§ 12. РАЗМЯШЧЭННЕ НАСЕЛЬНІЦТВА СВЕТУ

Геаграфія шчыльнасці насельніцтва свету. Насельніцтва свету размешчана ў межах рэгіёнаў і краін вельмі нераўнамерна. Шчыльнасць насельніцтва няўхільна павялічваецца і складае 59 чал./км2. Максімальны паказчык шчыльнасці, за выключэннем найдрабнейшых дзяржаў, адзначаны ў Бахрэйне (мал. 82) (1964 чал./км2). Мінімальныя значэнні зафіксаваны ў Манголіі (мал. 83) (1,9 чал./км2).

У свеце цікавага. З найдрабнейшых дзяржаў максімальныя паказчыкі шчыльнасці насельніцтва характэрныя для Манака (25 709,4 чал./км2) і Сінгапура (7907,5 чал./км2).

У выніку адрозненняў у характары натуральнага руху і міграцыі шчыльнасць насельніцтва ў развітых краінах і краінах, якія развіваюцца, значна адрозніваецца (мал. 84). У краінах, якія развіваюцца, яна значна вышэйшая і перавышае 75 чал./км2, у развітых — амаль у тры разы меншая — крыху больш за 25 чал./км2.

Найбольш густазаселеным рэгіёнам свету з’яўляецца Азія (142,4 чал./км2). У Афрыцы шчыльнасць насельніцтва складае 40,3 чал./км2. Еўропа з Расіяй і Паўднёвая Амерыка характарызуюцца прыкладна роўнымі паказчыкамі — 33,5 і 31,4 чал./км2. У краінах Паўночнай Амерыкі — 19,1 чал./км2. Рэдказаселеным рэгіёнам свету з’яўляюцца Аўстралія і Акіянія — 4,7 чал./км2 (мал. 85).

Папрацуем з атласам. Вылучыце рэгіёны свету з максімальнай і мінімальнай шчыльнасцю насельніцтва. Вызначыце, як паўплывалі прыродныя ўмовы на шчыльнасць насельніцтва ў гэтых рэгіёнах.

Свет і Беларусь. Якая шчыльнасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь? Якая вобласць мае найбольшую шчыльнасць насельніцтва, якая — найменшую? У чым сутнасць змен, што адбываюцца ў размяшчэнні насельніцтва Беларусі ў цяперашні час?