§ 22-1. Сустрэча цывілізацый

3. Першыя калоніі ў Амерыцы

Згодна з Тардэсільяскай дамовай паміж Іспаніяй і Партугаліяй аб падзеле сфер уплыву ў свеце па Атлантычным акіяне Іспанія прэтэндавала на вялікую частку Новага Свету. Пачуўшы пра незлічоныя багацці ў Амерыцы, іспанскія заваёўнікі (канкістадоры) без прамаруджання адправіліся на іх пошукі.

На працягу 15 гадоў дзве самыя магутных дзяржавы ў Амерыцы — ацтэкаў і інкаў — былі заваяваны канкістадорамі. Іспанскія манархі арганізоўвалі на заваяваных землях цэнтралізаванае кіраванне. Іх каланіяльная імперыя ў Амерыцы праіснавала каля 300 гадоў.

Заваяваныя тэрыторыі падзялілі на 5 правінцый. Самымі багатымі з іх былі Новая Іспанія (Мексіка) і Перу. У кожнай правінцыі кароль прызначаў свайго прадстаўніка — віцэ-караля. Акрамя таго, быў створаны Савет па справах Індый, які знаходзіўся ў Мадрыдзе і прымаў законы для калоній. Віцэ-каралі і Савет па справах Індый часта сапернічалі паміж сабой. Нярэдка Савет умешваўся нават у нязначныя справы, напрыклад, прымаў рашэнні аб даўжыні гарадскога квартала або кірунку вясковых вуліц.

Іспанія кантралявала таксама мясцовыя органы кіравання ў Амерыцы. У кожным горадзе кароль прызначаў членаў кабільда, або гарадскога савета, які павінен быў падтрымліваць парадак і займацца ўмацаваннем каштоўнасцяў іспанскай цывілізацыі на каланізаваных тэрыторыях. Мясцовая адміністрацыя ажыццяўляла кантроль над будаўніцтвам гарадоў і вёсак. Ужо ў XVI ст. у г. Мехіка, сталіцы Новай Іспаніі, была праведзеная сістэма грамадскага водазабеспячэння, брукаваныя вуліцы асвятляліся, былі адкрыты друкарня і ўніверсітэт.

У пачатку XVI ст. каралеўскай уладай у іспанскіх калоніях у Амерыцы была ўведзена энкамьенда. Усе індзейцы аб'яўляліся васаламі караля, але аддаваліся пад апеку іспанскіх каланістаў, на якіх павінны былі працаваць і якім былі абавязаныя плаціць чынш.

Адкрыццё багатых радовішчаў серабра ў Перу і Мексіцы прывяло да далейшага закабалення, да рабаўніцтва індзейцаў. Іспанцы прымушалі іх працаваць на рудніках, у глыбокіх шахтах. Частыя абвалы прыводзілі да гібелі рудакопаў. Многія індзейцы таксама паміралі ад голаду, знямогі і хвароб.

Некаторыя хрысціянскія місіянеры асуджалі жорсткае абыходжанне з індзейцамі. Адным з іх быў выдатны вучоны-гуманіст, член ордэна дамініканцаў Барталамэ дэ Лас Касас. У сваіх данясеннях у Мадрыд ён апісваў жорсткасць іспанцаў і выступаў за прыняцце строгіх законаў, якія абаранілі б індзейцаў. У адказ на неаднаразовыя хадайніцтвы Лас Касаса ўрад прыняў «Новыя законы ў абарону індзейцаў у калоніях». Законы забаранялі браць індзейцаў у рабства, а таксама давалі ім права на валоданне буйной рагатай жывёлай і вырошчванне збожжа. Але ў калоніях яны не заўсёды выконваліся.

Многія іспанскія пасяленцы мелі поспех у асноўным за кошт экспарту з Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі ў Іспанію золата і срэбра, а таксама какавы, кавы і лесу. Асноўнымі культурамі, якія вывозіліся з Вэст-Індыі, былі тытунь і цукар. Вырошчваць цукровы трыснёг стала неверагодна прыбыткова: яго можна было перапрацаваць у цукар, патаку і ром.

У калоніях Вэст-Індыі квітнела плантацыйная сістэма. Плантацыя ўяўляла сабой вялікую земляробчую гаспадарку, у якой апрацоўваліся пэўныя сельскагаспадарчыя культуры: кава, чай, цукровы трыснёг, тытунь і інш. Кіраваў ёй уладальнік або наглядчык, а галоўнай працоўнай сілай былі індзейцы. Але ў Вэст-Індыі, як і ўсюды ў Амерыцы, цяжкія ўмовы працы, голад і хваробы літаральна выкошвалі мясцовае насельніцтва. Паколькі рабочых рук не хапала, іспанцы пачалі тысячамі ўвозіць у Вэст-Індыю рабоў з Афрыкі.

Да канца XVI ст. плантацыйная сістэма і гандаль рабамі сталі найважнейшым фактарам развіцця эканомікі іспанскіх і партугальскіх калоній. Прадукты плантацыйнай гаспадаркі Вэст-Індыі разам з золатам і срэбрам Новага Свету зрабілі Іспанію найбагацейшай краінай, самай магутнай дзяржавай Еўропы.