§ 27. Ужыванне назоўнікаў, лік, род якіх не супадаюць у беларускай і рускай мовах; назоўнікаў, якія маюць форму толькі адзіночнага ці толькі множнага ліку; назоўнікаў агульнага роду, нескланяльных назоўнікаў і абрэвіятур

Практыкаванне № 239

Прачытайце табліцу. Дапоўніце яе ўласнымі прыкладамі.
Да якіх лексіка-граматычных разрадаў адносяцца назоўнікі ў графах табліцы?
Назоўнікі якога ліку пераважаюць у складзе кожнага лексіка-граматычнага разраду?

Назоўнікі, якія маюць форму толькі адзіночнага ліку
Значэнне  Прыклады
1) большасць уласных назваў  Кавалеўскі Максім, Случчына
2) большасць назваў абстрактных паняццяў сівізна, гарэнне, шчасце
3) большасць назваў рэчываў  нафта, мёд, нітрагліцэрына
4) назвы, якія абазначаюць сукупнасць прадметаў як адно цэлае праменне, мэбля, моладзь, калоссе, вучнёўства
5) назвы грамадска-палітычных вучэнняў, плыняў, працэсаў, навук капіталізм, рамантызм, біёніка, тапаніміка
6) назвы гульняў, відаў спорту гандбол, хакей, фітнес, бодзібілдынг

Назоўнікі, якія маюць форму толькі множнага ліку
Значэнне  Прыклады
1) некаторыя ўласныя назвы  Пухавічы, Афіны, Курылы
2) некаторыя назвы абстрактных паняццяў  паводзіны, дрыжыкі, хітрыкі
3) некаторыя назвы рэчываў  дровы, апілкі, бялілы
4) назвы, якія абазначаюць сукупнасць прадметаў як мноства кадры, грошы, мемуары, джунглі
5) назвы састаўных і парных прадметаў  абцугі, акуляры, вусны
6) назвы народных звычаяў, гульняў, грамадскіх падзей вячоркі, хованкі, шахматы, выбары, перамовы
7) назвы адрэзкаў часу і з’яў прыроды  суткі, канікулы, замаразкі
8) назвы спецыяльных тэрмінаў  азімыя, цытрусавыя, сутачныя, асятровыя