§ 22-1. Сустрэча цывілізацый

2. Раннія марскія падарожжы

Пачатак эпосе Вялікіх геаграфічных адкрыццяў паклала Партугалія. Гэтая краіна не мела выхаду ў Міжземнае мора, таму не магла наўпрост гандляваць з Азіяй. Большую частку вострых прыпраў і іншых тавараў з Індыі і Кітая ў парты Усходняга Міжземнамор'я дастаўлялі па сушы арабскія купцы. А затым італьянскія караблі перавозілі гэтыя тавары па Міжземным моры ў Еўропу.

У XV ст каралі, якія правілі Партугаліяй, імкнуліся ўмацаваць магутнасць сваёй дзяржавы. Яны ўсяляк падтрымлівалі падарожжы, мэтай якіх быў пошук багаццяў, асабліва золата. Манархі выдатна разумелі, што адзіны спосаб атрымаць доступ да выгаднага гандлю спецыямі — пошук новых гандлёвых шляхоў.

Вялікі ўнёсак у стварэнне партугальскай гандлёвай імперыі зрабіў прынц Энрыке Мараплавец (1394—1460). Ён заснаваў на поўдні Партугаліі спецыяльную школу для падрыхтоўкі маракоў і арганізаваў шэраг марскіх экспедыцый да паўночна-заходніх берагоў Афрыкі.

Спачатку партугальцы спрабавалі пракласці новыя гандлёвыя шляхі, заваёўваючы прыбярэжныя гарады ў Паўночнай Афрыцы. Бо менавіта сюды з глыбінь мацерыка караваны дастаўлялі праз Сахару золата, слановую косць і іншыя тавары. Але да гэтага часу афрыканскі гандаль золатам прыйшоў у заняпад. Тады партугальцы вырашылі самі адправіцца да «крыніцы» каштоўнага металу, пачаўшы павольнае прасоўванне ўздоўж заходнеафрыканскага ўзбярэжжа.

Гэта быў вельмі небяспечны шлях. Акіянічныя плыні і вятры часта зносілі судны на прыбярэжныя скалы. Каб пазбегнуць небяспекі, партугальцы накіраваліся на захад ад Партугаліі і адкрылі ў Атлантычным акіяне дзве групы астравоў — Азорскія і Мадэйра. Адсюль спадарожныя вятры і плыні паспяхова даставілі іх судны да заходнеафрыканскага ўзбярэжжы, дзе партугальцы заснавалі факторыі.

Тут яны скуплялі ў мясцовага насельніцтва золата і слановую косць. Гэты раён Афрыкі еўрапейцы сталі называць Залатым Берагам. Пачаўся вываз у Партугалію афрыканскіх рабоў. Па ініцыятыве Энрыке Мараплаўца ў 1441 г. партугальскія гандляры закупілі першую партыю рабоў. У наступныя 300 гадоў гандаль рабамі дасягнуў велізарных маштабаў і стаў прычынай разбурэння многіх афрыканскіх дзяржаў.

Пасля смерці прынца Энрыке марскія экспедыцыі былі часова прыпыненыя. Але кароль Жуан II, які ўступіў на прастол у 1481 г., марыў аб стварэнні багатай гандлёвай імперыі ў Азіі. Для гэтага неабходна было знайсці марскі шлях вакол Афрыкі, што дазволіла б Партугаліі напрамую гандляваць з Індыяй і Кітаем.

У 1488 г. Барталамеу Дыяш абмінуў паўднёвы ўскраек Афрыкі і назваў яго мысам Штармоў. Жуан II перайменаваў гэтае месца ў мыс Добрай Надзеі, будучы ўпэўненым, што Дыяш адкрыў шлях у Індыю. Каб пераканацца ў сваёй здагадцы, кароль падрыхтаваў новую экспедыцыю. У 1497—1499 гг. Васка да Гама на чатырох караблях абмінуў мыс Добрай Надзеі, дасягнуў індыйскага порта Калікут і вярнуўся з вялікім грузам вострых прыпраў назад у Лісабон. Так быў пракладзены марскі шлях у Індыю вакол Афрыкі.

Калі партугальцы былі першымі еўрапейцамі, якія сутыкнуліся з народамі Афрыкі на поўдзень ад Сахары, то іспанцы першымі ўвайшлі ў кантакт з цывілізацыямі Амерыкі.

Іспанія з зайздрасцю назірала за поспехамі суседняй Партугаліі і жадала сама заняцца выгадным гандлем вострымі прыправамі з Азіяй. Не менш важнай для іспанскай каралевы Ізабелы, якая адрознівалася рэлігійнасцю, была магчымасць распаўсюджвання хрысціянства. Хрыстафор Калумб, мараплавец з Генуі, пераканаў каралеву ў тым, што, плывучы ў заходнім кірунку праз Атлантыку, можна дасягнуць берагоў казачна багатай Азіі.

3 жніўня 1492 г. з іспанскага порта Палос на пошукі заходняга шляху ў Індыю і Усходнюю Азію адправіліся тры каравелы Калумба. 12 кастрычніка вандроўцы, якія пераадолелі ўсе цяжкасці шляху, былі ўзнагароджаныя: яны ўбачылі зямлю. Перакананы ў тым, што экспедыцыя дасягнула Усходняй Індыі, Калумб назваў абарыгенаў «індзейцамі» і з радасцю прыняў залатыя прадметы, якія тыя паднеслі яму. У сапраўднасці ж Калумб дасягнуў астравоў Багамскай групы ля ўзбярэжжа Амерыкі, названых пасля Вэст-Індыяй.

У трох наступных падарожжах Калумб адкрыў і даследаваў Кубу і Эспаньёлу (Гаіці), Ямайку і іншыя астравы Карыбскага мора, усходняе ўзбярэжжа Цэнтральнай Амерыкі і бераг Венесуэлы ў паўночнай частцы Паўднёвай Амерыкі. Акрамя таго, на востраве Эспаньёла ён заснаваў пастаянную калонію. Але Калумб так ніколі і не даведаўся, што дасягнуў не Усходняй Індыі, а Амерыкі. Яго адкрыцці далі Іспаніі магчымасць каланізаваць вялізны кантынент.

Наступныя геаграфічныя адкрыцці паказалі, што Калумб знайшоў шлях на новы кантынент. Мараплавец Амерыга Веспучы, фларэнціец па паходжанні, які прадстаўляў банк Медычы ў Іспаніі, прыняў удзел у некалькіх экспедыцыях да берагоў Паўднёвай Амерыкі. Веспучы першым выказаў здагадку, што гэтыя землі — новая частка свету, таму і даў ёй назву «Новы Свет». У 1507 г. картографы назвалі кантынент Амерыкай у гонар Амерыга Веспучы.

Неўзабаве іспанскія экспедыцыі ахапілі ўвесь рэгіён Карыбскага мора. У 1513 г. іспанскі канкістадор Хуан Понсэ дэ Леон першым з еўрапейцаў ступіў на зямлю, якую назваў Фларыдай. У тым жа годзе Васка Нуньес дэ Бальбоа ўпершыню прайшоў праз вільготныя джунглі Цэнтральнай Амерыкі (Панамскі пярэсмык) і дасягнуў берага Ціхага акіяна.

У 1519 г. іспанская экспедыцыя пад кіраўніцтвам Фернана Магелана адправілася на пошукі заходняга марскога шляху да Малукскіх астравоў. Іспанскія караблі перасеклі Атлантычны акіян, абмінулі Амерыку з поўдня і выйшлі ў Ціхі акіян праз вузкі праліў, які да гэтага часу носіць назву «Магеланаў». Экспедыцыя Магелана здзейсніла першае ў свеце кругасветнае падарожжа. Толькі ў 1577—1580 гг. англійскі мараплавец Фрэнсіс Дрэйк здзейсніў другое кругасветнае плаванне.