§ 16. Электрычны зарад. Закон захавання электрычнага зараду

Што азначае наяўнасць электрычнага зараду ў цела або часціцы? Як узаемадзейнічаюць электрычна зараджаныя целы?

Мал.
Мал. 94

Электрычны зарад. Пра тое, што бурштын, пацёрты аб шэрсць, набывае ўласцівасць прыцягваць лёгкія прадметы (мал. 94), ведалі яшчэ старажытныя грэкі. Аднак толькі ў 1600 г. лейб-медык каралевы Англіі доктар медыцыны Уільям Гільберт у кнізе «Аб магніце, магнітных целах і вялікім магніце — Зямлі» даў першае сістэматызаванае апісанне ўласцівасцей электрычных і магнітных матэрыялаў. Гільберт прадэманстраваў, што акрамя бурштыну ўласцівасцю прыцягваць лёгкія прадметы валодаюць пасля націрання алмаз, сера, фарфор і многія іншыя целы. Ён назваў іх электрычнымі (ελεκτρον па-грэчаскі — бурштын). Цяпер мы гаворым, што такія целы электрычна зараджаныя, гэта значыць Мал. 94 ім перададзены электрычны зарад.

Электрычны зарад — фізічная скалярная велічыня, якая характарызуе інтэнсіўнасць электрамагнітнага ўзаемадзеяння цел (часціц).

Адсылка да электроннага дадатку для павышанага ўзроўню

Электрычны зарад з'яўляецца крыніцай электрамагнітнага поля, звязанага з матэрыяльным носьбітам (целам або часціцай). Электрычны зарад, як і маса, не існуе без цела або часціцы, а зарад любой сістэмы цел (часціц) роўны суме зарадаў цел (часціц), якія ўваходзяць у сістэму.

Электрычныя зарады маюць наступныя фундаментальныя ўласцівасці:

1) электрычныя зарады існуюць у двух відах, якія названы дадатнымі і адмоўнымі (існаванне двух відаў зарадаў выявіў Шарль Дзюфэ (1698–1739) у 1733 г., а ў 1747 г. Бенджамін Франклін (1706–1790) прыпісаў ім знакі «+» і «–»);

2) электрычны зарад адытыўны, гэта значыць зарад любой сістэмы цел (часціц) роўны суме зарадаў цел (часціц), якія ўваходзяць у сістэму;

3) у любой электрычна ізаляванай сістэме алгебраічная сума зарадаў цел (часціц) не змяняецца;

4) электрычны зарад дыскрэтны, гэта значыць электрычны зарад любога цела (часціцы) кратны элементарнаму электрычнаму зараду;

5) значэнне электрычнага зараду цела (часціцы) не залежыць ад выбару сістэмы адліку, а значыць, не залежыць ад таго, рухаецца яно (яна) або знаходзіцца ў спакоі;

6) электрычны зарад цела (часціцы) не залежыць ні ад яго (яе) механічнага стану, ні ад якіх-небудзь дзеючых на яго (яе) сіл.

Мал.
Мал. 95

Існуюць два віды электрычных зарадаў, якія дамовіліся называць дадатнымі і адмоўнымі. Прычым пры ўзаемадзеянні аднайменна зараджаныя целы (часціцы) адштурхваюцца адно ад аднаго (мал. 95, а), а рознаіменна зараджаныя — прыцягваюцца паміж сабой (мал. 95, б).

Зарады розных цел (часціц) могуць адрознівацца не толькі знакамі, але і лікавымі значэннямі.

За адзінку электрычнага зараду ў СІ прыняты кулон (Кл). Гэтая адзінка названа ў гонар Шарля Кулона (1736–1806). 1 Кл — велічыня электрычнага зараду, які праходзіць праз папярочнае сячэнне правадніка за прамежак часу 1 с пры сіле пастаяннага току 1 А.

Цікава ведаць

Адзін кулон — вельмі вялікая адзінка зараду. Разлікі паказваюць, што дыяметр аддаленага ад астатніх цел металічнага шара, што знаходзіцца ў сухім паветры, павінен быць роўны не менш як 110 м, каб на ім мог знаходзіцца залішні зарад 1 Кл. Разам з тым у час уключэння аўтамабільных фар сіла току ў ланцугу прыблізна 10 А, гэта значыць штосекундна праз папярочнае сячэнне праваднікоў, далучаных да фар, праходзіць зарад прыблізна 10 Кл.