§ 0-6. Гукі і літары беларускай мовы (паўтарэнне і сістэматызацыя вывучанага)

Успамінаем вывучанае

 Як вядома, беларуская графічная сістэма выкарыстоўвае 32 літары: 10 служаць для абазначэння галосных гукаў, 21 — для абазначэння 39 зычных гукаў.

Несупадзенне колькасці гукаў і літар тлумачыцца наступным:

  • літара ь (мяккі знак) асобнага гука не абазначае;
  • надрадковы знак (апостраф) літарай не з’яўляецца;
  • адна літара ўжываецца для перадачы цвёрдых і мяккіх зычных гукаў: [в] — [в’], [г] — [г’], [с] — [с’], [ф] — [ф’], [х] — [х’] і г. д.;
  • фрыкатыўныя (шчылінныя, працяжныя) [г], [г’] і выбухныя [ѓ],  [ѓ’] перадаюцца адной літарай;
  • дыгра́фы [], [’] і [] на пісьме перадаюцца дзвюма літарамі.

Зычныя гукі падзяляюцца на 2 групы паводле ўдзелу голасу і шуму пры іх утварэнні:

  1. санорныя (пры іх утварэнні голас перавышае шум, яны не аглушаюцца перад глухімі і на канцы слова, не маюць парных глухіх): [в], [в’], [л], [л’], [м],  [м’], [н], [н’], [р], [й] (заўсёды мяккі), [ў] (не мае адпаведнага мяккага);
  2. шумныя, якія падзяляюцца на звонкія (пры ўтварэнні пераважае голас) і глухія (утвараюцца толькі з шуму): [б] — [п], [б’] — [п’], [г]  — [х], [г’]  — [х’], [ѓ] — [к], [ѓ’] — [к’], [д] — [т], [] — [ц], [’] — [ц’],  [ж] — [ш], [дж] — [ч], [з] — [с], [з’] — [с’]. Глухія [ф],  [ф’] не маюць парных звонкіх.

Зычныя гукі [з], [з’], [с], [с’], [], [’], [ц], [ц’] называюцца свісцячымі. Гукі [ж], [ш], [], [ч] называюць шыпячымі.

Зычныя [г], [г’],[к], [к’],[х], [х’] маюць назву заднеязычныя.

1. Разгледзьце табліцу, растлумачце яе структуру. На аснове табліцы дайце характарыстыку літар і адпаведных гукаў у беларускай мове.

2. Прачытайце скорагаворкі. Паспаборнічайце ў правільнасці і  хуткасці іх вымаўлення. Ці згодны вы з меркаваннем І. Атрошанкі, што «шматразовае прагаворванне слоў з адным і тым жа гукам — не толькі забаўка, а праца, якая дапамагае сканцэнтраваць увагу на цяжкіх фанетычных з’явах»?

1. Тры сяброўкі, тры вавёркі, утраіхм вілі́ вяроўкі.
2. Піліпаў Піліп прыпоўз да ліп і да ліпы прыліп.
3. Пільшчыкі-пілавальшчыкі пілавалі піламі. Пілавалі, перапільвалі, наперапілоўвалі, пілаванне перапалавінілі.
4. Лянок не любіць лянот, лянот не любіць лянок.
5. Ніна не́сла Нэлі ніткі.
6. Усім —  па сем, гаспадару — восем, а гаспадыні — дзевяць, што добра дзеліць.
7. Дзіна з Дзімам гуляюць з гадзі́ну: Дзіма знаходзіць Дзіну, а Дзіна — Дзіму. 
8. Шчыгол са шчыгліхай цэлы дзень кормяць шчыглянят.

3. Прачытайце ўслых. Растлумачце асаблівасці вымаўлення гукаў.

  • а) Бясследна, слёзкі, сліва, слімак, смятана, спісаць, спякота, Свір, свята;
  • б) з перцам, без цябе, без ціску, з цягніка, з цяпла, з цёткай, з пякарні;
  • в) скеміць, скінуць, схема, ускіпяціць, скіраваць, скіснуць, сківіца;
  • г) бясшумна, расчасаць, расчуліць, расчырванецца, счарсцвець.

4. Прачытайце пары слоў. Выразна вымаўляйце цвёрды [ч] у беларускіх і мяккі [ч’] у рускіх словах.

Чыж — чиж,  чай — чай, чысты — чистый, чэпчык — чепчик, чэрпаць — черпать, чорны — чёрный, чужы — чужой, чэсны — честный.

5. Параўнайце гучанне слоў у беларускай і рускай мовах. Звярніце ўвагу на «ўзмоцненую» мяккасць гука [’]. Запішыце ўласныя прыклады.

Ціна — тина, Дзіна — Дина, дзікі — дикий, ціскі — тиски, Дзвіна — Двина, ціхоня — тихоня, цемень — темень, цень  — тень, дзень — день, дзве — две.

У моўнай плыні гукі вымаўляюцца неаднолькава.
Адны з іх гучаць выразна, без змен (моцная, незалежная пазіцыя).
Пад уплывам суседніх гукаў або ў канцы слова гукі могуць змяняцца (слабая пазіцыя).

Моцная пазіцыя для галосных — пад націскам. Незалежна ад якасці суседніх гукаў у гэтай пазіцыі выразна гучаць усе галосныя.

Слабая пазіцыя — ненацісное становішча галосных гукаў (вымаўляюцца «скарочана» або змяняюцца не пад націскам: аканне, яканне).

Моцныя пазіцыі звонкіх і глухіх зычных:

  1. перад усімі галоснымі: [д]ам — [т]ам, [г]од — [х]од;
  2. перад санорнымі: [д]вор — [т]вор.

У слабай пазіцыі гукі могуць азванчацца і аглушацца, страчваючы сэнсаадрознівальную функцыю:

  1. у канцы слова: ко[т] (код і кот), гры[п] (грыб і грып);
  2. перад глухімі: ка[с]ка (казка і казка);
  3. перад звонкімі: ка[з’]ба (касьба) і ра[з’]ба (разьба) (Паводле Л. Сямешкі).

6. Прачытайце верш уголас. Услухайцеся ў яго гучанне. Прыдумайце назву, сугучную настрою і пачуццям лірычнага героя. Якія гукі найчасцей сустракаюцца ў гэтым творы, як яны дапамагаюць стварыць карціну начной цішыні, магічнай еднасці чалавека і прыроды? Якія слыхавыя і зрокавыя асацыяцыі выклікаюць прыведзеныя  радкі? 

Я адчыняю ў ноч сваё акно.
Такі спакой, такая ў свеце ці́ша,
Што, можа, нат за вёрстаў сем чутно,
Як павучок калысачку калыша.
Палі́, лясы, азёры спяць даўно,
І сёлы спяць, турботы не забыўшы.
Мне страшна быць у гэтай ночы лішнім —
З Прыродай я зліваюся ў адно.
Сябрамі мне становяцца сягоння
Калоссі ў полі, у дуброве — клёны;
Што к брату, да мяне ідзе алень.
І на ўсім існым ёсць маё дыханне,
І пульс чуваць, мой пульс і хваляванне —
У травах, дрэвах, месячным святле.

                                                     М. Рудкоўскі.

Выпішыце з тэксту па два-тры прыклады слоў, у якіх галосныя і зычныя гукі знаходзяцца ў моцнай і слабай пазіцыях.

Разгледзьце фотаздымак П. Ветра. Які настрой ён перадае? Паспрабуйце стварыць свой невялікі празаічны або вершаваны тэкст, перадаўшы стан прыроды з выкарыстаннем фанетычных сродкаў выразнасці маўлення.

Успамінаем вывучанае

Чаргаванне гукаў — гэта замена гукаў у межах адной марфемы пры змяненні або ўтварэнні слоў.

Пазіцыйныя чаргаванні залежаць ад пазіцыі гука ў слове (уплыў суседніх гукаў, становішча на канцы слова): [э] // [а] (ц[э]ны — ац[а]ніць, [м’э]сца — [м’а]сцовы), [о] // [а] (г[о]лас — г[а]ласаваць, [с’о]мы — [с’а]мёра), [з] // [с] (бяро[з]а — бяро[с]ка), [з] // [з’] ([з]носіць —  [з’]несці), [д] // [’] (са[д]ы — у са[’]е), [т] // [ц’] (свя[т]а — на свя[ц’]е), [г] // [х] (кні[г]а — кні[х]), [в] // [ў] (ла[в]а — ла[ў]ка).

Гістарычныя чаргаванні захаваліся з часоў агульнаславянскай эпохі, яны адбываліся паводле тагачасных фанетычных законаў. З пункту погляду сучаснай мовы такія чаргаванні нельга растлумачыць пазіцыяй гука ў слове: [э] // [а] ([л’э]зці — [ла]зіць), [э] // [о] ([в’э]зці — [во]з), [у] // [ы] (с[у]хі — выс[ы]хаць), [у] // [о] (с[у]хі — с[о]хнуць), [г’] // [з’] (бера[г’]і — на бера[з’]е), [к] // [ч] (ру[к]а — ру[ч]ны), [к] // [ц] (ру[к]а — у ру[ц]э), [х] // [ш] (ву[х]а — ву[ш]ы), [д] // [’] // [] (ха[д]а — ха[’]іць — ха[]у), [б’]  // [бл’] (ра[б’]іць — ра[бл’]ю), [л] // [ў] (бы[л]а — бы[ў]).

7. Вызначце ў парах слоў зычныя гукі, якія чаргуюцца. Растлумачце характар чаргаванняў.

Горад — гарадскі, леснічоўка — лясны, драбіць — драблю, карова — кароўка, дарога — пры дарозе, дарога — дарожны, прырода — у прыродзе, страха́ — на страсе́, страха́ — застрэшак, рака — рачны, работа — рабіць.

8. Запішыце 5 пар слоў з пазіцыйнымі і 5 пар слоў з гістарычнымі чаргаваннямі гукаў.