§ 38. Складаныя эфіры

Хімічныя ўласцівасці

Кіслотны гідроліз

Важная хімічная ўласцівасць складаных эфіраў — узаемадзеянне іх з вадой у прысутнасці сернай кіслаты, якая прыводзіць да ўтварэння карбонавай кіслаты і спірту. Гэта рэакцыя называецца кіслотным гідролізам складанага эфіру:

img

Як бачна, гідроліз складанага эфіру з’яўляецца рэакцыяй, адваротнай рэакцыі этэрыфікацыі. Калі для правядзення рэакцыі этэрыфікацыі выкарыстоўваліся канцэнтраваныя (якія практычна не змяшчаюць ваду) растворы зыходных рэчываў, то гідроліз, наадварот, праводзяць у лішку вады.

Шчолачны гідроліз

Для таго каб прадухіліць адваротную рэакцыю — узаемадзеянне спірту і кіслаты, якія атрымліваюцца, з утварэннем эфіру — можна праводзіць гідроліз у прысутнасці шчолачы (шчолачны гідроліз). У такім выпадку шчолач будзе ператвараць карбонавую кіслату ў соль і тым самым ліквідаваць магчымасць працякання адваротнай рэакцыі:

img