку неабходнасці абнаўляцца;
•  захаванымі ў такой форме, якая дазваляе ідэнтыфікаваць суб’ектаў даных не даўжэй, чым гэтага патрабуе мэта, для якой адпаведныя даныя запасяцца.

Персанальныя даныя пра нацыянальную прыналежнасць, рэлігійныя ці іншыя перакананні, а роўна персанальныя даныя, якія датычацца здароўя і інш., могуць быць аўтаматычна апрацаваныя толькі ў тых выпадках, калі нацыянальнае права прадугледжвае належныя гарантыі.

Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях(ПВКоАП)2 не змяшчае агульных норм пра адказнасць за разгалашэнне персанальных даных ці звестак пра прыватнае ці асабістае жыццё асобы.

Разам з тым артыкул 22.13

ПВКоАП прадугледжвае адказнасць за наўмыснае разгалашэнне камерцыйнай ці іншай ахоўваемай законам тайны без згоды яе ўладальніка асобай, якой такая камерцыйная ці іншая тайна вядома ў сувязі з яе прафесійнай ці службовай дзейнасцю, калі гэта дзеянне не выклікае крымінальнай адказнасці.

Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь (КК) у артыкуле 179 прадугледжвае адказнасць за незаконнае збіранне або распаўсюджванне звестак пра прыватнае жыццё, што складаюць асабістую і сямейную тайну іншай асобы, без яе згоды, якія пацягнулі прычыненне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелага. КК змяшчае шэраг норм пра адказнасць за разгалашэнне пэўных прафесійных тайн (разгалашэнне тайны ўсынаўлення, удачарэння) — арт. 177, разгалашэнне медыцынскай тайны — арт. 178 і інш.)3.

Чалавек мае права адмовіцца ад дачы сведчанняў супраць сябе, членаў сям’і ці блізкіх сваякоў. Калі ён усё ж пажадае даць сведчанні, то павінен ведаць пра адказнасць за дачу загадзя непраўдзівых сведчанняў (арт. 401 КК РБ).

_______________

2  Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях www.pravo.by/document/?quid=3871&p0=HK0600194 (дата доступу: 10.03.2020).

3  Інфармацыйны партал «Ваша права» — https://vashepravo.by/chelovek-i-zakon/razglashenie-dannyix.html (дата доступу: 25.01.2020).

Пытанні да параграфу

1.  Што такое асабістая інфармацыйная прастора? Як яна фарміруецца?

2.  Што разумеюць пад інфармацыйнай бяспекай?

3.  Якія персанальныя даныя вызначаны як канфідэнцыяльныя?