§ 28. Індукцыя магнітнага поля. Лініі індукцыі магнітнага поля

Мал.
Мал. 147

Напрамак ліній індукцыі магнітнага поля. Вызначыць напрамак ліній індукцыі магнітнага поля можна, выкарыстоўваючы правіла свярдзёлка: калі паступальны рух свярдзёлка супадае з напрамам току, то ручка свярдзёлка паварочваецца ў напрамку ліній індукцыі магнітнага поля. У выпадку прамалінейнага правадніка з токам лініі індукцыі магнітнага поля ўяўляюць з сябе канцэнтрычныя акружнасці, якія знаходзяцца ў плоскасцях, перпендыкулярных да правадніка (мал. 147).

Вызначыць напрамак ліній індукцыі магнітнага поля прамалінейнага правадніка з токам можна таксама з дапамогай правіла правай рукі: калі ўяўна абхапіць праваднік правай рукой так, каб вялікі палец паказваў напрамак току, то астатнія пальцы будуць сагнутыя ў напрамку ліній індукцыі магнітнага поля (мал. 148).

Карціну ліній індукцыі магнітнага поля можна атрымаць, выкарыстоўваючы дробныя жалезныя апілкі, якія ў магнітным полі паводзяць сябе як магнітныя стрэлкі. На малюнку 149 паказана карціна магнітнага поля прамалінейнага ўчастка правадніка з токам. Карціна магнітнага поля кругавога вітка з токам і графічная выява ліній індукцыі адлюстраваны на малюнку 150, а, б.

Мяркуюць, што лініі індукцыі магнітнага поля, створанага пастаянным магнітам, накіраваны ўнутры магніта ад яго паўднёвага полюса S да паўночнага N (мал. 151).

Магнітнае поле саленоіда падобнае на поле паласавога магніта. На малюнку 152, а, б паказана карціна магнітнага поля саленоіда з токам і дадзена графічная выява ліній індукцыі. Саленоід уяўляе з сябе цыліндрычную шпулю, на якую віток да вітка наматаны провад, ізаляваны тонкім слоем лаку. Калі даўжыня саленоіда значна большая за яго дыяметр, то ўнутры цэнтральнай часткі саленоіда лініі індукцыі магнітнага поля практычна паралельныя і накіраваны ўздоўж яго восі.

Аднароднае магнітнае поле — поле, індукцыя якога ва ўсіх пунктах прасторы аднолькавая.

Лініі індукцыі такога поля паралельныя. У адваротным выпадку поле называюць неаднародным. Магнітнае поле ўнутры доўгага саленоіда практычна аднароднае, а паблізу краёў — неаднароднае. Неаднароднае і магнітнае поле прамалінейнага правадніка з токам (гл. мал. 148).

Мал.
Мал. 153

Для нагляднасці на малюнках лініі індукцыі паказваюць гусцей у тых месцах магнітнага поля, дзе значэнне індукцыі магнітнага поля большае (мал. 152, б). Пры гэтым на лініі індукцыі пазначаюць стрэлкай напрамак індукцыі магнітнага поля. Для крайніх віткоў саленоіда магнітнае поле кругавога вітка з токам, які праходзіць у напрамку руху гадзіннікавай стрэлкі, эквівалентнае полю паўднёвага полюса пастаяннага магніта, а магнітнае поле кругавога вітка з токам, які праходзіць супраць напрамку руху гадзіннікавай стрэлкі, эквівалентнае полю паўночнага полюса пастаяннага магніта (правіла гадзіннікавай стрэлкі) (мал. 153).

Ад тэорыі да практыкі
Мал.
Мал. 154

На малюнку 154 схематычна паказана магнітнае поле кругавога вітка з токам. Ці аднароднае такое магнітнае поле? Чаму?