Print bookPrint book

Літаратура эпохі Сярэдневякоўя (ХІ—ХV стагоддзі)



1. З якімі творамі беларускай літаратуры Сярэдневякоўя вы ўжо знаёмыя? 
2.
 Ці заўсёды ў тэкстах ХI—ХV стагоддзяў пазначалася імя аўтара? Чаму? 
3. Якія асобы станавіліся галоўнымі героямі твораў у Сярэдневякоўі?

Site: Профильное обучение
Course: Беларуская літаратура. 10 клас
Book: Літаратура эпохі Сярэдневякоўя (ХІ—ХV стагоддзі)
Printed by: Guest user
Date: Tuesday, 3 December 2024, 2:43 PM

* Літаратурны працэс XI—XV стагоддзяў

Сёння цалкам аднавіць літаратурны працэс XI—XV стагоддзяў амаль немагчыма. Многія помнікі пісьменства страчаны ў выніку шматлікіх войнаў, пажараў, прыродных катаклізмаў або проста псавання матэрыялу, на якім яны былі напісаны. Пры гэтым па тых нешматлікіх тэкстах, што захаваліся да нашых дзён, можна меркаваць, як развівалася літаратура тысячу гадоў таму назад.

Нашы продкі пачалі карыстацца пісьменнасцю не пазней за Х стагоддзе. Кірылічную пісьменнасць на стараславянскай мове заснавалі асветнікі ІХ стагоддзя Кірыл і Мяфодзій, якія паходзілі, найбольш верагодна, з Македоніі. На гэтай мове былі створаны першыя вядомыя помнікі літаратуры нашага краю. У рэлігійных творах таго часу ўжывалася царкоўнаславянская мова, а ў творах свецкага характару трапляліся элементы гутарковай.

Да гэтага славяне карысталіся для перакладу на стараславянскую мову больш раннім алфавітам — глаголіцай, таксама створанай Кірылам. 

 Родныя браты Мяфодзій і Кірыл былі сынамі грэчаскага ваяводы. Старэйшым з сямі братоў быў Мяфодзій, а Канстанцін (у манастве Кірыл) —самым малодшым. Ён вучыўся разам з будучым канстанцінопальскім імператарам Міхаілам у лепшых настаўнікаў і стаў адным з самых адукаваных людзей сваёй эпохі: ведаў асновы ўсіх тагачасных навук і некалькі моў. Сучаснікі дзівіліся з мудрасці маладога чалавека, у яго нават была мянушка Філосаф.

Практыка набажэнства патрабавала адпаведных кніг, а таксама людзей, здольных чытаць і весці па іх службу. Кнігі пісаліся буйным разборлівым почыркам на пергаменце — асаблівым чынам выдубленай цялячай, авечай або валовай скуры, упрыгожваліся каляровымі мініяцюрамі, залатымі і сярэбранымі аправамі з каштоўнымі камянямі.

 Пры вывучэнні старажытных помнікаў пісьменства важна ведаць, што твор, напісаны аўтарам, называўся арыгіналам, а перапісаны ў майстэрні пазней (бывала, што і праз стагоддзі) — спісам

Пры буйных храмах і ў манастырах былі заснаваны скрыпторыі (ад лац. scriptum — ‘пісанне, тэкст’) — майстэрні па перапісванні кніг. Вакол іх, верагодна, гуртавалася асноўная частка адукаваных людзей, праз чые рукі праходзілі псалтыры, евангеллі, трэбнікі, ізборнікі і інш. Самыя даўнія евангеллі Беларусі, створаныя ў скрыпторыях, датуюцца ХІ стагоддзем (Полацкае) і канцом ХІІ — пачаткам ХІІІ стагоддзя (Аршанскае).

 Слова «псалтыр» паходзіць ад назвы струннага шчыпковага музычнага інструмента, пад які выконваліся духоўныя песні, гімны. Пазней назва перайшла на кнігі, у якіх яны змяшчаліся. Богаслужэбныя тэксты ўваходзілі ў трэбнікі. Ізборнікі — рукапісныя зборы ўрыўкаў з розных кніг і перакладаў.

Для Сярэдневякоўя характэрна своеасаблівае ўяўленне пра аўтарства і аўтарскае права. Аўтарства вядомых багасловаў беражліва ахоўвалася: іх творы старанна капіравалі, цытавалі, перакладалі. Пры гэтым большасць тэкстаў менш вядомых аўтараў была ананімная, і перапісчык мог дадаць уласны ўрывак альбо скараціць частку. У выніку аб’ём, а часта і змест аднайменных тэкстаў значна адрозніваліся.

 Тэксты перапісваліся марудна — па 1,5—2 старонкі ў дзень, таму рукапісныя кнігі распаўсюджваліся вельмі павольна.

* Тэматычная і жанравая разнастайнасць перакладной і арыгінальнай літаратуры

Паводле мовы напісання твораў агульную плынь літаратуры XI—XII стагоддзяў традыцыйна падзяляюць на перакладную (замежную) і арыгінальную (мясцовую), а паводле зместу — на царкоўна-рэлігійную і свецкую.

* Перакладная царкоўна-рэлігійная літаратура

Рэлігійныя і богаслужэбныя кнігі на стараславянскай мове былі перакладзены са старажытных моў або створаны ў Балгарыі і разам з хрысціянствам распаўсюджваліся ў культурна залежных ад Візантыі землях — на Балканах, у Чэхіі, Маравіі, Паноніі і інш. Раннехрысціянскія па паходжанні візантыйскія і балгарскія рэлігійныя і «паўсвецкія» (прыродазнаўчыя, гісторыяграфічныя, павучальныя) творы ўваходзілі ў агульны фонд славянскага пісьменства, аднолькавы для Балгарыі, Румыніі, Малдавіі і тагачаснай Русі.

Вызначальную ролю ў жыцці сярэдневяковага чалавека адыгрывала Біблія — асноўная кніга, што ляжала ля вытокаў культур усіх народаў, якія прынялі хрысціянства. Яе змест быў вядомы з асобных біблейскіх кніг, спецыяльных зборнікаў і каментарыяў тэолагаў.

Біблія — яркі прыклад помніка перакладной літаратуры. Гэта збор тэкстаў фальклорнага і літаратурнага паходжання з Блізкага Усходу, які складаецца са Старога Запавету — дахрысціянскіх тэкстаў (напрыклад, пра стварэнне свету) і Новага, які апавядае пра зямное жыццё Хрыста, асновы яго веравучэння. 

Апокрыфы
— творы раннехрысціянскай і познеіудзейскай літаратуры, якія не ўвайшлі ў біблейскі канон, гэта значыць, па нейкіх прычынах не былі прызнанымі творамі Бібліі.

Актыўна распаўсюджваліся на славянскіх землях апакрыфічныя творы. Апокрыфы блізкія да Бібліі па змесце, эмацыянальным ладзе і фармальных прыметах, але гэтыя рэлігійныя аповесці не ўключаны ў богаслужбовы ўжытак.

Паколькі бытавалі гэтыя творы як ерэтычныя, забароненыя, то ў іх рэлігійны канон не вытрымліваўся вельмі строга: у тэкст уключаліся легендарна-казачныя, фальклорныя элементы, адступленні. Нямала падобных тэкстаў нараджалася ў ерэтычных суполках хрысціянскага Усходу, у Візантыі і Балгарыі. Часта апокрыфы расказвалі пра дзяцінства Хрыста або хаджэнне Багародзіцы па пакутах. 

 Тэксты перапісваліся марудна — па 1,5—2 старонкі ў дзень, таму рукапісныя кнігі распаўсюджваліся вельмі павольна.

Да кніг богаслужэбнага характару належаць Апостал, Псалтыр, евангеллі, трэбнікі, часасловы (паслядоўнасць малітваў па гадзінах сутак), пролагі (каляндарныя зборнікі кароткіх жыцій і павучанняў) і інш. Такога багатага пераліку тэкстаў патрабавалі правілы вядзення службы. Асобныя кнігі выконвалі і іншыя функцыі: напрыклад, па часаслову і псалтыры вучыліся чытаць, варажылі.

Найбольш папулярным і любімым творам на Русі была Псалтыр — збор спеваў цара Давіда, што ўваходзілі ў богаслужэбную практыку. Часта кнігу ў адпаведнасці са зместам ілюстравалі каляровымі выявамі. Папулярнасць кнігі тлумачылася лірычнай танальнасцю, выразнасцю стылёва вытанчанага тэксту псалмоў, якія ва ўмовах слабай развітасці паэзіі ўспрымаліся вельмі эмацыянальна.

У Раннім сярэдневякоўі таксама шырока была распаўсюджана перакладная патрыстыка — сукупнасць сачыненняў айцоў царквы, грэка-рымскіх філосафаў-багасловаў IІI—VIII стагоддзяў, творы якой траплялі ў Еўропу і, адпаведна, на тэрыторыю Беларусі. Хрысціяне да сённяшняга часу абапіраюцца на вопыт аскетычнага жыцця першых падзвіжнікаў, меркаванне аўтарытэтных старцаў паводле розных жыццёвых пытанняў, на разуменне хрысціянскай маралі, абгрунтаваных у гэтых старажытных тэкстах. Айцы Царквы прадстаўлялі матэрыяльны свет як поўную мэтазгоднасці ўніверсальную гармонію і разважалі пра яе непахісныя законы. Такія творы станавіліся вядомымі са зборнікаў павучанняў, слоў і казанняў, складзеных старабалгарскімі кніжнікамі і іх паслядоўнікамі («Залатавуст», «Златаструй», «Маргарыт», «Ізмарагд»), а таксама багаслоўскіх трактатаў, тлумачэнняў незразумелых месцаў Святога Пісання, зборнікаў афарызмаў, цытат са старажытных тэкстаў («Ізборнік», «Пчала», «Шасціднеў» (кніга пра шэсць дзён стварэння свету)) і інш. Бывала, што цытатнікі напаўняліся не толькі кананічным зместам: напрыклад, у «Шасцідневе Іаана, экзарха Балгарскага» можна знайсці ілюстрацыю са знакамі задыякальнага кола.

Пашыранай на нашых тэрыторыях была і перакладная жыційная літаратура. Жыціі, складзеныя паводле канона (незвычайныя паводзіны ў дзяцінстве, ідэалізацыя падзвіжніка, апяванне яго дабрачыннасці, духоўных подзвігаў, цудатворства), паказвалі вернікам шлях выратавання душы, узор духоўнай велічы. Бадай, самы папулярны твор у гэтым жанры — «Жыціе Аляксея, чалавека Божага», у якім па-славянску пераказаны сюжэт пра вяртанне блуднага сына.

* Перакладная свецкая літаратура

Замежная гістарычная проза прадстаўлена такімі тэкстамі, як старажытная візантыйская «Хроніка Іаана Малалы» сірыйскага летапісца і больш папулярная на славянскіх землях «Хроніка Георгія Амартола», у якой была зроблена ўдалая спроба сістэматызацыі этапаў сусветнай гісторыі ад стварэння свету да часоў Аляксандра Македонскага.

Папулярнымі творамі перакладной белетрыстыкі сталі аповесці «Троя» — пра Траянскую вайну і «Александрыя» — пра жыццё, подзвігі і смерць Аляксандра Македонскага.

Варажбітныя кнігі — зборнікі, у якіх разам са звесткамі па магіі і міфалогіі змяшчалася інфармацыя па астраноміі, анатоміі, геаграфіі, медыцыне, псіхалогіі («Астралогія», «Громнік», «Соннік», «Траўнік», «Пра дні добрыя і злыя» і інш.). Кніганошы дастаўлялі іх з Усходу і Захаду.

Аўтарытэтнай крыніцай лічыўся «Фізіялог», які змяшчаў нямала матэрыялаў пра прыроду — экзатычных і фантастычных звяроў (слана, пелікана, кентаўра, сірэны і інш.), камяні, расліны, атмасферныя з’явы. Славянскія пераклады захаваліся толькі ў спісах. На захадзе Еўропы ўрыўкі з «Фізіялога» сталі асновай для сярэдневяковых энцыклапедый.

Паступова перакладныя творы насычаліся мясцовымі побытавымі рэаліямі, ваенна-феадальнай тэрміналогіяй. Да сярэдзіны ХІ стагоддзя на ўсходнеславянскіх землях склаліся ўстойлівыя традыцыі пісьма, сфарміравалася арыгінальная перакладчыцка-літаратурная школа, якая выпрацавала свае прыёмы перакладу і асаблівасці стылю.

* Арыгінальная царкоўна-рэлігійная літаратура

У ХІ—ХІІІ стагоддзях літаратурная творчасць была падпарадкавана дзвюм асноўным задачам: богаслужэбнай і маральна-дыдактычнай, або павучальнай. Таму тэматыка твораў была звязана з гэтымі задачамі: распаўсюджваннем і ўмацаваннем хрысціянства, барацьбой з рэшткамі паганства, абаронай ад знешніх ворагаў і спыненнем міжусобных войнаў. Сярод перакладных тэкстаў балгара-візантыйскага паходжання не заўжды знаходзіліся адпаведныя творы. Таму ў ХІ—ХІІІ стагоддзях пачынаецца станаўленне арыгінальнай жанравай сістэмы, якая да XV стагоддзя была агульнай для беларускай, рускай і ўкраінскай літаратур.

Арыгінальная царкоўна-рэлігійная літаратура беларускіх княстваў складалася з помнікаў пісьменства на царкоўнаславянскай і стараславянскай мовах.

Агіяграфія. Першы блізкі да жыційнага твор — аповед пра забойства язычнікамі хрысціяніна Фёдара і яго сына Іаана — змешчаны ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 983 годам.

Найбольш вядомыя з жыцій на нашых землях — «Жыціе Ефрасінні Полацкай» (канец ХІІ — пачатак ХІІІ стагоддзя), прысвечанае Прадславе (у манастве Ефрасінні), унучцы полацкага князя Усяслава Чарадзея. У творы паслядоўна расказваецца пра жыццёвы шлях і духоўныя подзвігі асветніцы.

«Жыціе Ефрасінні Полацкай» адпавядае канону, прынятаму для рэлігійных тэкстаў гэтага жанру: у ім згадваюцца не падобныя да равеснікаў паводзіны Прадславы ў дзяцінстве і юнацтве, моцная вера, падзвіжніцтва ў будаўніцтве храмаў і пашырэнні асветы, веданне часу ўласнай смерці, цудатворства. І хоць жыційны жанр даволі стандартызаваны, вобразы князёўны-асветніцы, яе спадзвіжніц і блізкіх намаляваны ярка, яны вылучаюцца індывідуальнымі рысамі.

Аратарская проза. Рэлігійнае красамоўства на нашых тэрыторыях сцвердзілася дзякуючы творам Кірыла Тураўскага і Клімента Смаляціча.

 У Iпацьеўскім летапісе пад 1147 годам пра Клімента Смаляціча ёсць запіс: «У тое ж лета паставіў Ізяслаў мітрапалітам Кліма Смаляніна, …што быў чарнарызцам, схімнікам (манахам вышэйшай манаскай ступені. — Аўт.) і такім кніжнікам і філосафам, якога ў Рускай зямлі дагэтуль не было».

Царкоўна-рэлігійная аратарская проза прадстаўлена жанрамі ўрачыстага красамоўства — словамі, павучаннямі, пропаведзямі.

Да арыгінальнай рэлігійнай літаратуры можна аднесці і хаджэнні (гл. «Тэорыя літаратуры. Жанры Сярэдневякоўя»). 

* Арыгінальная свецкая літаратура

Прыкладна ў той жа час, што і агіяграфія, зарадзілася на ўсходнеславянск іх землях летапісанне. Звесткі пра падзеі мінулага першапачаткова захоўваліся ў вуснай форме, перадаючыся з пакалення ў пакаленне.

Заснаванне летапісання ў тым ці іншым феадальным цэнтры (княстве) лічылася вельмі важнай палітычнай справай і адбывалася, як правіла, ва ўмовах усведамлення важнасці гістарычных падзей, удзельнікамі або сведкамі якіх былі людзі, разумення каштоўнасці гісторыі, неабходнасці яе захавання.

Найбольш важкія падставы для заснавання летапісання мелі на беларускіх землях у эпоху Ранняга сярэдневякоўя Полацк, а ў эпоху Позняга сярэдневякоўя — Смаленск. На жаль, Полацкі і Смаленскі летапісы як асобныя творы даўняга пісьменства не дайшлі да нашага часу, таму іх існаванне пакуль дакументальна не пацверджана.

Больш спрыяльная сітуацыя склалася ў эпоху палітычнага аб’яднання беларускіх і літоўскіх зямель у Вялікім Княстве Літоўскім. У перыяд найбольшай магутнасці і міжнароднага аўтарытэту Княства ўзнікла агульнадзяржаўнае беларуска-літоўскае летапісанне. Каля 1430 года быў завершаны «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», які пазней увайшоў у вялікі летапісны звод — «Беларуска-літоўскі летапіс (1446)». Калі ў «Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх» палітычная гісторыя Літвы, Беларусі, Украіны другой паловы XIV стагоддзя пададзена ізалявана ад гісторыі суседніх краін, то ў «Беларуска-літоўскім летапісе (1446)» яна прадстаўлена ў цеснай сувязі з гісторыяй Маскоўскай Русі і ў пераемнасці з гісторыяй Кіеўскай Русі.

Захоўваючы цесную сувязь з дзелавым пісьменствам, летапіс, аднак, з’яўляецца не толькі гістарычным дакументам, але і помнікам літаратуры. У летапісным жанры спалучаюцца якасці дзелавога дакумента і асаблівасці ўласна літаратурнага твора, рэгістрацыя канкрэтных гістарычных фактаў, падзей і іх эмацыянальна-вобразнае апісанне. Гэта дае падставы разглядаць летапіс як  пераходную з’яву ад дзелавога пісьменства да ўласна літаратуры, ад гістарычна-дакументальнай прозы да гістарычна-мастацкай белетрыстыкі.

Паступова адбывалася зараджэнне летапіснага жанру. У ім спалучаліся якасці дзелавога дакумента і літаратурнага твора, а таксама суседнічалі рэгістрацыя канкрэтных фактаў і іх эмацыянальна-вобразнае апісанне. Летапісы былі пераважна састаўныя і ўяўлялі сабой сукупнасць гістарычных запісаў, зробленых у храналагічнай паслядоўнасці ў розны час рознымі аўтарамі і змешчаных пад адной вокладкай. У дакуменце часта адсутнічалі звесткі пра асобу аўтара, бо летапісцы былі выразнікамі ідэй свайго сацыяльнага асяроддзя, інтарэсаў горада, дзяржавы, а часам і таго княжацкага двара, пры якім яны працавалі. Галоўныя героі такіх тэкстаў, як правіла, князі, што ўзначальвалі абарону зямель ад нападаў звонку або вадзілі дружыны супраць непакорлівых суседзяў («Аповесць мінулых гадоў», «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх»).

Са старонак летапісаў паўстаюць яркія постаці, якія пакінулі значны след у гісторыі. Ключавыя персанажы тэкстаў гэтага часу — Рагвалод, Усяслаў Чарадзей, Міндоўг, Ягайла, Вітаўт. З’яўляліся ў пагадовых запісах і звесткі пра жанчын: князёўну Рагнеду, асветніцу Ефрасінню Полацкую, жонку князя Вітаўта Ганну.

*Кірыл Тураўскі

 1. Якую ролю адыгрываў Тураў у Сярэдневякоўі?
 2. Чаму за Кірылам Тураўскім замацавалася імя Залатавуст?

Кірыл Тураўскі (каля 1110 — пасля 1182)  

  

Адзінае летапіснае ўпамінанне свяціцеля Кірыла, епіскапа Тураўскага, датуецца 1169 годам.

Дакладных звестак пра жыццё і дзейнасць Кірыла Тураўскага захавалася мала. Да нас дайшло кароткае жыціе асветніка канца ХІІ стагоддзя, якое ўключае пахвалу Кірылу. З жыція вядома, што ён быў сынам заможных бацькоў і вылучаўся адукаванасцю (у тыя часы ў Тураве класічную грэчаскую адукацыю, якую меў асветнік, можна было атрымаць толькі пры княжацкім двары).

 «Блажэнны Кірыл нарадзіўся і ўзгадаваўся ў... горадзе Тураве. Быў ён сынам багатых бацькоў, але не любіў багацця і марнай славы гэтага свету, а любіў больш за ўсё вучэнне боскіх кніг», — запісаў невядомы аўтар у кароткім жыціі тураўскага епіскапа.

Сёння складана вызначыць дакладныя даты, звязаныя з жыццём свяціцеля, бо няма звестак ні пра колькасць пражытых ім гадоў, ні пра час смерці. Не занатавана нават імя, дадзенае Кірылу пры хрышчэнні. Вядома толькі пра яго дзесяцігадовае самотніцтва ў стаўпе-вежы — таму асветніка яшчэ называюць стоўпнікам. Адмежаваны ад свету і зямных турбот, малады манах Кірыл займаўся вывучэннем, тлумачэннем і каментаваннем Свяшчэннага Пісання. Падчас стоўпніцтва да Кірыла прыйшла шырокая літаратурная вядомасць. Яго творамі захапляліся, чыталі, перапісвалі іх і нават вучылі на памяць. Пасля самотніцтва ён як надзвычай аўтарытэтны багаслоў быў запрошаны на пасаду тураўскага епіскапа.

* Словы. Казанні. Павучанні

Пасля Кірыла Тураўскага захавалася вялікая, нават унікальная для аўтара XII стагоддзя пісьмовая спадчына, да якой даследчыкі адносяць каля 70 твораў (словы, прыпавесці, малітвы, каноны).

Канон 
узор, стандарт, твор мастацтва, які лічыцца афіцыйным, прызнаным.

Такая колькасць захаваных тэкстаў сведчыць пра надзвычайную папулярнасць асветніка. У спадчыне Кірыла Тураўскага даследчыкі размяжоўваюць помнікі, што дакладна належаць асветніку, і тыя, прыналежнасць якіх пяру красамоўцы толькі верагодная.

Найбольш вядомая і даследаваная частка мастацкай спадчыны — творы ўрачыстага красамоўства (іх яшчэ называюць аратарскай прозай), да якіх адносяць восем слоў, каля трыццаці казанняў і яшчэ каля дзясятка тэкстаў. Словы рыхтаваліся для прамаўлення пастырам пасля набажэнства або падчас рэлігійных свят. Яны часта мелі павучальны змест, таму іх яшчэ называюць павучаннямі. Тэматыка такіх твораў нярэдка пазначалася аўтарам у загалоўку: «Слова пра кніжнае шанаванне і пра навучанне», «Слова аб тым, каб не забывалі настаўнікаў сваіх», «Слова пра чалавека і пра нябесныя сілы».

Навукоўцы гавораць. «Творы Кірыла Тураўскага і сёння працягваюць здзіўляць сваёй вобразнасцю і пранікнёнасцю. <…> Самыя старажытныя [яго] рукапісы, якія ўдалося захаваць да нашых дзён, датуюцца ХІІІ стагоддзем. І варта заўважыць, што яны перапісваліся і распаўсюджваліся не толькі тады: зараз творы Кірыла Тураўскага працягваюць перавыдавацца» (Сяргей Гаранін).

У кожным творы Кірыл Тураўскі выяўляў сімвалічны сэнс свята або падзеі, тлумачыў змест свяшчэнных тэкстаў, але рабіў гэта арыгінальна. Напрыклад, змест «Слова ў першую нядзелю пасля Пасхі» біблейскі, але пісьменнік увёў у яго ўласныя аўтарскія аналогіі: абуджэнне прыроды вясной параўнаў з аднаўленнем чалавека праз веру, працу пчол — з працай чалавека па самаўдасканаленні.

Уклад у развіццё літаратуры

1. Кірыл Тураўскі перанёс на нацыянальную літаратурна-культурную глебу хрысціянскую тэматыку, акрэсленую ў біблейскіх тэкстах і творах айцоў царквы.
2. Асветнік адным з першых у беларускай філасофскай традыцыі сфармуляваў значнасць кніжных ведаў, гуманітарнай навукі і пазнання.

Асветнік прапаноўваў прынцыпы ўладкавання справядлівага грамадства і мадэль паводзін чалавека, заснаваную на штодзённай духоўнай працы, здзяйсненні добрых спраў. У такіх тэкстах агульначалавечае дамінавала над канфесійным, нябеснае было знітавана з зямным — патрэбамі і жаданнямі, перажываннямі і страхамі, сумненнямі чалавека.

Амаль у кожным творы аўтар гаварыў пра ўзорныя паводзіны, крытыкаваў заганы. Напрыклад, у «Слове пра чалавека і пра нябесныя сілы» асветнік разважаў пра місію чалавека і бачыў яе ў нястомнай духоўнай працы, здзяйсненні вартых павагі ўчынкаў. «Слова аб прамудрасці» накіравана на маральнае выхаванне асобы: тут пералічваецца больш за тры дзясяткі ўчынкаў, якіх чалавеку належыць пазбягаць (паклёп, абраза, асуджэнне, сваркі, бойкі, злыя намеры, кража, чарадзейства і інш.). А ў «Слове аб тым, каб не забывалі настаўнікаў сваіх» асветнік звяртаў увагу на выключную ролю людзей, якія дапамагаюць іншым стаць лепшымі, і падкрэсліваў, што ўдзячныя вучні трымаюць імёны настаўнікаў у сэрцы, душы і розуме.

* Майстэрства слова

Кірыл Тураўскі — сапраўдны майстар аратарскай прозы. Сэнсавая глыбіня яго твораў забяспечвалася багаццем вобразна-выяўленчых сродкаў, насычанасцю сімволікі. Гэтым ён працягваў традыцыі філосафаў, айцоў царквы, што таксама імкнуліся да эстэтычнай выразнасці, і разам з тым праяўляў уласны літаратурны талент. Ёмістыя вобразы ён знаходзіў не толькі ў хроніках і гістарычных дакументах, але і ў навакольным свеце (сонца, месяц, вецер, рэкі, дрэвы, кветкі).

Творы Кірыла Тураўскага вылучаліся паэтычнасцю, унутранай гармоніяй і ледзьве не вершаванай рытмікай. Так, «Слова на Вялікдзень» — яркі прыклад вытанчанага стылю, якому ўласціва лексічная разнастайнасць, багатая вобразнасць, эмацыянальнасць і іншасказальнасць. Пісьменнік плённа выкарыстоўваў анафарычныя паўторы, параўнанні, рытарычныя фігуры. Але тое, што спачатку трактавалася даследчыкамі як аўтарская мастацкая аздоба тэксту, часцей за ўсё аказвалася традыцыйнай для таго часу фігурай маўлення, параўнаннем або метафарай.

Адпаведна, мастацка-вобразная сістэма твораў была традыцыйнай: ужываліся ўласцівыя даўняй літаратуры эпітэты («земля благоцветуща», «пустое житие», «святое упование»), параўнанні («яко пчела доброразумива»; «песньми, яко цветы, церковь венчаим»), метафары («буря напастей»; «крылья богоразумия»). Актыўна выкарыстоўваўся паралелізм, калі ў дзвюх структурна падобных частках фразы раскрывалася адна думка.

Справа ў тым, што ў даўняй літаратуры лепшым лічыўся тэкст, дзе было прыведзена больш цытат з кананічных твораў, аўтарытэтных багаслоўскіх прац, а не ўвасоблены арыгінальны аўтарскі погляд. Кірыла Тураўскі і сам не раз сціпла ўказваў, што ён не пісьменнік, а толькі праваднік хрысціянскай ісціны.

Даследчык Аляксей Мельнікаў у кнізе «Кірыл, епіскап Тураўскі» ў гэтай сувязі адзначаў: «Называючы сябе коласазборцам, а не жняцом (алюзія на кнігу «Руф»), Кірыл зусім не прымяншаў сваё значэнне як літаратара. Ён проста падкрэсліваў падобнымі выразамі, што ў яго мэту не ўваходзіць стварэнне арыгінальнага тэксту». 

 Існуе версія, што Кірыл Тураўскі мог быць аўтарам вядомага помніка ўсходнеславянскага гераічнага эпасу «Слова пра паход Ігараў».

 Талент Кірыла Тураўскага выявіўся ва ўменні адначасова вобразна і лагічна, у адпаведнасці з ідэяй, асэнсаваць і скласці ў адзін тэкст ужо вядомыя цытаты, афарызмы, запазычанні, знайсці найлепшыя слоўныя ілюстрацыі да тэзісаў выступлення. Гэта ўнутраная знітаванасць усіх элементаў твора, празрыстасць галоўнай думкі, багатыя веды аўтара рабілі яго казанні, словы, павучанні, малітвы эстэтычна завершанымі, унікальнымі паводле сілы ўздзеяння на чытача (слухача).

  У Сярэдневякоўі выступленне павінна было выклікаць у слухачоў захапленне гармоніяй боскага свету, а не асобай аўтара або яго талентам.

У тэкстах Кірыла Тураўскага агульначалавечае дамінавала над вузкарэлігійным, і абсягі асэнсавання свету выходзілі далёка за межы прапаведніцтва. Ідэйна-філасофскія пошукі тураўскага Залатавуста адбываліся ў межах такіх катэгорый, як розум, навука, веды, космас, гармонія, жыццё, смерць, неўміручасць, свабода, душа, дабро, грэх, ачышчэнне, пакаянне.

Творы Кірыла Тураўскага перажылі яго на стагоддзі і сёння дзівяць яснасцю думкі, прадуманасцю вобразаў і глыбокім сэнсам.

 Літаратурныя сувязі. Творы старабеларускай літаратуры служаць крыніцай тэм, сюжэтаў, вобразаў для пісьменнікаў, мастакоў, музыкантаў. У сваёй творчасці да іх звярталіся Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч, Леанід Дайнека, Кастусь Тарасаў, Уладзімір Бутрамееў, Людміла Рублеўская і іншыя беларускія аўтары.

* Пытанні

1. Растлумачце паняцце «кірылічная пісьменнасць». Што вам вядома пра яе заснавальнікаў?
1–1. Запішыце свае імя і прозвішча кірыліцай і глаголіцай. Якая азбука больш дакладна перадае іх гучанне? 
2. Чаму літаратура Сярэдневякоўя мела рэлігійны характар? Як гэта звязана з распаўсюджваннем хрысціянства?
2–1. Паразважайце, чаму ў літаратуры Сярэдневякоўя колькасна пераважаюць перакладныя царкоўна-рэлігійныя творы. 
3. Дзе і якім чынам адбывалася тыражаванне тэкстаў тагачаснай кніжнасці?
4. Чым выклікана ўзнікненне такога жанру, як летапіс?

4–1. Вызначце, якія звесткі ў прыведзеным урыўку з «Фізіялога» адпавядаюць рэчаіснасці: «Пра змяю. Калі змяя ідзе піць ваду, яна пакідае яд у сваім гняздзе. Каб не атруціць тых, хто п’е пасля яе. А ты, чалавеча, калі ідзеш у святую царкву, пакінь усялякую злосць дома». Як у ім праяўляецца паралелізм? Чаму ў тэкстах прыродазнаўчага зместу Сярэдневякоўя маглі быць фактычныя недакладнасці? 

5. Уявіце, што вядомы інтэрнэт-рэсурс збірае меркаванні грамадства па наступным дыскусійным пытанні: «Які чалавек мог стаць героем твора ў старажытнасці?», і напішыце твіт-адказ на прапанаванае пытанне.
6. Што сёння вядома пра Кірыла Тураўскага? Чаму пра яго захавалася няшмат звестак?
7. Чаму да імя асветніка дадавалася Тураўскі? Імёны якіх іншых дзеячаў Сярэдневякоўя мелі тапанімічную частку? Чаму іх нельга лічыць прозвішчамі?
8. Творы якіх жанраў са спадчыны Кірыла Тураўскага дайшлі да нашых дзён? У чым заключаецца асветніцкая функцыя кожнага з іх?
9. Што агульнага можна заўважыць у жыцці і творчасці Ефрасінні Полацкай і Кірыла Тураўскага?
10. Якія думкі Кірыла Тураўскага можна назваць сучаснымі? Аргументуйце адказ.

11. Складзіце сінквейн1 на тэму «Кірыл Тураўскі».

Структура Прыклад Уласны сінквейн

тэма
2 прыметнікі
3 дзеясловы
4 словы (фраза,
сказ)
1 назоўнік

Паэзія Куляшова
Праўдзівая, моцная.
Цэліць, пранізвае, абнаўляе.
Расчытвае душу цэлага
пакалення.
Рэалізм

Кірыл Тураўскі
12. Паспрабуйце сябе ў якасці аратара. Па ўзоры твора Кірыла Тураўскагастварыце слова з нагоды свята (значнай падзеі, добрай адзнакі) або пахвалу свайму сябру (бацькам).
13. Адшукайце ў інтэрнэце або бібліятэцы творы, галоўнымі героямі якіх з’яўляюцца гістарычныя дзеячы Сярэдневякоўя. Чаму іх вобразы актыўна ўводзілі ў свае тэксты беларускія пісьменнікі?
Сінкве´йн — японская пяцірадковая вершаваная форма, якая ў нерыфмаваным выглядзе стала выкарыстоўвацца для навучання творчаму мысленню.