§ 7. Асабістая інфармацыйная прастора і ахова інфармацыі

7.2. Інфармацыйная бяспека асобы

У цяперашні час адбываецца не толькі значны рост колькасці і якасці інфармацыйных рэсурсаў, але і выкід у інфармацыйную прастору залішняй, шмат у чым скажонай і недакладнай інфармацыі.

Усё гэта абвастрае праблему забеспячэння інфармацыйнай бяспекі асобы і робіць яе выключна надзённай і актуальнай.

Бяспека асобы — стан абароненасці яе жыццёва важных інтарэсаў (сукупнасць патрэбнасцей, задавальненне якіх забяспечвае існаванне і магчымасць прагрэсіўнага развіцця асобы) ад унутраных і знешніх пагроз.

Прынцыпы інфармацыйнай бяспекі (прыклад 7.1) закліканы забяспечыць задавальненне інфармацыйных патрэбнасцей чалавека і яго бяспечнае існаванне ў інфармацыйным асяроддзі.

Небяспечнай крыніцай пагроз інтарэсам асобы з’яўляецца выкарыстанне на шкоду яе персанальных даных, якія запасяцца рознымі структурамі, а таксама пашырэнне магчымасці бяспекі, прадухілення іх рэалізацыі, спынення і ліквідацыі наступстваў рэалізацыі такіх пагроз.

Адным са складальнікаў жыццёва важных інтарэсаў чалавека ў інфармацыйнай прасторы з’яўляецца патрэбнасць быць агароджаным ад непраўдзівай, дэфектнай, фальсіфікаванай і іншай шкоднай інфармацыі, якая ўяўляе пагрозу для яго існавання і прагрэсіўнага развіцця. Задавальненне гэтых патрэбнасцей з’яўляецца канстытуцыйным правам кожнага чалавека і грамадзяніна пры ўмове, што гэта права ажыццяўляецца законным спосабам.

Перашкаджэнне задавальненню законных інфармацыйных інтарэсаў чалавека ўяўляе сабой пагрозу яго інфармацыйнай бяспецы. У сувязі з гэтым асаблівае значэнне набываюць адказныя паводзіны ўсіх удзельнікаў інфармацыйных працэсаў, а таксама выпрацоўка агульных правіл камунікацыі ў інфармацыйнай прасторы, заснаваных на прызнанні ідэнтычнасці правоў і абавязкаў у існай рэальнасці (фізічным свеце) і віртуальнай прасторы.

У нашай краіне распрацавана «Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь», якая забяспечвае комплексны падыход да праблемы інфармацыйнай бяспекі.

У канцэпцыі пытанне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі разглядаецца як сістэма мер прававога, арганізацыйна-тэхнічнага і арга-нізацына-эканамічнага характару па выяўленні пагроз інфармацыйнай бяспекі, прадухіленні іх рэалізацыі, спыненні і ліквідацыі наступстваў рэалізацыі такіх пагроз.

Асноўнай мэтай дзяржаўнай палітыкі ў галіне забеспячэння бяспекі інфармацыйных рэсурсаў з’яўляецца захаванне іх даступнасці, цэласнасці і прыватнасці.

Прыклад 7.1. Прынцыпы інфармацыйнай бяспекі.

1.  Цэласнасць інфармацыйных даных. Азначае здольнасць інфармацыі захоўваць першапачатковы выгляд і структуру як у працэсе захоўвання, так і пасля неаднаразовай перадачы. Уносіць змяненні, выдаляць ці дапаўняць інфармацыю мае права толькі ўладальнік ці карыстальнік з легальным доступам да даных.

2.  Канфідэнцыяльнасць. Характарыстыка, якая паказвае на неабходнасць абмежаваць доступ да інфармацыйных рэсурсаў для пэўнага круга асоб. У працэсе дзеянняў і аперацый інфармацыя становіцца даступнай толькі карыстальнікам, якія паспяхова прайшлі ідэнтыфікацыю.

3.  Даступнасць. Азначае, што інфармацыя, якая знаходзіцца ў свабодным доступе, павінна падавацца паўнапраўным карыстальнікам рэсурсаў своечасова і бесперашкодна.

4.  Дакладнасць. Паказвае на прыналежнасць інфармацыі даверанай асобе ці ўладальніку, які адначасова выступае ў ролі крыніцы інфармацыі.

Савет ААН па правах чалавека апублікаваў даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. У дакладзе былі прааналізаваны агульнасусветныя праблемы, звязаныя з замахам на недатыкальнасць прыватнага жыцця.

Савет па правах чалавека і Генеральная Асамблея ААН, ацэньваючы тэмпы развіцця тэхналогій, мяркуюць, што ў хуткім часе дзяржавы і камерцыйныя прадпрыемствы змогуць ажыццяўляць сачэнне ў вялікіх маштабах, аналізаваць і прагназаваць паводзіны людзей.

У дакладзе ААН адзначана, што адным з галоўных элементаў дзяржаўнай сістэмы аховы недатыкальнасці прыватнага жыцця павінны стаць законы, якія ўстанаўліваюць стандарты апрацоўкі асабістай інфармацыі. Апрацоўка асабістых даных павінна быць справядлівай, законнай і праводзіцца на падставе згоды асоб, чые даныя апрацоўваюцца. Дзяржавы павінны стварыць незалежныя наглядныя органы ў сферы апрацоўкі асабістых даных.

Міжнародныя дакументы абавязваюць краіны прымаць належныя меры для аховы персанальных даных, назапашаных у аўтаматызаваных базах даных, ад выпадковага ці несанкцыянаванага разбурэння ці выпадковай страты, ад несанкцыянаванага доступу, змянення ці распаўсюджвання.

Кампаніі і дзяржавы ўвесь час абменьваюцца асабістымі данымі, і практычна немагчыма адсачыць, хто і якой інфармацыяй пра людзей валодае.

Укараняюцца сістэмы для збору і выкарыстання біяметрычных даных — ДНК, геаметрыі твару, голасу, адпячаткаў пальцаў, узору сятчаткі і радужнай абалонкі вока. Камеры відэаназірання з сістэмай аўтаматычнага распазнання твараў для пошуку і маркіроўкі асобных людзей устанаўліваюцца ва ўсім свеце. Шмат якія дзяржавы ажыццяўляюць збор, захоўванне і аналіз даных пра карыстальнікаў праз электронную пошту, тэлефонныя і відэазванкі, тэкставыя паведамленні і вэб-сайты, якія наведвае чалавек.

Пастаўшчыкоў камунікацыйных паслуг абавязваюць захоўваць даныя на працягу працяглага перыяду часу і забяспечыць доступ да іх.

Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь была зацверджана ў сакавіку 2019 г. Дадзеная канцэпцыя арыентавана на ўцягванне ў забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі ўсіх дзяржаўных органаў і арганізацый, грамадства, бізнесу, прадстаўнікоў навуковага, адукацыйнага і культурнага згуртавання.