ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Рэалізм як літаратурны напрамак

* Рамантызм як літаратурны напрамак

Рэалізм як літаратурны напрамак

Рэалізм (ад лац. reâlis — ‘сапраўдны’) — літаратурны метад і напрамак, які з’явіўся пасля рамантызму і заключаўся ў праўдзівым адлюстраванні рэчаіснасці; у адрозненне ад рамантызму, скіраванага на выключнае, у рэалізме важна тыповае.

Пачынаючы з 1830­х гадоў развіваўся ў Францыі, пазней — і ў іншых краінах Заходняй Еўропы, Расійскай імперыі. У адрозненне ад рамантызму рэалізм акцэнтуе ўвагу на праблеме ўзаемадзеяння чалавека і наваколля, засяроджваецца на тым, як сацыяльна­гістарычныя абставіны ўплываюць на фарміраванне духоўнага свету (характару) асобы. Замест інтуітыўна­пачуццёвага метаду пазнання свету на першае месца ў літаратуры выходзіць аналітычны пачатак, а тыпізацыя рэчаіснасці сцвярджаецца як універсальны спосаб мастацкага абагульнення.

Рэалістычная тыпізацыя патрабуе падрабязных і дакладных апісанняў асоб з абавязковай псіхалагічнай матывіроўкай іх дзеянняў і ўчынкаў, абмалёўкай прадметнага свету, адлюстраваннем канкрэтнага рэальнага месца дзеяння, апісаннем гістарычных і часавых рэалій, дакладным узнаўленнем асаблівасцей побыту, нораву і мовы жыхароў пэўнай мясцовасці, прадстаўнікоў таго або іншага сацыяльнага асяроддзя. Усё гэта садзейнічае стварэнню жывога вобраза рэальнасці, спараджаючы адчуванне раўназначнасці паміж адлюстраваным у творы і рэчаіснасцю.

У айчынным літаратуразнаўстве рэалізм XIX стагоддзя прынята называць крытычным. Такі тэрмін упершыню прымяніў пісьменнік Максім Горкі, ужыўшы яго з мэтай падкрэсліць антысаслоўную накіраванасць твораў сусветнай рэалістычнай класікі і наяўнасці ў іх адпаведнага крытычнага пафасу.

Адным са знакамітых сусветных рэалістаў-пачынальнікаў лічыцца француз Анарэ дэ Бальзак. У літаратуры Беларусі ХІХ стагоддзя рэалізм выявіўся перш за ўсё ў ананімных вершаваных гутарках «Вось які цяпер люд стаў», «Гутарка Данілы са Сцяпанам» і інш. Так, «Гутарка Данілы са Сцяпанам» мае выразны антыпрыгонніцкі змест, аўтар рэалістычна малюе жыццё беларускай вёскі напярэдадні рэформы 1861 года, адлюстроўвае востры сацыяльны канфлікт паміж панам і мужыком:

Ім гэта не смашна костка ў горле стане,
Як мужык без пана вольнасці дастане.
Што хочуць, то баюць, лгуць (паны. — Аўт.), як самі знаюць,
Верыць ім цар смела, яны ласку маюць.

Надзвычай моцна рэалістычны погляд на жыццё адлюстраваны ў публіцыстыцы перыяду паўстання 1863—1864 гадоў. Ужо ў першым нумары газеты «Мужыцкая праўда» агучана палітычнае крэда паўстанцаў — «пісаці праўду справядліву» пра тое, што «Бог стварыў усіх людзей вольнымі». Прыгон, такім чынам, разглядаўся як скажэнне праўды. У тэкстах газеты «Мужыцкая праўда» праўдзіва паказана сітуацыя сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, пад якім знаходзіліся беларусы. У цэнтры ўвагі былі такія надзённыя праблемы, як рэкруцтва, палітыка русіфікацыі, адсутнасць беларускай асветы.

Рэалістычна адлюстраваў жыццё беларусаў і аўтар польскамоўнай паэмы «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся» Янка Лучына (Іван Неслухоўскі, 1851—1897). Герой паэмы — стары ляснік Грышка, носьбіт традыцыйных каштоўнасцей беларускага сялянства. Ён працавіты, настойлівы, памяркоўны і сумленны, з яго вобразам Лучына звязваў вобраз Радзімы. Сацыяльная прыгнечанасць селяніна выказвалася праз вострае перажыванне за родную старану. Паэт адкрываў чытачу беларускі народ не ў ідэалістычным святле, што было характэрна для паэтаў перыяду рамантызму, а ў святле праўды, не забываючыся на ўсе жыццёвыя супярэчнасці і канфлікты.