Літаратура эпохі Сярэдневякоўя (ХІ—ХV стагоддзі)

* Майстэрства слова

Кірыл Тураўскі — сапраўдны майстар аратарскай прозы. Сэнсавая глыбіня яго твораў забяспечвалася багаццем вобразна-выяўленчых сродкаў, насычанасцю сімволікі. Гэтым ён працягваў традыцыі філосафаў, айцоў царквы, што таксама імкнуліся да эстэтычнай выразнасці, і разам з тым праяўляў уласны літаратурны талент. Ёмістыя вобразы ён знаходзіў не толькі ў хроніках і гістарычных дакументах, але і ў навакольным свеце (сонца, месяц, вецер, рэкі, дрэвы, кветкі).

Творы Кірыла Тураўскага вылучаліся паэтычнасцю, унутранай гармоніяй і ледзьве не вершаванай рытмікай. Так, «Слова на Вялікдзень» — яркі прыклад вытанчанага стылю, якому ўласціва лексічная разнастайнасць, багатая вобразнасць, эмацыянальнасць і іншасказальнасць. Пісьменнік плённа выкарыстоўваў анафарычныя паўторы, параўнанні, рытарычныя фігуры. Але тое, што спачатку трактавалася даследчыкамі як аўтарская мастацкая аздоба тэксту, часцей за ўсё аказвалася традыцыйнай для таго часу фігурай маўлення, параўнаннем або метафарай.

Адпаведна, мастацка-вобразная сістэма твораў была традыцыйнай: ужываліся ўласцівыя даўняй літаратуры эпітэты («земля благоцветуща», «пустое житие», «святое упование»), параўнанні («яко пчела доброразумива»; «песньми, яко цветы, церковь венчаим»), метафары («буря напастей»; «крылья богоразумия»). Актыўна выкарыстоўваўся паралелізм, калі ў дзвюх структурна падобных частках фразы раскрывалася адна думка.

Справа ў тым, што ў даўняй літаратуры лепшым лічыўся тэкст, дзе было прыведзена больш цытат з кананічных твораў, аўтарытэтных багаслоўскіх прац, а не ўвасоблены арыгінальны аўтарскі погляд. Кірыла Тураўскі і сам не раз сціпла ўказваў, што ён не пісьменнік, а толькі праваднік хрысціянскай ісціны.

Даследчык Аляксей Мельнікаў у кнізе «Кірыл, епіскап Тураўскі» ў гэтай сувязі адзначаў: «Называючы сябе коласазборцам, а не жняцом (алюзія на кнігу «Руф»), Кірыл зусім не прымяншаў сваё значэнне як літаратара. Ён проста падкрэсліваў падобнымі выразамі, што ў яго мэту не ўваходзіць стварэнне арыгінальнага тэксту». 

 Існуе версія, што Кірыл Тураўскі мог быць аўтарам вядомага помніка ўсходнеславянскага гераічнага эпасу «Слова пра паход Ігараў».

 Талент Кірыла Тураўскага выявіўся ва ўменні адначасова вобразна і лагічна, у адпаведнасці з ідэяй, асэнсаваць і скласці ў адзін тэкст ужо вядомыя цытаты, афарызмы, запазычанні, знайсці найлепшыя слоўныя ілюстрацыі да тэзісаў выступлення. Гэта ўнутраная знітаванасць усіх элементаў твора, празрыстасць галоўнай думкі, багатыя веды аўтара рабілі яго казанні, словы, павучанні, малітвы эстэтычна завершанымі, унікальнымі паводле сілы ўздзеяння на чытача (слухача).

  У Сярэдневякоўі выступленне павінна было выклікаць у слухачоў захапленне гармоніяй боскага свету, а не асобай аўтара або яго талентам.

У тэкстах Кірыла Тураўскага агульначалавечае дамінавала над вузкарэлігійным, і абсягі асэнсавання свету выходзілі далёка за межы прапаведніцтва. Ідэйна-філасофскія пошукі тураўскага Залатавуста адбываліся ў межах такіх катэгорый, як розум, навука, веды, космас, гармонія, жыццё, смерць, неўміручасць, свабода, душа, дабро, грэх, ачышчэнне, пакаянне.

Творы Кірыла Тураўскага перажылі яго на стагоддзі і сёння дзівяць яснасцю думкі, прадуманасцю вобразаў і глыбокім сэнсам.

 Літаратурныя сувязі. Творы старабеларускай літаратуры служаць крыніцай тэм, сюжэтаў, вобразаў для пісьменнікаў, мастакоў, музыкантаў. У сваёй творчасці да іх звярталіся Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч, Леанід Дайнека, Кастусь Тарасаў, Уладзімір Бутрамееў, Людміла Рублеўская і іншыя беларускія аўтары.