§ 27. Ужыванне назоўнікаў, лік, род якіх не супадаюць у беларускай і рускай мовах; назоўнікаў, якія маюць форму толькі адзіночнага ці толькі множнага ліку; назоўнікаў агульнага роду, нескланяльных назоўнікаў і абрэвіятур
Правіла
Марфалагічныя нормы — гэта прынятыя ў маўленчай практыцы правілы словазмянення, формаўтварэння і выкарыстання слоў розных часцін мовы. |
Да агульнага роду адносяцца назоўнікі з канчаткамі -а, -я: Жэня, Саша, сірата, нераўня. Калі назоўнікі агульнага роду абазначаюць асоб жаночага полу, то змяняюцца як назоўнікі 1-га скланення: Д. скл. / М. скл. (па) сіраце Марыне, задзіры Сашы, цёзцы Ірынцы. Калі назоўнікі агульнага роду абазначаюць асоб мужчынскага полу, то змяняюцца як назоўнікі мужчынскага роду з канчаткамі -а, -я. Назоўнікі з націскнымі канчаткамі -а, -я скланяюцца як назоўнікі жаночага роду на -а, -я з адпаведнымі асновамі: Д. скл. / М. скл. (пры) сіраце Фаме, нераўні Кузьме, суддзі Ільі, ляўшы, старшыні. Назоўнікі з ненаціскнымі канчаткамі -а, -я скланяюцца як рознаскланяльныя, таму што ў назоўным, родным і вінавальным склонах яны маюць канчаткі 1-га скланення (Н. скл. непасед-а Валер-а, Р. скл. непасед-ы Валер-ы, В. скл. непасед-у Валер-у), а ў давальным, творным і месным — 2-га скланення (Д. скл. непасед-у Валер-у, Т. скл. непасед-ам Валер-ам, М. скл. (пры) непаседзе Валер-у). Да назоўнікаў агульнага роду адносяцца і словы хвалько, нямко, гняўко. Калі яны абазначаюць асобу жаночага полу, то не скланяюцца, а калі мужчынскага, то змяняюцца як назоўнікі мужчынскага роду 2-га скланення: Н. скл. хвалько, Р. скл. хвалька, Д. скл. хвальку, В. скл. хвалька, Т. скл. хвальком, М. скл. (пры) хвальку. |
Род нязменных абрэвіятур вызначаецца паводле роду асноўнага слова расшыфроўкі: СНД — Садружнасць Незалежных Дзяржаў (ж. р.); РУУС — Раённае ўпраўленне ўнутраных спраў (н. р.); РБС — рускабеларускі слоўнік (м. р.); ААН — Арганізацыя Аб’яднаных Нацый (ж. р.); АБСЕ — Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ж. р.). Род зменных абрэвіятур вызначаецца па канчатку і характары асновы. Зменныя абрэвіятуры на зычны адносяцца да мужчынскага роду: ЖЭК — у ЖЭКу (м. р.), ЛіМ — у ЛіМе (м. р.), ЦУМ — каля ЦУМа (м. р.), дот — у доце (м. р.), рыбгас — у рыбгасе (м. р.). Складанаскарочаныя словы змешанага тыпу, у якіх другое слова мае форму ўскоснага склону, адносяцца да таго самага роду, што і першае скарочанае слова: камроты — камандзір роты, кампалкá — камандзір палка (м. р.). Род запазычаных абрэвіятур вызначаецца па знешняй форме: ЮНЕСКА, НАТА — н. р., ФІФА — ж. р. |