Печатать книгуПечатать книгу

§ 22-1. Сустрэча цывілізацый

Чаму людзі Новага часу імкнуліся да спазнання свету?

Якія працэсы адбываліся ў Еўропе ў канцы эпохі Сярэднявечча? Як паўплывалі на іх эпідэмія чумы («чорнай смерці»), разарэнне сялян, скарачэнне пасяўных плошчаў і ператварэнне іх у пашы, заняпад часткі рамёстваў, увядзенне феадаламі грашовай рэнты? (Гісторыя Новага часу, 7 клас)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 22-1. Сустрэча цывілізацый
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 17 Май 2024, 17:00

1. Уяўленні еўрапейцаў пра краіны Усходу

Да пачатку Новага часу еўрапейцы мелі яшчэ досыць цьмянае ўяўленне пра народы, якія насялялі малавядомыя ім рэгіёны. У пачатку Сярэднявечча Усход ім уяўляўся казачным светам з незлічонымі багаццямі, населеным фантастычнымі трохвокімі людзьмі і міфічнымі жывёламі. З часоў крыжовых паходаў веды еўрапейцаў узбагаціліся. Купцы і вандроўнкі пакінулі апісанні мусульманскага Усходу і Кітая. Самае знакамітае з іх — «Кніга аб разнастайнасці свету» («Кніга цудаў свету») канца XIII ст., напісаная венецыянцам Марка Пола.

Да пачатку эпохі Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, з аднаго боку, Усход увасабляў патаемныя мары еўрапейцаў аб багацці і раскошы. Прага нажывы штурхала многіх на здзяйсненне рызыкоўных заморскіх падарожжаў. Усход, асабліва мусульманскі, нярэдка асацыяваўся таксама з вучонасцю і ведамі. З другога боку, еўрапейцы лічылі нехрысціянскія народы ў лепшым выпадку варварамі, якіх неабходна наставіць на правільны шлях, хай нават сілай. Нядзіўна, што іспанскія канкістадоры праяўлялі асаблівую жорсткасць да індзейцаў Амерыкі.

2. Раннія марскія падарожжы

Пачатак эпосе Вялікіх геаграфічных адкрыццяў паклала Партугалія. Гэтая краіна не мела выхаду ў Міжземнае мора, таму не магла наўпрост гандляваць з Азіяй. Большую частку вострых прыпраў і іншых тавараў з Індыі і Кітая ў парты Усходняга Міжземнамор'я дастаўлялі па сушы арабскія купцы. А затым італьянскія караблі перавозілі гэтыя тавары па Міжземным моры ў Еўропу.

У XV ст каралі, якія правілі Партугаліяй, імкнуліся ўмацаваць магутнасць сваёй дзяржавы. Яны ўсяляк падтрымлівалі падарожжы, мэтай якіх быў пошук багаццяў, асабліва золата. Манархі выдатна разумелі, што адзіны спосаб атрымаць доступ да выгаднага гандлю спецыямі — пошук новых гандлёвых шляхоў.

Вялікі ўнёсак у стварэнне партугальскай гандлёвай імперыі зрабіў прынц Энрыке Мараплавец (1394—1460). Ён заснаваў на поўдні Партугаліі спецыяльную школу для падрыхтоўкі маракоў і арганізаваў шэраг марскіх экспедыцый да паўночна-заходніх берагоў Афрыкі.

Спачатку партугальцы спрабавалі пракласці новыя гандлёвыя шляхі, заваёўваючы прыбярэжныя гарады ў Паўночнай Афрыцы. Бо менавіта сюды з глыбінь мацерыка караваны дастаўлялі праз Сахару золата, слановую косць і іншыя тавары. Але да гэтага часу афрыканскі гандаль золатам прыйшоў у заняпад. Тады партугальцы вырашылі самі адправіцца да «крыніцы» каштоўнага металу, пачаўшы павольнае прасоўванне ўздоўж заходнеафрыканскага ўзбярэжжа.

Гэта быў вельмі небяспечны шлях. Акіянічныя плыні і вятры часта зносілі судны на прыбярэжныя скалы. Каб пазбегнуць небяспекі, партугальцы накіраваліся на захад ад Партугаліі і адкрылі ў Атлантычным акіяне дзве групы астравоў — Азорскія і Мадэйра. Адсюль спадарожныя вятры і плыні паспяхова даставілі іх судны да заходнеафрыканскага ўзбярэжжы, дзе партугальцы заснавалі факторыі.

Тут яны скуплялі ў мясцовага насельніцтва золата і слановую косць. Гэты раён Афрыкі еўрапейцы сталі называць Залатым Берагам. Пачаўся вываз у Партугалію афрыканскіх рабоў. Па ініцыятыве Энрыке Мараплаўца ў 1441 г. партугальскія гандляры закупілі першую партыю рабоў. У наступныя 300 гадоў гандаль рабамі дасягнуў велізарных маштабаў і стаў прычынай разбурэння многіх афрыканскіх дзяржаў.

Пасля смерці прынца Энрыке марскія экспедыцыі былі часова прыпыненыя. Але кароль Жуан II, які ўступіў на прастол у 1481 г., марыў аб стварэнні багатай гандлёвай імперыі ў Азіі. Для гэтага неабходна было знайсці марскі шлях вакол Афрыкі, што дазволіла б Партугаліі напрамую гандляваць з Індыяй і Кітаем.

У 1488 г. Барталамеу Дыяш абмінуў паўднёвы ўскраек Афрыкі і назваў яго мысам Штармоў. Жуан II перайменаваў гэтае месца ў мыс Добрай Надзеі, будучы ўпэўненым, што Дыяш адкрыў шлях у Індыю. Каб пераканацца ў сваёй здагадцы, кароль падрыхтаваў новую экспедыцыю. У 1497—1499 гг. Васка да Гама на чатырох караблях абмінуў мыс Добрай Надзеі, дасягнуў індыйскага порта Калікут і вярнуўся з вялікім грузам вострых прыпраў назад у Лісабон. Так быў пракладзены марскі шлях у Індыю вакол Афрыкі.

Калі партугальцы былі першымі еўрапейцамі, якія сутыкнуліся з народамі Афрыкі на поўдзень ад Сахары, то іспанцы першымі ўвайшлі ў кантакт з цывілізацыямі Амерыкі.

Іспанія з зайздрасцю назірала за поспехамі суседняй Партугаліі і жадала сама заняцца выгадным гандлем вострымі прыправамі з Азіяй. Не менш важнай для іспанскай каралевы Ізабелы, якая адрознівалася рэлігійнасцю, была магчымасць распаўсюджвання хрысціянства. Хрыстафор Калумб, мараплавец з Генуі, пераканаў каралеву ў тым, што, плывучы ў заходнім кірунку праз Атлантыку, можна дасягнуць берагоў казачна багатай Азіі.

3 жніўня 1492 г. з іспанскага порта Палос на пошукі заходняга шляху ў Індыю і Усходнюю Азію адправіліся тры каравелы Калумба. 12 кастрычніка вандроўцы, якія пераадолелі ўсе цяжкасці шляху, былі ўзнагароджаныя: яны ўбачылі зямлю. Перакананы ў тым, што экспедыцыя дасягнула Усходняй Індыі, Калумб назваў абарыгенаў «індзейцамі» і з радасцю прыняў залатыя прадметы, якія тыя паднеслі яму. У сапраўднасці ж Калумб дасягнуў астравоў Багамскай групы ля ўзбярэжжа Амерыкі, названых пасля Вэст-Індыяй.

У трох наступных падарожжах Калумб адкрыў і даследаваў Кубу і Эспаньёлу (Гаіці), Ямайку і іншыя астравы Карыбскага мора, усходняе ўзбярэжжа Цэнтральнай Амерыкі і бераг Венесуэлы ў паўночнай частцы Паўднёвай Амерыкі. Акрамя таго, на востраве Эспаньёла ён заснаваў пастаянную калонію. Але Калумб так ніколі і не даведаўся, што дасягнуў не Усходняй Індыі, а Амерыкі. Яго адкрыцці далі Іспаніі магчымасць каланізаваць вялізны кантынент.

Наступныя геаграфічныя адкрыцці паказалі, што Калумб знайшоў шлях на новы кантынент. Мараплавец Амерыга Веспучы, фларэнціец па паходжанні, які прадстаўляў банк Медычы ў Іспаніі, прыняў удзел у некалькіх экспедыцыях да берагоў Паўднёвай Амерыкі. Веспучы першым выказаў здагадку, што гэтыя землі — новая частка свету, таму і даў ёй назву «Новы Свет». У 1507 г. картографы назвалі кантынент Амерыкай у гонар Амерыга Веспучы.

Неўзабаве іспанскія экспедыцыі ахапілі ўвесь рэгіён Карыбскага мора. У 1513 г. іспанскі канкістадор Хуан Понсэ дэ Леон першым з еўрапейцаў ступіў на зямлю, якую назваў Фларыдай. У тым жа годзе Васка Нуньес дэ Бальбоа ўпершыню прайшоў праз вільготныя джунглі Цэнтральнай Амерыкі (Панамскі пярэсмык) і дасягнуў берага Ціхага акіяна.

У 1519 г. іспанская экспедыцыя пад кіраўніцтвам Фернана Магелана адправілася на пошукі заходняга марскога шляху да Малукскіх астравоў. Іспанскія караблі перасеклі Атлантычны акіян, абмінулі Амерыку з поўдня і выйшлі ў Ціхі акіян праз вузкі праліў, які да гэтага часу носіць назву «Магеланаў». Экспедыцыя Магелана здзейсніла першае ў свеце кругасветнае падарожжа. Толькі ў 1577—1580 гг. англійскі мараплавец Фрэнсіс Дрэйк здзейсніў другое кругасветнае плаванне.

3. Першыя калоніі ў Амерыцы

Згодна з Тардэсільяскай дамовай паміж Іспаніяй і Партугаліяй аб падзеле сфер уплыву ў свеце па Атлантычным акіяне Іспанія прэтэндавала на вялікую частку Новага Свету. Пачуўшы пра незлічоныя багацці ў Амерыцы, іспанскія заваёўнікі (канкістадоры) без прамаруджання адправіліся на іх пошукі.

На працягу 15 гадоў дзве самыя магутных дзяржавы ў Амерыцы — ацтэкаў і інкаў — былі заваяваны канкістадорамі. Іспанскія манархі арганізоўвалі на заваяваных землях цэнтралізаванае кіраванне. Іх каланіяльная імперыя ў Амерыцы праіснавала каля 300 гадоў.

Заваяваныя тэрыторыі падзялілі на 5 правінцый. Самымі багатымі з іх былі Новая Іспанія (Мексіка) і Перу. У кожнай правінцыі кароль прызначаў свайго прадстаўніка — віцэ-караля. Акрамя таго, быў створаны Савет па справах Індый, які знаходзіўся ў Мадрыдзе і прымаў законы для калоній. Віцэ-каралі і Савет па справах Індый часта сапернічалі паміж сабой. Нярэдка Савет умешваўся нават у нязначныя справы, напрыклад, прымаў рашэнні аб даўжыні гарадскога квартала або кірунку вясковых вуліц.

Іспанія кантралявала таксама мясцовыя органы кіравання ў Амерыцы. У кожным горадзе кароль прызначаў членаў кабільда, або гарадскога савета, які павінен быў падтрымліваць парадак і займацца ўмацаваннем каштоўнасцяў іспанскай цывілізацыі на каланізаваных тэрыторыях. Мясцовая адміністрацыя ажыццяўляла кантроль над будаўніцтвам гарадоў і вёсак. Ужо ў XVI ст. у г. Мехіка, сталіцы Новай Іспаніі, была праведзеная сістэма грамадскага водазабеспячэння, брукаваныя вуліцы асвятляліся, былі адкрыты друкарня і ўніверсітэт.

У пачатку XVI ст. каралеўскай уладай у іспанскіх калоніях у Амерыцы была ўведзена энкамьенда. Усе індзейцы аб'яўляліся васаламі караля, але аддаваліся пад апеку іспанскіх каланістаў, на якіх павінны былі працаваць і якім былі абавязаныя плаціць чынш.

Адкрыццё багатых радовішчаў серабра ў Перу і Мексіцы прывяло да далейшага закабалення, да рабаўніцтва індзейцаў. Іспанцы прымушалі іх працаваць на рудніках, у глыбокіх шахтах. Частыя абвалы прыводзілі да гібелі рудакопаў. Многія індзейцы таксама паміралі ад голаду, знямогі і хвароб.

Некаторыя хрысціянскія місіянеры асуджалі жорсткае абыходжанне з індзейцамі. Адным з іх быў выдатны вучоны-гуманіст, член ордэна дамініканцаў Барталамэ дэ Лас Касас. У сваіх данясеннях у Мадрыд ён апісваў жорсткасць іспанцаў і выступаў за прыняцце строгіх законаў, якія абаранілі б індзейцаў. У адказ на неаднаразовыя хадайніцтвы Лас Касаса ўрад прыняў «Новыя законы ў абарону індзейцаў у калоніях». Законы забаранялі браць індзейцаў у рабства, а таксама давалі ім права на валоданне буйной рагатай жывёлай і вырошчванне збожжа. Але ў калоніях яны не заўсёды выконваліся.

Многія іспанскія пасяленцы мелі поспех у асноўным за кошт экспарту з Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі ў Іспанію золата і срэбра, а таксама какавы, кавы і лесу. Асноўнымі культурамі, якія вывозіліся з Вэст-Індыі, былі тытунь і цукар. Вырошчваць цукровы трыснёг стала неверагодна прыбыткова: яго можна было перапрацаваць у цукар, патаку і ром.

У калоніях Вэст-Індыі квітнела плантацыйная сістэма. Плантацыя ўяўляла сабой вялікую земляробчую гаспадарку, у якой апрацоўваліся пэўныя сельскагаспадарчыя культуры: кава, чай, цукровы трыснёг, тытунь і інш. Кіраваў ёй уладальнік або наглядчык, а галоўнай працоўнай сілай былі індзейцы. Але ў Вэст-Індыі, як і ўсюды ў Амерыцы, цяжкія ўмовы працы, голад і хваробы літаральна выкошвалі мясцовае насельніцтва. Паколькі рабочых рук не хапала, іспанцы пачалі тысячамі ўвозіць у Вэст-Індыю рабоў з Афрыкі.

Да канца XVI ст. плантацыйная сістэма і гандаль рабамі сталі найважнейшым фактарам развіцця эканомікі іспанскіх і партугальскіх калоній. Прадукты плантацыйнай гаспадаркі Вэст-Індыі разам з золатам і срэбрам Новага Свету зрабілі Іспанію найбагацейшай краінай, самай магутнай дзяржавай Еўропы.

4. Каланізацыя Паўночнай Амерыкі Англіяй і Францыяй

За Іспаніяй і Партугаліяй, якія першымі распачалі плаванне праз Атлантыку, неўзабаве рушылі ўслед і іншыя краіны. Англія, Нідэрланды і Францыя ігнаравалі іспана-партугальскія дамоўленасці, дасягнутыя ў Тарэсільясе. У XVI і пачатку XVII ст. гэтыя дзяржавы рыхтавалі марскія экспедыцыі для даследавання ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі. Яны імкнуліся знайсці бяспечны паўночна-заходні шлях у Індыю, таму што паўднёвы шлях вакол Паўднёвай Амерыкі быў занадта небяспечным. Аднак неўзабаве стала ясна, што быў адкрыты іншы кантынент. Паколькі Паўднёвая Амерыка ўжо была сферай інтарэсаў Партугаліі і Іспаніі, іншыя еўрапейскія дзяржавы скіравалі сваю ўвагу на Паўночную Амерыку.

У пачатку XVI ст. пачалася французская каланізацыя тэрыторыі сучаснай Канады. У 1535 г. Жак Карцье, абследаваўшы раку Святога Лаўрэнція, абвясціў адкрытыя ім зямлі валоданнем французскага караля. Гэтыя тэрыторыі атрымалі назву «Новая Францыя». Тут былі заснаваныя французскія паселішчы. Рыбалавецкія судны французаў накіроўваліся да берагоў вострава Ньюфаўндленд у пошуках траскі, а французскія гандляры з вялікай выгадай прадавалі ў Еўропе футра, закупленае ў індзейцаў.

Аднак занятыя рашэннем палітычных і рэлігійных канфліктаў у Еўропе, французскія манархі не стымулявалі засяленне Новай Францыі. У выніку колькасць яе насельніцтва доўгі час заставалася невялікай. Тым не менш у 1600 г. кароль Генрых IV надаў «кампаніі Канады і Аркадзіі» выключнае права засноўваць паселішчы і весці гандаль у басейне ракі Святога Лаўрэнція. Неўзабаве быў заснаваны горад Квебек — цэнтр гандлю футрам.

Адсюль французы рушылі ў іншыя часткі Канады, дзе будавалі гандлёвыя факторыі для захоўвання футра, здабытага індзейцамі і французскімі траперамі (паляўнічымі). Вакол Вялікіх азёр і ўздоўж ракі Святога Лаўрэнція быў створаны ланцуг фартоў для абароны гандлю футрам. Да гандляроў футрам далучыліся місіянеры, якія спадзяваліся прывесці да каталіцызму народы Паўночнай Амерыкі.

У канцы XVII ст. вялікую цікавасць да Паўночнай Амерыкі праявіў кароль Людовік XIV. Ён абмежаваў прывілеі футравых гандлёвых кампаній. Каланіяльныя ўлады Новай Францыі заахвочвалі экспедыцыі, што пашырала французскі ўплыў у Паўночнай Амерыцы. У 1682 г. французскі падарожнік Рабер Кавелье дайшоў да вусця Місісіпі, абвясціў басейн ракі французскім уладаннем і назваў гэтую вобласць Луізіянай у гонар караля Людовіка XIV.

Засваеннем Паўночнай Амерыкі заняліся таксама англічане. Яшчэ ў 1497 г. па запрашэнні англійскага караля італьянскі мараплавец Джон Кабат абследаваў усходняе ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі на поўдзень ад вострава Ньюфаўндленд. Наступнае англійскае падарожжа адбылося толькі ў 1576 г., калі Марцін Фробішэр дасягнуў Гудзонова праліва.

Першыя спробы англічан заснаваць у Паўночнай Амерыцы калонію, прынятыя ў 1580-х гг., скончыліся няўдачай. Толькі ў XVII ст., калі дзве прыватныя кампаніі атрымалі ліцэнзіі ад караля на заснаванне калоній, пачалася англійская каланізацыя кантынента.

На працягу XVII ст. англічане засялялі Паўночную Амерыку ад Ньюфаўндленда ў паўднёвым кірунку да сучаснай Джорджыі. Перасяленцы з Англіі стварылі 13 калоній. Адны з іх (напрыклад, Масачусец і Вірджынія) былі заснаваныя гандлёвымі кампаніямі, якія атрымалі на гэта права ад англійскага караля, другія належалі прыватным асобам, звычайна набліжаным да караля.

У кожнай англійскай калоніі з ліку пасяленцаў выбіраўся сход, які прымаў мясцовыя законы. На чале калоніі стаяў губернатар, што прызначаўся каралём. Каланіяльны сход павінен быў адабраць законы, якія ён выдаваў. Такім чынам, каланісты маглі ажыццяўляць некаторы кантроль над справамі калоній.

Англійскі ўрад (у адрозненне ад французскага) заахвочваў перасяленне сваіх падданых ў Новы Свет. У 1630—1700 гг. колькасць насельніцтва англійскіх калоній узрасла з 900 да 200 000 чалавек. Паступова Англія стала аказваць на ход падзей у Паўночнай Амерыцы большы ўплыў, чым Іспанія, Галандыя або Францыя.

Людзі імкнуліся ў англійскія калоніі па розных прычынах. Адны марылі пра свабоду веравызнання. Так, пратэстанты-пурытане заснавалі калоніі Масачусец, Род-Айленд і Канектыкут, а англійскія католікі — Мэрыленд. Іншыя проста шукалі лепшага жыцця: у калоніях у іх быў шанец стаць свабоднымі фермерамі, купцамі, гандлярамі і рамеснікамі.

У паўночных і цэнтральных калоніях, а таксама часткова на поўдні дамінавалі дробныя фермерскія гаспадаркі. Аднак у Вірджыніі, Караліне і Джорджыі склалася плантацыйная сістэма. Падобна да іспанскіх пасяленцаў у Вэст-Індыі, буйны́я землеўладальнікі ўвозілі афрыканскіх рабоў для працы на тытунёвых і рысавых плантацыях.

Павелічэнне прытоку перасяленцаў у англійскія калоніі прывяло да выцяснення карэннага індзейскага насельніцтва з яго зямель. Пасяленцы часам падпісвалі дамовы з індзейцамі аб куплі зямлі, але часцей за ўсё захоплівалі тэрыторыі сілай. Імкнучыся абараніць свой лад жыцця, індзейцы нападалі і руйнавалі шматлікія англійскія паселішчы, англічане адказвалі з не меншай жорсткасцю. Барацьба за землі працягвалася да XIX ст.

Уст. 27

5. Вынікі каланіяльнай экспансіі

Вялікія геаграфічныя адкрыцці сталі рэвалюцыйным этапам у гісторыі чалавецтва. Быў пакладзены канец ізаляванаму існаванню цывілізацый. Еўрапейскія першаадкрывальнікі даведаліся пра два вялікія кантыненты ў Заходнім паўшар'і. Але гэты працэс насіў драматычны і супярэчлівы характар.

Каланіяльная экспансія еўрапейцаў за некалькі стагоддзяў цалкам змяніла свет. У Амерыцы былі знішчаны мясцовыя цывілізацыі. У Афрыцы набыў вялікія маштабы гандаль рабамі. Небывалым размахам стаў характарызавацца міжнародны гандаль. У Азіі, Афрыцы і Амерыцы былі заснаваныя калоніі, якія сталі крыніцай палітычнай і эканамічнай магутнасці еўрапейскіх дзяржаў. Так пачалася «эпоха еўрапейскага дамінавання» ў свеце.

Пытанні

1. Якія падзеі і з'явы спрыялі пачатку Вялікіх геаграфічных адкрыццяў? Якім чынам уяўленні аб краінах Усходу, якія панавалі сярод еўрапейцаў у пачатку Новага часу, паўплывалі на Вялікія геаграфічныя адкрыцці?

2. Ахарактарызуйце першыя марскія падарожжы еўрапейцаў. Выкарыстоўвайце веды, атрыманыя раней на ўроках геаграфіі.

3. Апішыце працэс утварэння першых калоній у Амерыцы. Складзіце для адказу тэзісы.

4. Пацвердзіце або аспрэчце сцвярджэнне, што Вялікія геаграфічныя адкрыцці былі прычынай развіцця капіталізму.

5. Падзяліцеся на групы і ахарактарызуйце наступствы каляніяльнай экспансіі: а) у эканоміцы, б) у палітыцы, в) у культуры.

6. Вызначце, як змяніліся найважнейшыя сусветныя гандлёвыя шляхі і цэнтры міжнароднага гандлю ў выніку Вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Якія прычыны страты ў гэты перыяд сусветнага панавання Іспаніяй і Партугаліяй і вылучэння на першы план Англіі, Францыі, Нідэрландаў?

7. Падрыхтуйцеся да дыскусіі (да ўрока абагульнення) па тэме «Сацыяльна-эканамічныя, грамадска-палітычныя і ідэалагічныя наступствы каланіяльных заваёў для розных краін Еўропы».