§ 19. ГЕАГРАФІЯ ЖЫВЁЛАГАДОЎЛІ

Мал. 133. Паша бразільскіх кароў зебу

Геаграфія асноўных відаў эканамічнай дзейнасці жывёлагадоўлі. У структуры жывёлагадоўлі асноўнае месца належыць тром падгалінам — жывёлагадоўлі, свінагадоўлі і авечкагадоўлі. Сярод іх вядучым з’яўляецца развядзенне буйной рагатай жывёлы (БРЖ). Яно развіваецца па трох напрамках: малочным, мяса-малочным і мясным. У лясной і лесастэпавай зоне ўмеранага пояса са стойлава-пашавым утрыманнем жывёлы развіваецца малочны напрамак. Мясную жывёлу разводзяць пераважна ў больш засушлівых раёнах умеранага і субтрапічнага кліматычных паясоў.

Сусветнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы складае 1491 млн галоў і мае нераўнамерны характар геаграфічнага размеркавання. Сярод рэгіёнаў найбольшым пагалоўем вылучаюцца Азія, Лацінская і Паўночная Амерыка. Вядучымі краінамі па пагалоўі з’яўляюцца Бразілія (214 млн галоў) (мал. 133), Індыя (185) і ЗША (94 млн галоў). Вялікае пагалоўе характэрна і для Кітая (84 млн галоў).

Мал. 134. Святая жывёла Індыі

У свеце цікавага. Каровы вельмі разумныя і назіральныя. Калі адна карова трапіць у бяду, напрыклад яе ўдарыць токам каля агароджы, то ні адна карова са статку больш не падыдзе да гэтай агароджы. У старажытных егіпцян карова ўвасабляла нябесную багіню Нут, а ў Індыі карова дагэтуль лічыцца святой жывёлай (мал. 134).

Мал. 135. Вертыкальныя свінафермы ў Кітаі

Свінагадоўля з’яўляецца відам дзейнасці ў жывёлагадоўлі, які найбольш дынамічна развіваецца. У адрозненне ад жывёлагадоўлі яна імкнецца пераважна да густанаселеных і прыгарадных раёнаў, якія забяспечаны кармамі і рынкамі збыту. Размяшчэнне свінагадоўлі абмежавана рэлігійнымі прычынамі ў краінах, дзе насельніцтва вызнае іслам або іўдаізм. Сусветнае пагалоўе свіней ацэньваецца ў 967 млн галоў. Яго размеркаванне мае яшчэ больш нераўнамерны характар, чым развядзенне буйной рагатай жывёлы. Больш за 50 % пагалоўя засяроджана ў Азіі, 14 % — у Амерыцы. Менавіта ў гэтых рэгіёнах прадстаўлены краіны — лідары па пагалоўі — Кітай (440 млн галоў) (мал. 135), ЗША (73), Бразілія (41 млн галоў).

Авечкагадоўля з’яўляецца старажытнай галіной сельскай гаспадаркі. Яна распаўсюджана ў краінах са значнымі плошчамі натуральных паш, пераважна ў арыдных і горных раёнах. У авечкагадоўлі развіваюцца тры напрамкі: мяса-воўнавы, засяроджаны ў раёнах з дастатковым увільгатненнем і мяккім кліматам; танкарунны і паўтанкарунны, якія размяшчаюцца ў больш засушлівых абласцях.

Мал. 136. Авечкі-мерыносы ў Аўстраліі

Сусветнае пагалоўе авечак налічвае 1202 млн галоў. Сярод краін — Кітай (161 млн галоў), Аўстралія (72) (мал. 136) і Індыя (63 млн галоў). Па пагалоўі сярод рэгіёнаў дамінуюць Азія (42 %) і Афрыка (26 %).

Свет і Беларусь. Чаму Мінская, Брэсцкая і Гродзенская вобласці вылучаюцца больш высокім узроўнем развіцця асноўных падгалін жывёлагадоўлі?

Папрацуем з атласам. Вызначыце спецыялізацыю жывёлагадоўлі ў залежнасці ад прыродных зон. Пакажыце на карце краіны — лідары па пагалоўі буйной рагатай жывёлы, свіней, авечак.