§ 28. Індукцыя магнітнага поля. Лініі індукцыі магнітнага поля

Лініі індукцыі магнітнага поля. Размеркаванне электрастатычнага поля ў прасторы можна зрабіць «бачным», выкарыстоўваючы ўяўленне аб лініях напружанасці. Даследуючы магнітнае поле, якое ствараецца правадніком з токам або пастаянным магнітам, з дапамогай магнітнай стрэлкі ў кожным пункце прасторы можна вызначыць напрамак індукцыі магнітнага поля. Такое даследаванне дазваляе графічна адлюстраваць магнітнае поле ў выглядзе ліній магнітнай індукцыі.

Мал.
Мал. 146

Лініі індукцыі магнітнага поля — уяўныя лініі ў прасторы, датычныя да якіх у кожным пункце супадаюць з напрамкам індукцыі магнітнага поля (мал. 146).

Лініі індукцыі магнітнага поля бесперапынныя (не маюць ні пачатку, ні канца), замыкаюцца самі на сябе. Гэта характэрна для любых магнітных палёў. Палі, якія валодаюць такой уласцівасцю, называюць віхравымі.

Відавочна, што праз любы пункт у магнітным полі можна правесці толькі адну лінію індукцыі. Паколькі індукцыя магнітнага поля ў любым пункце прасторы мае пэўны напрамак, то і напрамак лініі індукцыі ў кожным пункце гэтага поля можа быць толькі адзін. Гэта азначае, што лініі магнітнай індукцыі, як і лініі напружанасці электрычнага поля, не перасякаюцца.

З гісторыі фізікі

З лістапада 1831 г. Фарадэй пачаў сістэматычную публікацыю сваіх даследаванняў, якія склалі трохтомную працу пад назвай «Эксперыментальныя даследаванні па электрычнасці», дзе ён, у прыватнасці, выказаўся пра карціну ліній магнітнай індукцыі (у прыведзеным фрагменце гэта магнітныя сілавыя лініі): «Эксперыментатар, які хоча вывучыць магнітную сілу з дапамогай выяўлення яе магнітнымі сілавымі лініямі, дзейнічаў бы адвольна і неабдумана, адмовіўшыся ад самага каштоўнага сродку, ад выкарыстання жалезных апілак. Карыстаючыся імі, ён можа многія ўласцівасці гэтай сілы, нават у складаных выпадках, адразу паказаць наглядна, можа прасачыць вокам розныя напрамкі сілавых ліній і вызначыць адносную палярнасць, можа назіраць, у якім напрамку сіла гэтая ўзрастае, у якім змяншаецца... Пры іх выкарыстанні магчымыя вынікі бачныя адразу, і могуць быць атрыманы каштоўныя ўказанні для будучых доследаў».

Адсылка да электроннага дадатку для павышанага ўзроўню