Практычная работа 4. Рашэнне эксперыментальных задач
Рашэнне эксперыментальных задач
Варыянт 1
Акісленне этанолу да воцатнага альдэгіду
У прабірку з газаадводнай трубкай змясціце 0,5 г дыхрамату калію (K2Cr2O7), 2 см3 разбаўленай сернай кіслаты і 2 см3 этанолу, сумесь страсяніце. Назіраецца разаграванне сумесі і змяненне яе афарбоўкі.
Дабаўце ў прабірку цэнтры кіпення, замацуеце яе нахільна і апусціце газаадводную трубку амаль да дна другой прабіркі, у якую наліта 2 см3 халоднай вады і якая змешчана ў шклянку з лёдам. Асцярожна нагрэйце рэакцыйную сумесь. На працягу 2–3 мінут аб’ём сумесі ў прабірцы-прыёмніку павялічваецца амаль удвая, пасля гэтага награванне спыніце і разбярыце прыбор. Прысутнасць альдэгіду вызначце па паху і з дапамогай якасных рэакцый.
Варыянт 2
Вылучэнне вышэйшых тлустых кіслот з мыла
Утварэнне нерастваральных солей вышэйшых тлустых кіслот
У шклянцы растварыце 1 г мыльнай стружкі ў 10 см3 дыстыляванай вады (чаму дыстыляванай?). Атрыманы раствор падзяліце на тры часткі.
Да першай прыліце 2 см3 10%-га раствору сернай кіслаты. Сумесь нагрэйце амаль да кіпення. Тлустыя кіслоты, якія расплавіліся, усплываюць у выглядзе слоя, што зацвердзявае пры ахаладжэнні раствору.
У другую прабірку прыліце 1 см3 5%-га раствору хларыду кальцыю. Да асадку кальцыевай солі прыліце 10%-ны раствор воцатнай кіслаты. Асадак раствараецца, адбываецца вылучэнне тлустых кіслот, якія ўтвараюць пры награванні алейны слой.
У трэцюю прабірку прыліце 1 см3 5%-га раствору меднага купарвасу. Прабірку з асадкам меднай солі нагрэйце да пачатку кіпення, пры гэтым соль усплывае ў выглядзе ізумрудна-зялёнага кольца. Калі ў растворы маецца лішак натрыевага мыла, дослед не атрымліваецца. У гэтым выпадку дабаўце яшчэ крыху 5%-га раствору меднага купарвасу і зноў сумесь нагрэйце да кіпення.
Варыянт 3
Высаліванне мыла
У прабірку наліце 3–5 см3 воднага раствору мыла, падагрэйце яго і дабаўце пры перамешванні сухі хларыд натрыю. Па меры насычэння раствору соллю растваральнасць мыла памяншаецца, раствор пачынае мутнець і нарэшце натрыевае мыла ўсплывае над празрыстай вадкасцю ў выглядзе тварожыстых шматкоў. Гэты працэс называюць высаліваннем, яго часта прымяняюць у лабараторнай практыцы і ў прамысловасці пры вылучэнні арганічных рэчываў з водных раствораў.
Варыянт 4
Атрыманне складанага эфіру
У прабірку змясціце па 2–3 см3 этылавага або ізаамілавага спірту (3-метылбутанолу-1), потым прыкладна такі ж аб’ём воцатнай кіслаты. Дабаўце 1 см3 канцэнтраванай сернай кіслаты. Для раўнамернага кіпення дабаўце крыху сухога пяску або фарфоравых крошак. Закаркуйце прабірку коркам з доўгай трубкай, якая служыць адваротным халадзільнікам. Награвайце прабірку на працягу некалькіх мінут. Пасля ахаладжэння наліце ў прабірку некалькі см3 вады. Вадкасць расслаіцца. Верхні слой — складаны эфір. Пры выкарыстанні ізаамілавага спірту складаны эфір мае пах груш.