§ 12. РАЗМЯШЧЭННЕ НАСЕЛЬНІЦТВА СВЕТУ

Палосы канцэнтрацыі насельніцтва ў рэгіёнах свету. Унутрыкраінная дыферэнцыяцыя шчыльнасці насельніцтва. Рэгіёны свету адрозніваюцца шэрагам асаблівасцей размяшчэння насельніцтва.

Еўропа — рэгіён з адносна раўнамерна высокай шчыльнасцю насельніцтва, якая ўтвараецца пераважна за кошт гарадскіх жыхароў. У рэгіёне вылучаюцца тры паласы высокай шчыльнасці насельніцтва.

Першая паласа пачынаецца на паўднёвым усходзе Англіі, праходзіць праз Бельгію, Нідэрланды, Люксембург і даліну Рэйна на ўсход, у Сілезію. Другая паласа ідзе з поўначы на поўдзень па даліне Рэйна і, перарываючыся Альпамі, пашыраецца ў Паўночнай Італіі, ахопліваючы даліну ракі По. Трэцяя паласа прадстаўлена адносна густазаселенай далінай Дуная і ўзбярэжжам Міжземнага мора.

У Еўропе вылучаюцца краіны з выяўленай унутранай дыферэнцыяцыяй размяшчэння насельніцтва. У першую чаргу гэта Вялікабрытанія і Францыя.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. У Вялікабрытаніі, у паўднёва-ўсходняй частцы, сярэдняя шчыльнасць перавышае 350 чал./км2, у той час як у Шатландыі яна меншая за 10 чал./км2. У Францыі ў гарыстых раёнах Цэнтральнага масіва шчыльнасць насельніцтва ў некалькі разоў меншая, чым у прыбярэжных раёнах Брэтані, і г. д.

Азія з’яўляецца рэгіёнам са значнымі кантрастамі ў размяшчэнні насельніцтва, якое, у адрозненне ад Еўропы, фарміруецца за кошт сельскіх жыхароў. Як і ў Еўропе, тут вылучаюцца краіны з дыферэнцыяцыяй размяшчэння насельніцтва. Гэта Кітай з густазаселенымі ўсходнімі раёнамі і надзвычай рэдказаселенымі раёнамі Тыбета. У Індыі густазаселеная даліна Ганга знаходзіцца ў кантрасце з рэдказаселеным пласкагор’ем Дэкан і слабаабжытымі гімалайскімі раёнамі. У Інданезіі шчыльнасць насельніцтва на в. Ява перавышае 600 чал./км2, а на Калімантане — менш за 50 чал./км2.

Паразважаем. Чаму на в. Ява самая вялікая шчыльнасць насельніцтва, а на размешчаным побач в. Калімантан — нязначная? Як звязаны паміж сабой сельская гаспадарка і шчыльнасць насельніцтва?

Афрыка з’яўляецца рэгіёнам адносна слабазаселеным, дзе значэнне шчыльнасці насельніцтва ніжэйшае за сярэднесусветны ўзровень. Найбольшай дыферэнцыяцыяй у размяшчэнні насельніцтва ў межах краін вылучаецца Паўночная Афрыка.

Амерыка характарызуецца адносна слабай заселенасцю пры пастаянным росце колькасці насельніцтва. Краінамі з выяўленай унутранай дыферэнцыяцыяй у характары размяшчэння насельніцтва з’яўляюцца Канада, ЗША, Бразілія.

Падвядзём вынікі. Насельніцтва на Зямлі размешчана нераўнамерна. На размяшчэнне насельніцтва аказалі ўплыў тры гістарычныя фактары. Аднак вялікае значэнне і такіх фактараў, як ..., ..., ... . Асноўны паказчык для вывучэння размяшчэння насельніцтва — ... насельніцтва. Існуюць значныя адрозненні паміж рэгіёнамі свету па шчыльнасці насельніцтва. У рэгіёнах свету вылучаюць ... канцэнтрацыі насельніцтва. Адрозненні ў шчыльнасці насельніцтва існуюць і ўнутры дзяржаў.

Праверым свае веды. 1. Што такое шчыльнасць насельніцтва? 2. Якая шчыльнасць насельніцтва свету? 3. Назавіце групы фактараў, якія аказваюць істотны ўплыў на размяшчэнне насельніцтва Зямлі. 4. Якая краіна характарызуецца найбольшай шчыльнасцю насельніцтва ў свеце і чым гэта можна растлумачыць?

Ад простага да складанага. 1. Чаму паказчык сярэдняй шчыльнасці насельніцтва свету мае тэндэнцыю росту? 2. Што меў на ўвазе вядомы географ А. І. Ваейкаў, калі сказаў, што «вырашальным фактарам у размеркаванні насельніцтва з’яўляецца не столькі навакольнае асяроддзе, колькі сам чалавек»?

Ад тэорыі да практыкі. 1. Па прагнозах навукоўцаў, да 2056 г. колькасць насельніцтва Зямлі дасягне 10 млрд чалавек. Разлічыце прагнозную шчыльнасць насельніцтва свету ў 2056 г. i параўнайце з сучаснай. 2. Накладзіце фізічную карту свету на карту шчыльнасці насельніцтва і вызначыце, якія экстрэмальныя прыродныя ўмовы не спрыяюць размяшчэнню людзей на планеце.

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Перспектывы сусветнага насельніцтва, 2019 г. Аддзяленне народанасельніцтва ААН.