§ 1. Асноўныя палажэнні малекулярна-кінетычнай тэорыі
Што ўяўляе з сябе ўнутраная будова любога рэчыва? Суцэльнае яно або мае дыскрэтную структуру? Чаму ўласцівасці розных рэчываў адрозніваюцца адна ад адной? Ад чаго залежаць тыя або іншыя ўласцівасці рэчыва?
Уяўленне пра тое, што ўсе целы складаюцца з драбнюткіх часціц — атамаў, з’явілася яшчэ ў глыбокай старажытнасці, і яго даволі выразна сфармулявалі старажытнагрэчаскія філосафы Ляўкіп (прыблізна 500–440 да н. э.) і Дэмакрыт (460–371 да н. э.). Аднак потым атамістычныя ўяўленні былі забытыя. Толькі ў другой палове XVII ст. англійскі вучоны Р. Бойль у кнізе «Хімікскептык» надаў паняццю «хімічны элемент» новы сэнс, блізкі да сучаснага. Затым у XVIII–XIX стст. М. В. Ламаносаў, Д. Дальтан, А. Краніг, Л. Больцман, Д. Максвел і іншыя вучоныя распрацоўвалі і ўдасканальвалі атамістычныя ўяўленні ў якасці навуковай тэорыі, якая атрымала назву класічнай малекулярна-кінетычнай тэорыі.
У аснову малекулярна-кінетычнай тэорыі пакладзены тры палажэнні:
1. Рэчыва мае дыскрэтную будову, гэта значыць складаецца з мікраскапічных часціц.
2. Часціцы рэчыва хаатычна рухаюцца.
3. Часціцы рэчыва ўзаемадзейнічаюць паміж сабой.