§ 29. Ужыванне колькасных і парадкавых лічэбнікаў; спалучальнасць зборных лічэбнікаў з назоўнікамі і займеннікамі

Практыкаванне № 279

Прачытайце. Запішыце колькасна-іменныя словазлучэнні словамі. Раскажыце пра асаблівасці змянен­ня лічэбнікаў і іх сувязь з назоўнікамі.

Смачныя навіны

Што падаць да святочнага стала? Зразумела, што торт! Яго можна прыгатаваць самім.

Разатрыце 2 яйкі з 200 г (1 шклянкай) цукру, змяшайце з 250 г (1 шклянкай) кефіру, 1 шклянкай варэння і 350 г (2 шклянкамі) мукі. Дабаўце чайную лыж­ку соды, абсыпце форму маннымі крупамі і выпякайце корж.

Для крэму да 250 г смятаны дабаўце 80 г цукру і ўзбіце або 150 г масла змяшай­це са 150 г згушчанага малака. Зразу­мела, прадукты гэтыя цяпер не вельмі танныя, але, пакаштаваўшы торт, вы не пашкадуеце пра 250 г кефіру і 350 г мукі! (Паводле А. Служэўскай).

 Разгледзьце малюнак. Складзіце паводле яго рэцэпт кактэйлю. Запішыце рэцэпт, замяняючы лікі словамі.

• Выпішыце з тэксту дзеясловы загаднага ладу. Графічна пакажыце, як яны ўтварыліся. Якія марфемы ўдзельнічалі ў іх утварэнні?
• Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў апошнім сказе тэксту.