§ 30. Ужыванне асабовых займеннікаў, зваротнага займенніка сябе, ужыванне прыназоўніка пры адмоўным займенніку; акцэнталагічныя нормы пры скланенні займеннікаў сам, сама, самы, ніхто, нішто

Практыкаванне № 185

Прачытайце тэкст, раскрываючы дужкі і ўстаўляючы патрэбныя формы займеннікаў. Вызначце яго стыль. Абгрунтуйце сваё меркаванне.

Верны рыцар

Клара і Слава сябруюць. Сёння, 28 лютага, у Клары дзень нараджэння.

На яго святкаванне Клара (ніхто) з вучняў не запрашала. І (ён), Славу, не запрашала. А ён ідзе, бо ведае, што на дзень нараджэння сябры павінны прыходзіць (сам).

Прыйшоўшы са школы, Слава адразу сеў за чарцяжы. Трэба зрабіць два — (сябе) і Клары. Дзяўчыне няма калі займацца (нейкі) там чарцяжамі. У яе сёння трэніроўка. Слава як сапраўдны рыцар заўсёды дапамагаў дзяўчыне ва (увесь).

Падарунак для Клары стаяў на стале. Гэта быў невялікі букецік жывых ландышаў. Каб падарыць ландышы сёння, Слава яшчэ ўвосень выкапаў (яны) на лецішчы разам з дзірваном. Хлопец даглядаў іх, і ландышы зацвілі, запахлі вясной. Яе, вясну, і падорыць Слава сваёй сяброўцы.

У сем гадзін вечара хлопец стаяў каля дзвя­рэй Кларынай кватэры. Калі за дзвярыма сціхла музыка, ён пазваніў. Як заўсёды, дзверы адчыніла хатняя работніца. Слава зайшоў і сумеўся ад незнаёмых позіркаў.

— Ну што, зрабіў чарцёж? — спытала Клара.

— Зрабіў, — адказаў Слава і працягнуў ёй скрутак. — Гэта табе. З днём нараджэння.

Клара ўзяла скрутак, здзівілася яго лёг­кас­ці, узважыла на руцэ і разгарнула.

— Кветкі, — усміхнулася яна. — Дзякуй. Глянь, колькі мне сёння (усялякі) кветак на­неслі.

— То ж хатнія, зімовыя. А (гэты) пахнуць (сама) вясной.

Клара пакруціла ў руцэ букецік і аддала яго (нехта) з гасцей. Той панюхаў букецік, а потым, не падымаючыся з канапы, уторкнуў яго ў вузенькую, як горла гусака, вазу, што стаяла на падаконніку.

— Ландышы. Яны вясной пяць капеек пучок, — сказаў госць.

Хатняя работніца пачала накрываць на стол, і ўсе ажывіліся: пачалі смяяцца, жартаваць.

На Славу ніхтом не звяртаў увагі, ён (ніхто) не быў цікавы. Хлопец спачатку чытаў старую газету, а потым выйшаў у калідор. Апрануў паліто, азірнуўся і сустрэўся вачыма з Кларай. Яна ўсміхнулася і па­махала (ён) на развітанне рукой.

(Ніхто) не развітаўшыся, Слава выйшаў з кватэры. З двара ён зірнуў на акно, белае ад яркага святла, і на падаконніку заўважыў тую вазу, у (які) бялелі дробныя званочкі яго ландышаў.

Славу зрабілася шкада (гэты) кветак. Хай бы яны раслі на леці­ш­чы і цвілі ў маі. Навошта было прыносіць (яны) людзям, якія не шануюць сяброўства і за вясну плацяць толькі пяць капеек (Павод­ле В. Хомчанкі).

Чаму тэкст мае такую назву?
Ці з’яўляюцца Слава і Клара сапраўднымі сябрамі? Што для вас сяброўства?
• Запішыце назоўнікі Слава, Клара, работніца, рыцар, гусак, хлопец у форме давальнага і меснага склону адзіночнага ліку.
 Разгледзьце малюнак ландышаў. Апішыце іх у навуковым стылі.
Выпішыце з тэксту ключавыя словы. Падзяліце тэкст на часткі і перакажыце яго.