§ 13. Колькасць цеплаты

У чым прычына змянення ўнутранай энергіі макраскапічнага цела пры цеплаабмене?

Цеплаабмен. Яшчэ адным спосабам змянення ўнутранай энергіі тэрмадынамічнай сістэмы з’яўляецца цеплаабмен.

Цеплаабмен — самаадвольны працэс перадачы ўнутранай энергіі ад цела з большай тэмпературай целу з меншай тэмпературай без выканання работы.

Цеплаабмен паміж целамі, якія кантактуюць, называюць цеплаперадачай. За кошт перададзенай пры гэтым энергіі павялічваецца ўнутраная энергія аднаго цела, разам з тым памяншаецца ўнутраная энергія другога. Калі, напрыклад, прывесці ў судакрананне два целы з рознымі тэмпературамі, то часціцы больш нагрэтага цела будуць перадаваць частку сваёй кінетычнай энергіі часціцам менш нагрэтага цела. У выніку ўнутраная энергія аднаго цела памяншаецца, а другога павялічваецца.

Такім чынам, пры цеплаперадачы не адбываецца ператварэння энергіі з адной формы ў другую: частка ўнутранай энергіі больш нагрэтага цела перадаецца менш нагрэтаму.

Ад тэорыі да практыкі

Выберыце правільнае сцвярджэнне.

1. Адбылася цеплаперадача — значыць, змянілася ўнутраная энергія цела.

2. Унутраная энергія цела змянілася — значыць, адбылася цеплаперадача.