§ 27. Ужыванне назоўнікаў, лік, род якіх не супадаюць у беларускай і рускай мовах; назоўнікаў, якія маюць форму толькі адзіночнага ці толькі множнага ліку; назоўнікаў агульнага роду, нескланяльных назоўнікаў і абрэвіятур

Практыкаванне № 242

Выпішыце са сказаў назоўнікі, якія ўжываюцца ў форме толькі множнага ліку.
Што яны абазначаюць?

1. У векавечнай бацькаўшчыне клёны нячутна пачынаюць аблятаць на рыжую траву, на мох зялёны, на весніцы, на ціхі стаў*, на гаць (У. Караткевіч).
2. Я зноў на станцыі лясной, марозна-звонкайсл, заінелай, стаю ў Бялынкавічах белых, прапахлых смольнаю сасной (А. Пісьмянкоў).
3. Жыццё не бесклапотнае, не лёгкае, ды не пайду хавацца ў ценьм, хаця і знаю я: і тых, хто лётае, грымоты б’юць і ў ясны дзень (М. Маляўка).
4. Як чараўніца на нябачных кроснах, ноч тчэ над лесам цёмны полаг свой (Н. Гілевіч).
5. Калі ты ад клапот жыццёвых стараніўся, ні хлебам, ні вадой з сябрамі не дзяліўся, нікога не сагрэў ні словам, ні спагадай і ніву не прыкрыў грудзьмі ад градападу, заўсёды за другіх хаваўся ў ліхалецце, — лічы, што не было цябе на гэтым свеце (М. Танк).

• Выпішыце з практыкавання тры словы, у якіх колькасць літар і гукаў не супадае.

Звярніце ўвагу!

Абстрактныя і рэчыўныя назоўнікі могуць утвараць формы множнага ліку, але пры гэтым часткова змяняецца іх значэнне: хрыпы ў лёгкіх, беларускія сыры, кітайскія шаўкі.

Зборныя назоўнікі не могуць мець формы множнага ліку.

Уласныя назоўнікі ўжываюцца ў форме множнага ліку, калі пераходзяць у агульныя ці абазначаюць прадстаўнікоў аднаго роду або людзей з аднолькавымі прозвішчамі: мужнасць не згарэла ў Хатынях (Ю. Свірка); Агінскія — старажытны магнацкі род («Звязда»).