§ 34. Моўныя нормы і культура маўлення

Практыкаванне 365

Прачытайце аналіз тыповых памылак, дапушчаных абітурыентамі на цэнтралізаваным тэсціраванні ў заданнях па марфалогіі і правапісе. Падрыхтуйце (з дапамогай падручнікаў, слоўнікаў, інтэрнэт-рэсурсаў) практыкаванні для аднакласнікаў па тых правілах, што адпавядаюць прааналізаваным заданням.

У мінулыя гады абітурыенты дапускалі найбольшую колькасць памылак пры вызна­чэн­ні канчатка асабовых назоўнікаў 2-га скланен­ня з зацвярдзелай асновай: аб прафесару, аб док­тару, аб дыкта­ру. Каля 40 % выпускнікоў пры выкананні задання не змаглі правільна вызначыць канчаткі назоўнікаў 1-га скланення з асновай на к, які ў месным склоне адзіночнага ліку чаргуецца з ц: заяўка — (у) заяў­цы, закваска — (у) заквасцы, пралеска — (на) пралесцы. 30 % ня­пра­віль­на запісалі канчатак назоўніка дачка´ ў форме меснага склону адзі­ночнага ліку.

Веданне пачатковай формы любой часціны мовы неабходна для ўмення ўтвараць граматычныя формы слова. Практычна 65 % удзель­нікаў тэсціравання не ведалі, што прыметнікі малы, вялікі, добры, дрэнны ўтвараюць простую форму вышэйшай ступені параўнання ад іншых асноў пры дапамозе суфікса -ш-, і таму няправільна адзначылі як пададзеныя ў пачатковай форме прыметнікі меншы, большы, лепшы, горшы. 35 % абітурыентаў не ведалі пачатковай формы іншых прыметнікаў, прапанаваных у заданні ў простай форме вышэйшай ступені параўнання, напрыклад мякчэйшы.

Ад 30 да 60 % абітурыентаў не ведалі правіла асобнага напісання назоўнікаў з прыназоўнікамі пры наяўнасці залежных слоў: у глы­біню марскую, ад веку мінулага, у дзень сонечны і да т. п. Толькі 50 % абі­турыентаў правільна напісалі прыслоўі, утвораныя шляхам спалу­чэння прыназоўнікаў і склонавых форм поўных прыметнікаў і зай­меннікаў: укрутую, ухаластую, унічыю і інш.

Абітурыенты часцей за ўсё памыляліся ў напісанні не з прымет­нікамі, якія можна замяніць сінонімамі без не: недалёкі, неспакойны. Больш за 30 % з іх памылкова напісалі разам не з дзеепрыслоўямі: не знайшоўшы, не дайшоўшы, не заўважыўшы (Паводле З. Бадзевіч).

Дакладна сфармулюйце правілы, пра якія гаворыцца ў тэксце.