§ 16. Атрыманне і прымяненне алкенаў

*Атрыманне алкенаў

Алкены ў лабараторыі можна атрымаць у выніку награвання дыгалагенвытворных алканаў з цынкам:

img

Звярніце ўвагу, што атамы галагену павінны размяшчацца ў суседніх атамаў вугляроду. Так як у выніку рэакцыі ад малекулы арганічнага рэчыва адшчапляецца малекула галагену, такая рэакцыя называецца рэакцыяй дэгалагенавання.

Яшчэ адным метадам атрымання алкенаў з’яўляецца гідрыраванне вуглевадародаў, малекулы якіх змяшчаюць трайную сувязь C img C. Калі праводзіць працэс гідрыравання з выкарыстаннем звычайных каталізатараў, напрыклад паладыю, то алкен, які ўтвараецца, лёгка далучае вадарод з утварэннем алкану. Каб гэтага не адбылося, актыўнасць каталізатара зніжаюць апрацоўкай яго соллю свінцу. Злучэнні, якія зніжаюць актыўнасць каталізатараў, называюцца каталітычнымі ядамі, а сам каталізатар — «атручаным». Схема рэакцыі гідрыравання ацэтылену на «атручаным» каталізатары:

img