Абагульняльныя пытанні і заданні

Да тэмы 1. Заходні мір в XVI – XVIII стст.

1. Назавіце храналагічныя рамкі Новага часу.

2. Пералічыце рысы сучаснай цывілізацыі, якія склаліся ў Новы час.

3. Выкарыстоўваючы тэрміны «рэвалюцыя цэн», «Вялікія геаграфічныя адкрыцці», «мануфактурны капіталізм», «сусветны рынак», «буржуазія», «традыцыйнае грамадства», «індустрыяльнае грамадства», «накапленне капіталу», «мануфактура», «Рэфармацыя», «прамысловы пераварот», «мадэрнізацыя», выбудуйце лагічны ланцужок (або гекс), каб паказаць прычынна-­выніковыя сувязі гістарычных падзей першага перыяду Новага часу.

4. Выкарыстоўваючы картасхемы вучэбнага дапаможніка і карты атласа, сфармулюйце выснову аб тэрытарыяльных зменах, што адбыліся ў Новы час.

5. Выкарыстоўваючы храналагічную табліцу ў пачатку раздзела, назавіце ключавыя і найбольш значныя, на вашу думку, падзеі вывучанага гістарычнага перыяду. Растлумачце ваш пункт гледжання.

6. Вялікія геаграфічныя адкрыцці ліквідавалі ізаляванасць цывілізацый, але за кошт знішчэння старажытных культур і фізічнага вынішчэння індзейцаў. Ці варта лічыць Вялікія геаграфічныя адкрыцці прагрэсіўнай з’явай у гісторыі чалавецтва? Правядзіце дыскусію па гэтым пытанні.

7. Прачытайце фрагменты з трактата М. Лютэра «Пра свабоду хрысціяніна». Адкажыце на пытанні да дакумента.

…Ты спытаеш, аднак: якое ж гэта Слова, што дае такую вялікую міласць, і як мне трэба ім карыстацца? Адказваю: гэта не што іншае, як пропаведзь аб Хрысце, як яе змяшчае Евангелле. Калі ты сапраўды верыш і разумееш, наколькі вінаваты, то адчаешся… <…> Каб, аднак, вызваліць цябе ад цябе самога, інакш кажучы, ад тваёй пагібелі, Ён ставіць перад табой свайго ўлюбёнага Сына Ісуса Хрыста і сваім жывым, суцяшальным Словам гаворыць табе: аддай сябе моцнай веры ў Яго, у якой нястомна знаходзься, і дзеля гэтае самае веры ўсе твае грахі даруюцца табе. <…>

Таму адзінай годнай справай і заняткам усіх хрысціян было б імкнуцца да таго, каб увасобіць у сабе Слова і Хрыста, пастаянна практыкуючы і ўмацоўваючы такую веру, паколькі ніякая іншая справа не здолее зрабіць хрысціяніна. Як сказана (Мк 16): «Хто будзе вераваць і хрысціцца, уратаваны будзе; а хто не будзе вераваць, асуджаны будзе». <…> Вера, у якой дакладна ёсць выкананне ўсіх запаведзяў, спаўна апраўдае ўсіх, хто мае яе, так што ні ў чым яны больш не маюць патрэбы, каб быць праведнымі і набожнымі. Тут трэба адзначыць і сур’ёзна запомніць, што адна вера робіць праведным, без якіх-небудзь спраў, як убачым далей. <…>

Адсюль лёгка заўважыць, чаму вера можа так шмат і што ніякія добрыя справы не могуць параўнацца з ёю. Паколькі ніякая добрая справа не ўтрымаецца за Боскае Слова так, як вера.

1. Як бачыць М. Лютэр становішча чалавека ў свеце? Як вера дапамагае хрысціяніну справіцца са сваім становішчам? 2. Чым адрозніваецца вучэнне М. Лютэра ад традыцыйнага каталіцкага погляду на веру?

8. Прачытайце фрагмент з твора «Новы Арганон» Ф. Бэкана.

…Не трэба дапускаць, каб розум пераскокваў ад прыватнасцяў да аддаленых і амаль самых агульных аксіём (г. зн. ісцін)… і па іх непахіснай ісціннасці… усталёўваў сярэднія аксіёмы. Так было дагэтуль… Для навук жа варта чакаць дабра толькі тады, калі мы будзем узыходзіць … ад прыватнасцяў да меншых аксіём і затым да сярэдніх, адна вышэй за другую, і, нарэшце, да самых агульных… Таму чалавечаму розуму трэба надаць не крылы, а хутчэй свінец і цяжар, каб яны стрымлівалі ўсякі скачок і палёт.

1. Як называецца метад навуковага пазнання, распрацаваны Ф. Бэканам? 2. Якія перавагі ён даў вучоным?

9. Як вы думаеце, пры якіх гістарычных абставінах і чаму зацвярджалася абсалютысцкая ўлада манархаў? Ці адыгрывалі ў гэтым сваю ролю характар і рысы характару манархаў? Чаму?

10. Вызначце асноўныя вынікі палітыкі абсалютызму ў Англіі, у Францыі, у Расіі.

11. Ахарактарызуйце асноўныя змены, што адбыліся ў краінах Еўропы, Азіі, Афрыкі і ў Расіі, паслядоўна разглядаючы наступныя сферы жыцця грамадства: а) эканамічную, б) палітычную, в) прававую), г) сацыяльную, д) духоўную.

12. Вызначце, як узаемазвязаны эканамічныя, сацыяльныя, палітычныя змены, што адбыліся ў Новы час, і змены ў культуры, навуцы і тэхніцы. Аформіце свой адказ у выглядзе: а) схемы (ментальнай карты, гексаў), б) разгорнутага плана.

13. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, складзіце партрэт аднаго з прадстаўнікоў культуры XVI—XVIII стст. (на выбар). Вынік можна прадставіць у выглядзе біяграфічнай даведкі, артыкула для размяшчэння ў Вікіпедыі, прэзентацыі, буклета, рэзюмэ, старонкі ў сацыяльных сетках.

14. Уявіце, што вам трэба будзе зняць фільм пра аднаго з гістарычных дзеячаў вывучанага перыяду. Вызначце, каго вы вылучыце ў якасці галоўнага героя, і складзіце кароткі сцэнар: адбярыце герояў фільма, факты, пракаментуйце іх. Растлумачце свае адносіны да абранай гістарычнай асобы.