§ 2-3. Формы маўленчай камунікацыі: вусная і пісьмовая, дыялагічная і маналагічная

Практыкаванне 22

Прачытайце тэксты. Ахарактарызуйце сітуацыю маўлення. Вызначце асаблівасці маналагічнага і дыялагічнага маўлення.

І. Прыязджайце, прыходзьце, сябры, на вясёлае свята. Паверце паэту Міколу Маляўку, які аднойчы пабываў там:

Да Аўцюкоў, як цень, 
Хадзіў я ў вечнай скрусе,
А там пацёрся дзень —
І цэлы год смяюся.

Даўно і я паверыў, што смех — дар Божы. Смяюцца ўсе, але кожны па-свойму. Адзін смяецца, каб яго не чулі. Другі — на ўсю іванаўскую. Адзін — як парася свянцонае, другі — як з гары едучы. Смяецца рачная вада з балота, што яно зыбаецца. Смяецца кацёл з гаршка, бо ён чорны. Але ж смех не арэх — зуб не лупіць. Пасмяяцца — не пакалечыць. Ведаю адно: лепш жартаваць, чым гараваць. Дык давайце, сябры, весяліцца, як гэта ўмеюць рабіць мае землякі — аўцюкоўцы. Іх дасціпныя жарты, анекдоты, падколкі, прыпеўкі, вясёлыя байкі — увесь гэты фальклор вельмі кранае душу кожнага чалавека. Кранае, бо аўцюкоўскі гумар народны, а не прыдуманы, не высмактаны з пальца, таму і мудры, смешны, павучальны. Запрашаю ўсіх вясёлых людзей у госці да аўцюкоўцаў (У. Ліпскі).

ІІ. З парога папрасіў:
— Палячы!
— А што баліць?
— Жывот.
— Ад чаго баліць?
— Ад смеху!
От і кажуць у Аўцюках: «Не кожны хворы, хто стогне». А яшчэ кажуць, што лепш жартаваць, чым гараваць.
Што мы, беларусы, рабілі, робім і будзем рабіць! Свет захаваўся таму, што смяяўся (У. Ліпскі).

Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў сказах з простай мовай і пры дыялогу.