§ 29. Ужыванне колькасных і парадкавых лічэбнікаў; спалучальнасць зборных лічэбнікаў з назоўнікамі і займеннікамі

Практыкаванне № 287

Прачытайце. Пад якой назвай можна аб’яднаць гэтыя тэксты?

1.  Полацк самы старажытны горад Беларусі. (У)першыню ён у..гадваецца ў «Апов..сці мінулых гадоў» у 862 годзе. У Полацк.. зна­ходзіцца самая старажытная камен..ая пабудова Беларусі (С/с)а­фій­скі сабор узведзены ў 1044—1066 гадах.

2.  Самы малады горад Беларусі — Крупкі (Мінская вобласць). Ён атрымаў статус горада ў 1991 годзе.

3.  Нацыянальны парк «Белавежская пушча» ўвайшоў у Спіс Су­светнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў 1992 годзе і праз год атры­маў статус біясфернага запаведніка.

4.  Самая старая беларуская школа, якая дзейнічае дагэтуль, зна­ходзіцца ў Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Сёння яна на­зываецца ДУА «Барунскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад —ся­рэдняя школа». У 2017 годзе гэта ўстанова адукацыі адзначыла 400-гадовы юбілей (Паводле І. Зімневай).

Знайдзіце ў тэксце парадкавыя лічэбнікі.
Спішыце першы тэкст, раскрываючы дужкі, устаўляючы прапушчаныя літары і расстаўляючы знакі прыпынку. Лічэбнікі запішыце словамі.
У апошнім сказе чацвёртага тэксту знайдзіце парадкавы лічэбнік. Запішыце яго словамі і праскланяйце разам з назоўнікам, да якога ён дапасуецца.
• Знайдзіце ў тэкстах прыметнікі ў форме найвышэйшай ступені параўнання. Па­кажыце, як яны ўтварыліся. Параўнайце па часе ўзнік­нення горад Полацк з іншымі беларускімі гарадамі.
 Разгледзьце выяву паштовай маркі. Што на ёй адлюстравана? Да якой падзеі быў прымеркаваны яе выпуск?
Як выглядае сучасны герб Полацка? Апішыце яго. Якія лі­чэбнікі вы выкарыстаеце пры апісанні?