§ 25. Умовы існавання пастаяннага электрычнага току. Пабочныя сілы. ЭРС крыніцы току

Для ўзнікнення электрычнага току патрэбна наяўнасць свабодных зараджаных часціц, здольных перамяшчацца па правадніку пад дзеяннем сілы электрычнага поля. Такі электрычны ток называюць токам праводнасці. Што ж забяспечвае існаванне электрычнага току ў правадніку на працягу доўгага прамежку часу?

Умовы існавання пастаяннага электрычнага току.

Пры вывучэнні тэмы «Праваднікі ў электрастатычным полі» вы даведаліся, што перамяшчэнне свабодных зараджаных часціц у правадніку пад дзеяннем сіл знешняга электрычнага поля прыводзіць да з'яўлення індуцыраваных зарадаў і адбываецца да таго часу, пакуль створанае імі электрычнае поле не ўраўнаважыць унутры правадніка знешняе поле. У выніку напружанасць рэзультуючага электрастатычнага поля ва ўсім аб’ёме ўнутры правадніка становіцца роўная нулю.

Для падтрымання ў правадніку пастаяннага электрычнага току неабходна, каб праваднік з’яўляўся часткай замкнутага ланцуга. Але вы ведаеце, што работа электрастатычнага поля пры перамяшчэнні электрычнага зараду па замкнутым контуры роўная нулю. Значыць, у ланцугу павінен быць участак, на якім ажыццяўляецца работа па перамяшчэнні зараду супраць сіл электрычнага поля. Такім участкам з’яўляецца крыніца току.

Мал.
Мал. 130

Разгледзім замкнуты электрычны ланцуг, які складаецца з крыніцы току (участак ас) і металічнага правадніка (участак abc) (мал. 130).

У правадніку abc свабодныя электроны пад дзеяннем сіл электрычнага поля перамяшчаюцца ад пункта с да пункта a. Каб рух носьбітаў зараду ў ланцугу быў працяглы, электроны ад пункта a павінны перамяшчацца да пункта с. Самаадвольна такое перамяшчэнне электронаў адбывацца не можа, бо на іх у супрацьлеглым напрамку (ад пункта с да пункта a) дзейнічае сіла электрычнага поля F with rightwards arrow on top subscript эл (гл. мал. 130). Рух электронаў у напрамку, супрацьлеглым напрамку сілы электрычнага поля, магчымы толькі пад дзеяннем сілы F with rightwards arrow on top subscript паб неэлектрастатычнага паходжання, якая атрымала назву пабочная сіла.