§ 18. Алкіны

Пытанні і заданні

1. Адлюструйце шарастрыжнёвую мадэль малекулы бутыну-2. Укажыце тыпы гібрыдызацыі атамаў вугляроду ў дадзенай малекуле і валентныя вуглы. Ці можа бутын-2 існаваць у выглядзе прасторавых цыс- і транс-ізамераў?

2. Ці існуе вуглевадарод разгалінаванай будовы, які змяшчае ў малекуле чатыры атамы вугляроду і: а) двайную сувязь; б) трайную сувязь?

3. Напішыце структурныя формулы ізамерных алкінаў саставу С5Н8. Дайце ім назвы.

* Напішыце структурныя формулы міжкласавых ізамераў такога самага саставу.

4. Напішыце ўраўненне рэакцыі далучэння адной малекулы брому да малекулы бутыну-2. Назавіце прадукт рэакцыі.

5. У выніку няпоўнага гідрыравання алкіну атрымліваецца алкен, пры ўзаемадзеянні якога з бромнай вадой утвараецца дыбромвытворнае алкану саставу C4Н8Br2, малекула якога мае сіметрычную будову. Прывядзіце структурную формулу алкіну і алкену, а таксама ўраўненні ўсіх рэакцый, якія працякаюць.

6. Пры ажыццяўленні зварачных работ для атрымання ацэтылену з карбіду кальцыю выкарыстоўваюцца генератары ацэтылену, адзін з якіх паказаны на малюнку. Які аб’ём ацэтылену (дм3, н. у.) можна атрымаць з 3 кг тэхнічнага карбіду кальцыю, які змяшчае 22 % дамешак?

7*. Газападобны вуглевадарод аб’ёмам 400 мл (н. у.) змяшалі з кіслародам аб’ёмам 1000 мл (н. у.) і падпалілі. Рэчывы прарэагавалі поўнасцю, і ўтварыўся вуглякіслы газ аб’ёмам 800 мл (н. у.) і вада. Вызначце формулу вуглевадароду.
(Адказ: ацэтылен.)