Практычная работа 1. Атрыманне этылену і вывучэнне яго ўласцівасцей
Мэта работы. Атрыманне этылену і правядзенне якасных рэакцый на двайную сувязь.
Абсталяванне і рэактывы. Прабірка з газаадводнай трубкай, штатыў з прабіркамі, спіртоўка, запалкі, сумесь этанолу з канцэнтрыраванай сернай кіслатой, раствор ёду (выкарыстоўваецца замест бромнай вады), раствор перманганату калію.
Ход работы. Змясціце ў прабірку, забяспечаную газаадводнай трубкай, крыху сухога пяску (ён неабходны для забеспячэння раўнамернага кіпення змесціва прабіркі), потым выдадзеную вам сумесь этанолу і сернай кіслаты (прыкладна 5 см3). Закаркуйце прабірку закупаркай з газаадводнай трубкай, змясціце яе канец у шклянку з вадой. Праверце прыбор на герметычнасць, нагрэўшы яго рукамі. Пераканаўшыся ў герметычнасці прыбора, асцярожна пачынайце награванне сумесі этанолу з сернай кіслатой з дапамогай спіртоўкі. Канец газаадводнай трубкі змясціце спачатку ў прабірку з растворам ёду, потым у прабірку з растворам перманганату калію. Што пры гэтым назіраецца?
Апішыце з’явы, якія назіраюцца, напішыце адпаведныя ўраўненні і схемы рэакцый.