§ 8-2. Змочванне. Капілярныя з'явы
Паверхня вадкасці можа межаваць не толькі з газам, але і з цвёрдым целам. Якія з'явы можна назіраць у гэтым выпадку ?
Змочванне. На мяжы судакранання цвёрдых цел, вадкасцей і газаў назіраюцца з'ява змочвання або з'ява нязмочвання, якія з'яўляюцца вынікам узаемадзеяння паміж малекуламі вадкасці, цвёрдага цела і газу. Яны прыводзяць да скрыўлення паверхні вадкасці каля паверхні цвёрдага цела на мяжы з газам. Пры кантакце вадкасці з цвёрдым целам магчымы выпадкі, калі вадкасць змочвае (часткова або цалкам) або не змочвае (часткова або цалкам) яго. Так, ртуць добра змочвае чыстыя паверхні металаў і не змочвае чыстае шкло. Вада добра змочвае чыстае шкло і не змочвае тлустыя паверхні.
Свабодная паверхня вадкасці на мяжы з цвёрдым целам скрыўляецца, утвараючы меніск. Калі вадкасць змочвае паверхню цела, утвараецца ўвагнуты меніск (мал. 57.3, а), калі не змочвае — выпуклы меніск (мал. 57.3, б). На мяжы судакранання трох асяроддзяў — цвёрдага, вадкага і газападобнага — вадкасць набывае такую форму, пры якой сума патэнцыяльнай энергіі вадкасці ў гравітацыйным полі Зямлі і паверхневай энергіі ўсіх цел мінімальная (цвёрдыя целы таксама маюць паверневую энергію). Паверхневае нацяжэнне на мяжы цвёрдага цела і вадкасці абазначаюць σцв, на мяжы цвёрдага цела і газу — σцг, на мяжы вадкасці і газу — σвг. Калі σцг ≥ σцв + σвг, то вадкасць цалкам змочвае паверхню цвёрдага цела, пакрываючы яго тонкай плёнкай. Калі σцв ≥ σцг + σвг, то вадкасць цалкам не змочвае паверхню цвёрдага цела, сцягваючыся ў кроплю, некалькі сплюшчаную дзеяннем сілы цяжару і сілы рэакцыі апоры. У большасці выпадкаў мае месца частковае змочванне (мал. 57.4, а) або частковае нязмочванне (мал. 57.4, б).
1. Чаму кропля вады ці алею расцякаецца па паверхні дрэва, а кропля ртуці не расцякаецца (мал. 57.5)?
2. Чаму перад фарбаваннем паверхню папярэдне грунтуюць — пакрываюць пакостам?
З’яву змочвання выкарыстоўваюць у прамысловасці і ў быце. Добрае змочванне неабходна пры афарбоўцы і мыцці розных тканін, нанясенні лакафарбавых пакрыццяў і г. д. На з'яве змочвання заснавана склейванне розных вырабаў. Пакрыццё металічных вырабаў алейнай плёнкай для іх аховы ад карозіі мае ў аснове нязмочванне вадой тлустых паверхняў. Непрамакальнае адзенне вырабляюць з тканін, якія не змочваюцца вадой (мал. 57.6). З уласцівасцю змочвання звязана паянне металаў. Каб расплаўлены прыпой добра расцякаўся па паверхні металічных вырабаў і прыліпаў да іх, трэба гэтыя паверхні ачысціць ад тлушчу, пылу і аксіднай плёнкі.