Літаратура эпохі Сярэдневякоўя (ХІ—ХV стагоддзі)

* Арыгінальная свецкая літаратура

Прыкладна ў той жа час, што і агіяграфія, зарадзілася на ўсходнеславянск іх землях летапісанне. Звесткі пра падзеі мінулага першапачаткова захоўваліся ў вуснай форме, перадаючыся з пакалення ў пакаленне.

Заснаванне летапісання ў тым ці іншым феадальным цэнтры (княстве) лічылася вельмі важнай палітычнай справай і адбывалася, як правіла, ва ўмовах усведамлення важнасці гістарычных падзей, удзельнікамі або сведкамі якіх былі людзі, разумення каштоўнасці гісторыі, неабходнасці яе захавання.

Найбольш важкія падставы для заснавання летапісання мелі на беларускіх землях у эпоху Ранняга сярэдневякоўя Полацк, а ў эпоху Позняга сярэдневякоўя — Смаленск. На жаль, Полацкі і Смаленскі летапісы як асобныя творы даўняга пісьменства не дайшлі да нашага часу, таму іх існаванне пакуль дакументальна не пацверджана.

Больш спрыяльная сітуацыя склалася ў эпоху палітычнага аб’яднання беларускіх і літоўскіх зямель у Вялікім Княстве Літоўскім. У перыяд найбольшай магутнасці і міжнароднага аўтарытэту Княства ўзнікла агульнадзяржаўнае беларуска-літоўскае летапісанне. Каля 1430 года быў завершаны «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», які пазней увайшоў у вялікі летапісны звод — «Беларуска-літоўскі летапіс (1446)». Калі ў «Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх» палітычная гісторыя Літвы, Беларусі, Украіны другой паловы XIV стагоддзя пададзена ізалявана ад гісторыі суседніх краін, то ў «Беларуска-літоўскім летапісе (1446)» яна прадстаўлена ў цеснай сувязі з гісторыяй Маскоўскай Русі і ў пераемнасці з гісторыяй Кіеўскай Русі.

Захоўваючы цесную сувязь з дзелавым пісьменствам, летапіс, аднак, з’яўляецца не толькі гістарычным дакументам, але і помнікам літаратуры. У летапісным жанры спалучаюцца якасці дзелавога дакумента і асаблівасці ўласна літаратурнага твора, рэгістрацыя канкрэтных гістарычных фактаў, падзей і іх эмацыянальна-вобразнае апісанне. Гэта дае падставы разглядаць летапіс як  пераходную з’яву ад дзелавога пісьменства да ўласна літаратуры, ад гістарычна-дакументальнай прозы да гістарычна-мастацкай белетрыстыкі.

Паступова адбывалася зараджэнне летапіснага жанру. У ім спалучаліся якасці дзелавога дакумента і літаратурнага твора, а таксама суседнічалі рэгістрацыя канкрэтных фактаў і іх эмацыянальна-вобразнае апісанне. Летапісы былі пераважна састаўныя і ўяўлялі сабой сукупнасць гістарычных запісаў, зробленых у храналагічнай паслядоўнасці ў розны час рознымі аўтарамі і змешчаных пад адной вокладкай. У дакуменце часта адсутнічалі звесткі пра асобу аўтара, бо летапісцы былі выразнікамі ідэй свайго сацыяльнага асяроддзя, інтарэсаў горада, дзяржавы, а часам і таго княжацкага двара, пры якім яны працавалі. Галоўныя героі такіх тэкстаў, як правіла, князі, што ўзначальвалі абарону зямель ад нападаў звонку або вадзілі дружыны супраць непакорлівых суседзяў («Аповесць мінулых гадоў», «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх»).

Са старонак летапісаў паўстаюць яркія постаці, якія пакінулі значны след у гісторыі. Ключавыя персанажы тэкстаў гэтага часу — Рагвалод, Усяслаў Чарадзей, Міндоўг, Ягайла, Вітаўт. З’яўляліся ў пагадовых запісах і звесткі пра жанчын: князёўну Рагнеду, асветніцу Ефрасінню Полацкую, жонку князя Вітаўта Ганну.