§ 19. ГЕАГРАФІЯ ЖЫВЁЛАГАДОЎЛІ

Фактары размяшчэння і развіцця жывёлагадоўлі. Развіццё жывёлагадоўлі абумоўлена як традыцыйнымі для сельскай гаспадаркі фактарамі, так і спецыфічнымі. Прыродныя і кліматычныя ўмовы вызначаюць спецыялізацыю жывёлагадоўлі. Сацыяльна-эканамічны фактар адыгрывае важную ролю ў развіцці галіны, якое будзе залежаць ад ступені механізацыі, капіталаўкладанняў у распрацоўку новых тэхналогій і інш. На развіццё галіны аказвае ўплыў міжнародны гандаль і інтэграцыйныя працэсы. Напрыклад, вялікая колькасць вытворцаў, якія спецыялізуюцца на выпуску адной і той жа прадукцыі, прыводзіць да палітыкі стрымлівання і скарачэння іх колькасці. У адрозненне ад раслінаводства вызначальную ролю ў развіцці і размяшчэнні жывёлагадоўлі адыгрывае кармавая база — яе характар і памеры. Здольнасць вырошчваць, нарыхтоўваць, перапрацоўваць і захоўваць розныя віды кармоў выступаюць асновай развіцця падгаліны. Найбольш высокія патрабаванні да кармавой базы прад’яўляюцца пры развядзенні буйной рагатай жывёлы, асабліва малочнага напрамку. Асаблівае месца ў жывёлагадоўлі займае спажывецкі фактар. Напрыклад, свінагадоўля прымеркавана да раёнаў з вялікай колькасцю насельніцтва і буйных гарадоў. Прадпрыемствы птушкагадоўлі таксама больш выгадна размяшчаць паблізу гарадоў.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. У развітых краінах жывёлагадоўля развіваецца ў асноўным інтэнсіўным шляхам. Яна заснавана на палявой кормавытворчасці і культурных пашах, з шырокім распаўсюджваннем малочнай жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі і свінагадоўлі ў прыгарадных зонах. Такая жывёлагадоўля атрымала развіццё, напрыклад, у Еўропе, на паўночным усходзе ЗША. Распаўсюджаны ў развітых краінах і шырокія раёны экстэнсіўнай пашавай жывёлагадоўлі. Напрыклад, у Аўстраліі, Канадзе, на захадзе ЗША. Для большасці краін, якія развіваюцца, усё яшчэ характэрна пераважна экстэнсіўная жывёлагадоўля. Буйное пагалоўе сельскагаспадарчых жывёл спалучаецца з іх нізкай прадукцыйнасцю, шырокім выкарыстаннем у якасці цяглавой сілы і распаўсюджваннем шырокіх раёнаў качавой і паўкачавой жывёлагадоўлі. Аднак у шэрагу краін Лацінскай Амерыкі і Азіі, якія развіваюцца, актыўна развіваецца інтэнсіўная жывёлагадоўля (Бразілія, Аргенціна, краіны Паўднёва-Заходняй і Усходняй Азіі).

Паразважаем. Уявіце сябе фермерам, які ў прыгараднай зоне набыў ўчастак зямлі і вырашыў заняцца малочнай гаспадаркай. Якія ўмовы пры гэтым вы будзеце ўлічваць? Як будзеце прадаваць прадукцыю? Што вы зробіце, каб прадукцыя вашай вытворчасці стала канкурэнтнай з прадукцыяй іншых прадпрыемстваў?