ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Жанры літаратуры Сярэдневякоўя
*Жанры літаратуры Сярэдневякоўя
Жанры літаратуры Сярэдневякоўя
Звычайна ў літаратуры Сярэдневякоўя вылучаюць два перыяды: літаратура Ранняга сярэдневякоўя і літаратура Позняга сярэдневякоўя.
Кніжнасць Ранняга сярэдневякоўя знаходзілася пад моцным уплывам рэлігіі. Царкоўна-рэлігійная літаратура выпрацавала свае жанры. Асноўнымі с
ярод іх былі жыціі і хаджэнні.
Жыціе — жанр сярэдневяковай літаратуры, у якім распавядаецца пра ўзорнае жыццё людзей, кананізаваных царквой. |
Гэты жанр быў даволі папулярны ва ўсходніх славян. Напрыклад, на кіеўскіх землях быў створаны вядомы помнік жыційнай літаратуры «Жыціе Феадосія Пячэрскага».
Сярод твораў старабеларускай кніжнасці трэба назваць «Жыціе Ефрасінні Полацкай», «Жыціе прападобнага Аўрамія Смаленскага». Жыційную літаратуру яшчэ называюць агіяграфічнай (ад грэч. hagіos — ‘святы’ і grapho — ‘пішу’, што даслоўна можна перакласці як ‘пісанне жыцця святых’).
З пашырэннем хрысціянства сталі распаўсюджвацца запісы відавочцаў пра вандроўкі ў Святую Зямлю — пра далёкі шлях, наведванне святынь, норавы іншых народаў, экзатычную прыроду Блізкага Усходу. Гэтыя аповеды атрымалі назву «хаджэнні».
Хаджэннi — апiсаннi падарожжаў да святых мясцiн, на Блiзкi Усход |
Як жыціі складаюць агіяграфічную літаратуру, так хаджэнні складаюць паломніцкую. Паломнікамі называлі людзей, якія ажыццявілі паход у Канстанцінопаль (Царград) альбо Іерусалім. Звычайна адтуль у якасці сувеніра яны неслі пальмавае лісце. Так утварылася слова «паломнік».
Навукоўцы гавораць. У «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» ў 1926 годзе Вацлаў Ластоўскі звяртаў увагу, што ігумен Данііл у «Хаджэнні» згадваў не толькі кіеўскіх князёў, але і полацкіх. |
Адно з першых вядомых — «Хаджэнне ігумена Данііла», створанае ў ХІІ стагоддзі. Многія наступныя тэксты нарадзіліся пад яго ўплывам, у тым ліку «Хаджэнне Ігнація Смаляніна», напісанае ў канцы XIV — пачатку XV стагоддзя на старабеларускай мове.
У літаратуры Позняга сярэдневякоўя развіваўся летапісны жанр. Найбольшую вядомасць атрымалі «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Беларуска-літоўскі летапіс (1446)».
Летапіс — гісторыка-літаратурны твор з апісаннем падзей па гадах. |
Гэта запісы пра важныя палітычныя, грамадскія і іншыя падзеі. Па відавых прыметах летапісы блізкія да заходнееўрапейскіх хронік. Яны могуць уключаць устаўкі — сведчанні ўдзельнікаў апісаных падзей, звесткі пра незвычайныя прыродныя з’явы, часткі кніг і ранейшых рукапісаў, паданняў і інш. У летапісны звод маглі трапляць запісы, запазычаныя з больш ранніх летапісаў і хронік. Летапіс — адзін з самых значных жанраў усходнеславянскай літаратуры.
Летапісы, побач з такімі жанрамі сярэдневяковай кніжнасці, як хаджэнні і жыціі, спрыялі выпрацоўцы эпічных жанраў.
Значнае месца ў творчасці сярэдневяковых дзеячаў займалі пропаведзі.
Пропаведзь — жанр аратарскай прозы, які мае рэлігійна-дыдактычны (павучальны) характар і прызначаны для прамаўлення падчас набажэнства. |
Першапачаткова пропаведзі ўзніклі ў культуры Еўропы і Азіі ў IX—V стагоддзях да нашай эры. Пазней жанр распаўсюдзіўся ў славянскіх літаратурах. Майстрам пропаведзі ў даўняй беларускай кніжнасці быў Кірыл Тураўскі.
У станаўленні жанру пропаведзі значную ролю адыграла патрыстыка — сукупнасць сачыненняў айцоў царквы, грэка-рымскіх філосафаў-багасловаў II—VIII стагоддзяў.
Слова — жанр красамоўства ў даўняй літаратуры, твор павучальнага зместу. |
У жанры слова напісаны многія выдатныя творы аратарскай прозы — напрыклад, «Слова аб законе і благадаці» мітрапаліта Іларыёна, словы Кірыла Тураўскага. Словы дыдактычнага, выхаваўчага характару яшчэ называюць павучаннямі.
Пропаведзі і словы сталі асновай зараджэння мастацка-публіцыстычных жанраў.