§ 16. Атрыманне і прымяненне алкенаў

Прымяненне алкенаў

Асноўная галіна прымянення алкенаў — атрыманне палімераў. З этылену і прапілену атрымліваюць поліэтылен і поліпрапілен, якія выкарыстоўваюць для самых разнастайных вырабаў, што прымяняюцца ў побыце і прамысловасці.

Рэакцыяй гідратацыі этылену атрымліваюць этылавы спірт.

У выніку далучэння хлору да этылену атрымліваюць 1,2-дыхлорэтан, які прымяняюць у якасці растваральніка:

img

Этылен паскарае паспяванне разнастайных пладоў (груш, дынь, памідораў і г. д.). З мэтай лепшага захоўвання плады можна транспарціраваць няспелымі і даводзіць іх да паспявання на месцы, уводзячы ў паветра сховішчаў этылен.

Акрамя гэтага, алкены прымяняюцца для сінтэзу розных арганічных рэчываў.

Цікава ведаць

Яблыкі пры захоўванні вылучаюць этылен, таму для паскарэння паспявання некаторых фруктаў, напрыклад бананаў, у ёмістасць, дзе яны захоўваюцца, змяшчаюць некалькі кавалачкаў яблыка. Паспрабуйце ажыццявіць гэты эксперымент дома з зялёнымі бананамі.

У адрозненне ад алканаў, змяшчэнне алкенаў у прыродных крыніцах невялікае, таму іх неабходна атрымліваць у выніку хімічных рэакцый.

Алкены атрымліваюць дэгідратацыяй спіртоў, дэгідрагалагенаваннем галагенвытворных алканаў, дэгідрыраваннем алканаў.

Алкены выкарыстоўваюцца ў якасці манамераў пры вытворчасці палімераў і для сінтэзу розных арганічных рэчываў.