Лабараторны дослед 2. Акісленне этанолу аксідам медзі(II)
Медны дрот нагрэйце ў полымі спіртоўкі да чырвонага напальвання. Пры гэтым паверхня медзі пакрываецца чорным налётам з прычыны акіслення да аксіду медзі(II), які мае чорны колер. Пасля гэтага хутка апусціце напалены дрот у прабірку з этылавым спіртам. Назіраецца знікненне чорнага налёту, і паверхня меднага дроту становіцца бліскучай. Калі дослед правесці некалькі разоў, адчуваецца яблычны пах, уласцівы воцатнаму альдэгіду.
Растлумачце з’явы, што назіраюцца, напішыце ўраўненні рэакцый, якія працякаюць.